У Вялікабрытаніі развіталіся з Мэцью Кінанам, футбольным трэнерам і перакананым праціўнікам вакцынацыі. Ён памёр ад COVID-19 у 34 гады. Незадоўга да смерці пашкадаваў, што не зрабіў прышчэпку, але было ўжо занадта позна.
У ЗША 34-гадовы блогер Стывен Харман, які заяўляў аб адмове ад вакцыны і нават смяяўся з яе, таксама памёр ад віруса. Ён змагаўся з хваробай месяц. Апошні свой твіт з просьбай маліцца за яго Харман апублікаваў 21 ліпеня, незадоўга да падключэння да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. А ўсяго шэсць тыдняў раней ён пісаў у Twitter: «У мяне 99 праблем, але вакцына — не адна з іх».
У ЗША ў ліпені значна вырасла колькасць новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Нягледзячы на тое, што больш за палову насельніцтва прайшлі поўную вакцынацыю. Сітуацыю ўжо назвалі «пандэміяй непрышчэпленых». Успышкі адбываюцца ў тых частках краіны, дзе нізкі ўзровень вакцынацыі. У дэпартаменце аховы здароўя штата Місісіпі прывялі такія даныя: узровень вакцынацыі тут самы нізкі ў ЗША, доля непрышчэпленых сярод хворых склала 94%, на іх таксама прыйшлося 87% шпіталізацый і 93% смерцяў. Усплёск захворвання таксама звязалі з больш заразным штамам «Дэльта».
Злучаныя Штаты пакуль не змаглі дабіцца пастаўленай мэты — вакцынацыі хаця б адной дозай 70% дарослага насельніцтва. Гэты паказчык дасягнуты толькі ў некалькіх штатах. Тэмпы замарудзіліся. Фактычна ўсе, хто хацеў, прышчэпку ўжо зрабілі. Засталіся тыя, хто адкладаюць, абыякавыя, баяцца, сумняваюцца, чакаюць матэрыяльнага заахвочвання альбо выступаюць супраць вакцынацыі. Галоўнай прычынай запаволення кампаніі ў Белым доме лічаць распаўсюджванне ілжывай інфармацыі аб вакцынах, а галоўнымі пляцоўкамі гэтага распаўсюджвання – сацыяльныя сеткі.
Паводле аднаго з апошніх апытанняў, сярод амерыканцаў, якія не збіраюцца прышчапляцца, 85% лічаць, што пагроза каранавіруса перабольшаная, 51% — што ўрад пад выглядам вакцынацыі праводзіць мікрачыпіраванне насельніцтва, 49% — што вакцынацыя цягне за сабой аўтызм. Аднак у цэлым такіх людзей усё ж не вельмі шмат. Цікава, што стаўленне да працэдуры вызначае і партыйная прыналежнасць. Сярод рэспубліканцаў не збіраюцца прышчапляцца 29%, а сярод дэмакратаў – толькі 4%.
Брытанскія ўрачы аднеслі да групы рызыкі непрышчэпленых ад каранавіруса людзей маладзей за 40 гадоў, якія раней не мелі асаблівых праблем са здароўем. Яны пераносяць гэту хваробу значна цяжэй, чым тыя, хто атрымаў адну ці абедзве дозы вакцыны. Большасць пацыентаў позна разумеюць, што яны прынялі няправільнае рашэнне, калі адмовіліся зрабіць прышчэпку.
У Італіі сярэдні ўзрост хворых знізіўся да 28 гадоў, заражаецца цяпер у асноўным моладзь. У іспанскай Каталоніі кожнаму трэцяму шпіталізаванаму няма і 40 гадоў, а ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі кожны пяты з каранавірусам — маладзейшы за 40.
У свеце ўсведамляюць гэту праблему, усё больш краін задумваецца аб вакцынацыі дзяцей. Так, Кітай адобрыў вакцыну Sinopharm для прымянення сярод дзяцей ад 3 гадоў. Яе даследаванні на дзецях і падлетках ад 3 да 17 гадоў паказалі ўзровень антыцелаў у 100%, а тытр быў такім жа высокім, як у дарослых.
Няпростая сітуацыя захоўваецца і ў Расіі. З канца чэрвеня тут рэгіструюць больш за 20 тысяч хворых штодзень. Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя паведаміў, што больш за 98% тых, хто паступае на шпіталізацыю, не зрабілі прышчэпку. Гэта сведчыць аб тым, што вакцынацыя працуе, абараняе і ратуе жыцці.
Але з самымі вялікімі праблемамі сутыкаюцца краіны, якія не маюць доступу да вакцын. У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што інтэнсіўнае распаўсюджванне інфекцыі ў краінах без вакцын павялічвае верагоднасць з’яўлення новых больш небяспечных варыянтаў віруса. Таму дзяржавы з вялікімі запасамі прэпаратаў павінны дзяліцца імі з іншымі. Шматразовыя заклікі максімальна эфектыўна выкарыстоўваць вакцыны павінны быць пачуты, лічаць у арганізацыі. У свеце распаўсюджана каля 3 мільярдаў доз, аднак праз механізм COVAX — глабальную сістэму па забеспячэнні даступнасці вакцын — прайшло толькі 90 мільёнаў. У адпаведнасці з умовамі праграмы краіны з высокім узроўнем даходаў аплачваюць набыццё вакцын для менш развітых дзяржаў. Згодна з планамі, да канца 2021 года павінны быць выраблены і раўнамерна размеркаваны па ўсім свеце 2 мільярды доз. Зараз гэтым механізмам карыстаюцца каля 60 дзяржаў, але ўзровень прышчэпленых там складае менш за 3%.
У Беларусі вакцына ад каронавіруса даступная ўсім. Нават замежнікам, якія да канца 2022 года могуць прыехаць у краіну без візы, калі захочуць зрабіць укол. Зараз прышчапляюць не толькі ў паліклініках, але і ў буйных гандлёвых цэнтрах. Патрабуецца толькі жаданне.