Поделиться:
«Па сутнасці. Маладым вынаходнікам і рацыяналізатарам ёсць што прадставіць Беларусі!» Радыёблог Алены Швайко
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 17.11.2022
«Па сутнасці. Маладым вынаходнікам і рацыяналізатарам ёсць што прадставіць Беларусі!» Радыёблог Алены Швайко

Рэспубліканскі маладзёжны праект «100 ідэй для Беларусі» у чарговы раз стартаваў літаральна днямі. Адметна, што яго чакалі маладыя беларусы. І не толькі навуковая моладзь, але і студэнты, ды і школьнікі не засталіся па-за ўвагай. Па ліку гэта 12-ты сезон праекта. Умовы па ўдзеле ў праекце дэмакратычныя: падаём заяўку, ўзрост маладых людзей ад 14 да 31 года. Могуць быць і аўтарскія калектывы. Што да вучонай моладзі, то пажадана, каб былі дактары навук да 40 гадоў, кандыдаты навук, аспіранты, магістранты – да 35 гадоў. Дарэчы, падаць заяўку можна і на сайт праекта БРСМ.

Гэта напачатку такая афіцыйная інфармацыя. А зараз паразважаем, на якія тэмы і якія намінацыі чакаюцца ў новым сезоне. Асноўныя намінацыі: "Энергетыка (у тым ліку атамная) і энергаэфектыўнасць", "Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства", "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі", "Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя)", "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія", "Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі", "Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)", "Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый", "Грамадства і сацыяльная сфера", і спецыяльная намінацыя – "Лепшая бізнес-ідэя".

Падлічылі — аказалася 10 асноўных і паднамінацый яшчэ каля дзесяці. Тым, хто прымаў удзел ў такім праекце, варта падказаць, што гэты, 12-ты па ліку, адрозніваецца ад папярэдніх. І не толькі тым, што намінацый шмат, але і тым, што афіцыйны статус суарганізатара рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" атрымлівае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Конкурсны адбор пры падтрымцы Мінадукацыі апрабуюць і ўстановы вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, удзельнікам праекта прадастаўлена магчымасць дадаткова падаць заяўкі не толькі ў асноўныя намінацыі, але і па сумяшчальніцтве ў спецыяльную – "Лепшая бізнес-ідэя". Інакш кажучы, фактычна прэтэндэнты атрымліваюць двайны шанц на перамогу. Пераможцы ж праекта змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў".

«БРСМ» плануе рэалізаваць праект ў чатыры туры. Першы тур інфармацыйны, пройдзе да 30 лістапада. Правядзенне другога тура запланавана да 30 снежня. Ён уключае ў сябе збор заявак, навучальныя стартапы, раённыя і занальныя адборачныя мерапрыемствы. Трэці тур з арганізацыяй абласных, Мінскай гарадской выставак-прэзентацый, а таксама выставак НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі пройдзе да 31 студзеня ўжо 2023 года. Вынікі праекта з вызначэннем пераможцаў традыцыйна падвядуць у чацвёртым туры, у лютым будучага года.

Якая мэта такога глабальнага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі»? У першую чаргу — гэта матывацыя і развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, выяўленне і ўкараненне ў рэальны сектар эканомікі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, якія ўяўляюць практычны інтарэс для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

У конкурса селетняга, аб’яўленага толькі-толькі, шмат навацый. Па-першае, ўступіў ў дзеянне Закон «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці» у новай рэдакцыі. Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім у кожным тэхнапарку маецца магчымасць фарміраваць і выкрыстоўваць інавацыйны фонд. Гэта будзе для студэнтаў і школьнікаў добрая матывацыя. Кожная інавацыйная ідэя можа стаць ідэяй малога альбо сярэдняга бізнесу і выкарыстана ў тэхнапарку. Іх па Беларусі толькі ў студэнцкім асяроддзі 17. Колькасць можа павялічыцца. А гэта добры трэнд на камерцыялізацыю і на самарэалізацыю ўдзельніка праекта, як бізнесмена.

Упершыню праект "100 ідэй для Беларусі" стартаваў у верасні 2011 года па ініцыятыве БРСМ. За гэты час ён стаў не толькі візітнай карткай маладзёжнай арганізацыі, але і брэндам маладой незалежнай Беларусі. І пачынаючы з 2011 года больш за 3 тысяч распрацовак ад удзельнікаў праекта было рэалізавана. Прычым многія распрацоўкі былі запатрабаваны па міжнародных адрасах. Гэта праекты, звязаныя з біятэхналогіямі, геннай інжынерыяй. У гэтай вобласці ў нас добрыя магчымасці. Цікавасць да такіх тэм была з боку Расіі і КНР. А вось шэраг праектаў, звязаных са штучным інтэлектам, нейрасеткамі атрымалі сур'ёзныя гранты на міжнародных форумах. Аднак, безумоўна – галоўнае, каб навуковыя адкрыцці, навуковыя работы ўдзельнікаў праекта «100 ідэй для Беларусі» заставаліся тут, на Радзіме, і прыносілі бонусы Беларусі. І тут патрэбна адзначыць, што рэспубліканскі праект быў маштабіраваны ў конкурс «100 ідэй для СНД». І адтуль нашы ўдзельнікі таксама вярталіся пераможцамі. Праўда, пакуль гэты праект яшчэ не запрацаваў ў чарговы раз, таму будзем чакаць вынікаў свайго, нацыянальнага.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: