Поделиться:
«Паралелі. Дэмаграфічная зіма». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 25.10.2022
«Паралелі. Дэмаграфічная зіма». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага

У канцы года ў свеце з'явіцца васьмімільярдны чалавек. За 48 гадоў насельніцтва планеты падвоілася. Па прагнозах ААН, яно можа вырасці да 9,7 мільярда ў 2050 годзе. А пік у 10,4 мільярда будзе пройдзены ў 2080-х гадах. Дэмаграфічныя перспектывы Зямлі змяніліся. Калі ў XX стагоддзі аналітыкі заклікалі спыніць рост колькасці людзей дзеля выратавання планеты ад перанасялення, то зараз не ўсё так адназначна: у 93 краінах свету смяротнасць перавышае нараджальнасць.

Пажылыя людзі ва ўзросце 65 гадоў і старэй стануць узроставай групай, якая расце найбольш хутка. Да 2050 года іх будзе больш, чым зямлян ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў. У 1950 годзе сярэднестатыстычнаму жыхару планеты было 24 гады, а да 2021-га ён «пасталеў» да 31 года. Прагназуецца, што да канца XXI стагоддзя сярэдні ўзрост зямлян дасягне 42 гадоў. Чакаецца, што чалавецтва яшчэ больш пастарэе. Колькасць людзей, якія перасягнулі 80-гадовы рубеж, перавысіць колькасць нованароджаных. Галоўная прычына ў тым, што ўсё больш жанчын робяць выбар на карысць адукацыі і працы. Мець менш дзяцей – гэта ўласны іх выбар.

Амаль усе краіны да канца стагоддзя сутыкнуцца са зніжэннем колькасці насельніцтва. У 23 з іх пры захаванні цяперашніх тэндэнцый насельніцтва да 2100 года скароціцца напалову. Сярод іх Іспанія, Партугалія, Тайланд і Паўднёвая Карэя. Італію за той жа перыяд чакае яшчэ больш рэзкае скарачэнне: з 61 мільёна да 28. Насельніцтва Японіі ў 2017 годзе ўжо дасягнула гістарычнага максімуму ў 128 мільёнаў чалавек і пачало скарачацца. Згодна з прагнозам, да канца стагоддзя яно складзе менш за 53 мільёны. Дарэчы, колькасць дзяцей у Японіі скарачаецца ўжо 41 год запар.

У 2023 годзе адбудзецца вялікі зрух: Індыя абгоніць Кітай і стане самай густанаселенай краінай у свеце. Эксперты прадказваюць, што Кітай дасягне піка ў 1,4 мільярда чалавек да 2024 года, затым пачнецца зніжэнне, і да канца стагоддзя іх будзе 732 мільёны.

Нізкая нараджальнасць у спалучэнні з высокай сярэдняй працягласцю жыцця (а ў Кітаі яна ўжо складае 76 гадоў) азначае непазбежнае старэнне насельніцтва. А значыць, расце колькасць пенсіянераў. Гэта здаецца неверагодным, але ў бліжэйшыя гады Кітай можа сутыкнуцца з недахопам рабочых рук. Урад прадпрымае рашучыя меры, каб выправіць гэты трэнд. Згодна з рэкамендацыямі чыноўнікаў аховы здароўя, перапыніць цяжарнасць ў Кітаі можна будзе толькі па медыцынскіх паказаннях. Улады таксама абяцаюць пашырыць сацыяльную дапамогу для маці і зрабіць лячэнне бясплоддзя больш даступным.

Зараз у 183 краінах нараджальнасць знаходзіцца ніжэй за неабходны для ўзнаўлення ўзровень. Адзіным рэгіёнам свету, дзе насельніцтва не толькі не скароціцца, але патроіцца да канца стагоддзя, з'яўляецца Афрыка на поўдзень ад Сахары. Напрыклад, у Нігерыі, згодна з прагнозам, у 2100 годзе будзе жыць 791 мільён чалавек. Краіна абгоніць па гэтым паказчыку Кітай і выйдзе на другое месца ў свеце пасля Індыі. Былая сталіца краіны Лагас да канца стагоддзя можа стаць найбуйнейшым мегаполісам свету.

Насельніцтва Еўропы ў 2022 годзе складае 750 мільёнаў чалавек, што больш чым у два разы перавышае колькасць насельніцтва Злучаных Штатаў. Стагоддзе таму 30% жыхароў свету былі еўрапейцамі. Сёння гэта лічба складае менш за 10%. Пандэмія, эканамічны крызіс і песімізм выклікалі рэзкі спад нараджальнасці ва ўсім свеце. Але ў першую чаргу гэта датычыцца Еўропы. Кантынент перажывае «дэмаграфічную зіму», бо ўзровень нараджальнасці недастатковы для забеспячэння простай змены пакаленняў. Пачынаючы з 2012 года ў Еўрапейскім саюзе штогод колькасць смерцяў перавышае колькасць нараджэнняў. Праз пару дзесяцігоддзяў будзе менш людзей працаздольнага ўзросту, якія робяць адлічэнні ў пенсійныя фонды. Такім чынам, актуальная для Еўропы праблема старэння насельніцтва і недахопу сродкаў для забеспячэння і абслугоўвання пенсіянераў, набудзе яшчэ большую вастрыню.

Вучоныя заўважылі сувязь паміж працяглымі лакдаўнамі і скарачэннем колькасці нованароджаных. Гэта асабліва характэрна для краін, у якіх сістэмы аховы здароўя адчувалі максімальны ціск. Самае вялікае падзенне нараджальнасці назіралася ў Літве і Румыніі — на 28% і 23% адпаведна. Нараджальнасць у Польшчы рэзка падае. Вырасла пакаленне, якое з'явілася ў 1990-х гадах, і стварае меншыя сем'і, чым іх папярэднікі. Павышэння нараджальнасці ў апошнія гады не будзе і гэтага не варта чакаць як мінімум 20 гадоў.

Чакаюцца велізарныя сацыяльныя зрухі. Хто будзе плаціць падаткі, фінансаваць медыцынскае страхаванне ў масава пастарэлым свеце? Хто стане даглядаць пажылых? Ці змогуць людзі наогул выходзіць на пенсію? Калі дэмаграфічныя прадказанні правільныя хоць напалову, спатрэбіцца фундаментальнае пераасэнсаванне сусветнай палітыкі. Скарачэнне колькасці насельніцтва, верагодна, стане адным з галоўных пытанняў у многіх краінах.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: