Поделиться:
«Па сутнасці. Са святам, беларусы, з Дабравешчаннем!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 07.04.2021
«Па сутнасці. Са святам, беларусы, з Дабравешчаннем!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Красавік паціху ўступае ў свае правы другога вясенняга месяца. І сёння праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Дабравешчанне – адно з двунадзясятых праваслаўных святаў. Якраз гэты дзень павінен стаць камертонам прыходу вясны. Сапраўднай. Паколькі ў нашым жыцці цесна пераплялося свецкае і духоўнае, зараз прапаную некалькі цікавых фактаў пра свята.

У хрысціянстве Дабравешчанне – гэта добрая вестка, пасланая Богам Дзеве Марыі. Вестка, якую Марыі прынёс архангел Гаўрыіл, абвяшчала: ёй трэба будзе нарадзіць сына Божага – Збавіцеля чалавецтва (Месію). Марыя спачатку спалохалася прароцтва, але затым выказала пакорлівасць Божай волі, тым самым, з пункту гледжання тэалогіі, пачаўшы выкупаць грэх прамаці Евы. Дабравешчанне – важнае свята для ўсіх канфесій, яго адзначаюць спецыяльнымі цырымоніямі, службамі ў храмах, урачыстымі працэсіямі. Свята прыпадае на вясенняе новае раўнадзенства, якое па паданнях з’яўляецца Днём стварэння свету.

Па рускай традыцыі на Дабравешчанне пад забаронай была любая праца. Была нават прымаўка: «На Дабравешчанне птушка гнёздаў не ўе, дзеўка косы не пляце».

Такое духоўнае свята, прыход вясны, падказвае нам: час прывесці ў парадак свае жыллё, дачныя ўчасткі і свае пачуцці і думкі. З павагай паставіцца да суседа, дапамагчы яму, калі ёсць патрэба, разам можна і горы звярнуць.

Па краіне зараз ідзе рэспубліканская акцыя «Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера». Акцыя праходзіць з 2013 года, міжканфесійнай яна стала з 2016-га. І кожны год мяняе сваю канцэпцыю – гэта не толькі навядзенне парадку на крынічках і крыніцах, у памятных і знакавых месцах, на розных мемарыялах. Зараз пад пільнай увагай, у першую чаргу моладзі, валанцёраў – тэрыторыі цэркваў і храмаў.

Адзін з адрасоў акцыі я зараз узгадаю – Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці. У моладзі раёна ёсць магчымасць пазнаёміцца з дзіўнымі і прыгожымі месцамі, даведацца пра гісторыю краю або месца, пазнаёміцца з царкоўнымі традыцыямі і той духоўнай спадчынай, што засталася ад продкаў. Стартавала акцыя ў Дрыбіне, пазней да яе далучацца іншыя раёны. Абласны старт – у канцы месяца ў Горках. Там будуюць храм. Запланаваны работы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі святыні. Зрэшты, у кожным рэгіёне работы розныя: неабходна дапамагчы ў будаўніцтве або прыбіранні будаўнічага смецця, падфарбаваць лаўкі каля храмаў, дапамагчы святарам навесці парадак у цэрквах. Хтосьці адкрывае для сябе веру, іншы знаходзіць дарогу да храма. Яна ў кожная свая. І ўсё падпарадкавана адной мэце: захаваць унікальныя і прыгожыя месцы Беларусі, зрабіць генеральнае прыбіранне сваёй душы. Адметна, што і пажылыя, і маладыя ўдзельнічаюць ў такой акцыі. Так, беларусы павінны быць разам сёння і заўтра, у час смуты і радасці. Філасофскі покліч Года народнага адзінства яшчэ раз нагадвае нам: душу беларускую не раскалоць на часткі.

Са святам, беларусы, з Дабравешчаннем! Няхай добрая вестка асвятляе наш дом, назва якога – Беларусь!

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: