Поделиться:
«Паралелі. Перыяд дарагога паліва». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 26.01.2022
«Паралелі. Перыяд дарагога паліва». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

У Бельгіі перад Ражаством мясцовы правайдар электрычнасці і газу разаслаў электронныя пісьмы аб павышэнні цэн. Запакавалі іх прыгожа, у першай частцы распавялі аб зніжках на абавязковае абслугоўванне газавага катла і аб тым, што ў канцы года можна зэканоміць 5% на электрычнасці. А потым згадалі пра павышэнне рыначных цэн на энерганосьбіты, у сувязі з чым кампанія вымушана адаптаваць іх для канчатковых спажыўцоў. Некаторыя сем’і падлічылі: калі раней газ плюс электрычнасць маглі абыходзіцца ў 100–250 еўра ў месяц, то цяпер будзе 250–700.

Еўропа сутыкаецца з незвычайна высокімі цэнамі на энерганосьбіты. Рост пачаўся мінулай восенню. Калі ў жніўні тысяча кубаметраў газу каштавала 515 долараў, то ў верасні быў пераадолены псіхалагічны бар’ер у тысячу, у снежні зафіксаваны гістарычны максімум – 2200. Потым было кароткачасовае зніжэнне да 800, а 24 студзеня цана тысячы кубаметраў падскочыла амаль на 20% за дзень і перавысіла адзнаку 1100.

Аналітыкі лічаць, што цана на газ можа яшчэ больш вырасці з-за недахопу паліва ў Еўропе. З падземных сховішчаў адабрана больш за 70% газу, запампаванага летам. Запасы знаходзяцца на гістарычных мінімумах. Санкцыі супраць расійскага “Паўночнага патоку” могуць абмежаваць пастаўкі газу на нявызначаны перыяд. Такім чынам, цэны будуць біць рэкорды, а недахоп паліва можа працягнуцца да 2025 года. “Паўночны паток” – галоўны маршрут паставак газу з Расіі ў ЕС. Еўрапейская камісія па рынку газу апублікавала справаздачу, у якой удакладняецца, што ў структуры імпарту напрамую з Расіі ідзе 40% газу, праз Украіну – 27, праз Беларусь – 25.

У выйгрышы апынуліся тыя, хто заключыў доўгатэрміновыя кантракты, яны па-ранейшаму атрымліваюць тысячу кубаметраў газу па цане крыху вышэй за 200 долараў. Астатнія бяруць па новай цане – больш за 1000 долараў. Цана для Беларусі на расійскі прыродны газ на 2022 год захавалася на ўзроўні 128 з паловай долараў за тысячу кубаметраў.

Тым часам у Малдове доўгатэрміновы кантракт на пастаўку газу скончыўся 30 верасня мінулага года. Калі раней краіна закупляла паліва па 127 долараў за тысячу кубаметраў, то ў кастрычніку “Газпрам” пачаў пастаўкі па рыначнай цане – каля 800 долараў. Гэта ўдарыла па розных галінах. Нядаўна на пратэст выйшлі таксісты, незадаволеныя падаражаннем паліва. Вадзіцелі кажуць, што з-за рэкордна высокіх цэн не могуць утрымліваць сем’і. Напярэдадні ў краіне падаражэлі дызель, бензін і адразу на чвэрць метан.

Каб выйсці з энергетычнага крызісу, Еўропа вядзе перамовы з Катарам аб павелічэнні паставак. Часткова гэта здыме напружанасць, аднак замяніць Катар Расію не можа. Штогод апошняя адпраўляе ў Еўрапейскі Саюз каля 150 мільярдаў кубаметраў. Катар вырабляе ў паўтара разы менш і свае асноўныя аб’ёмы накіроўвае ў Азію. Пры гэтым Расія пастаўляе газ па трубах, а Катар прадае звадкаваны, які перавозіцца ў танкерах. У Еўропе няма патрэбнай колькасці тэрміналаў, каб прымаць звадкаваны газ. Акрамя таго, купляць трубаправодны газ танней.

У Еўракамісіі таксама лічаць, што зніжэнню цэн можа паспрыяць пераход на альтэрнатыўныя тэхналогіі. Праўда, практыка паказала, што “зялёная” энергетыка працуе далёка не заўсёды. Цана на драўняныя пелеты ў Германіі ў студзені павялічылася больш чым у 1,5 раза ў гадавым вылічэнні. Зараз яны каштуюць 367 еўра за тону. Украіна працягвае “тануць” у энергетычным крызісе. Дровы падаражэлі да гістарычнага максімуму. Кошт вырас на 600%. Такі рэзкі скачок спецыялісты звязваюць з анамальна высокім коштам прыроднага газу.

У Азіі наспявае чарговы энергетычны крызіс. Найбуйнейшы экспарцёр вугалю, Інданезія, да канца студзеня прыпыніла пастаўкі. Калі забарону падоўжаць або ўдараць моцныя маразы, сусветныя цэны на цвёрдае паліва дагоняць газавыя. У Інданэзіі існуе правіла, што вугальныя кампаніі адпраўляюць на ўнутраны рынак не менш за 25% здабычы. Аднак прадпрыемствы не выконвалі гэта патрабаванне. У выніку на электрастанцыях скараціліся запасы паліва. Таму і забаранілі экспарт да канца месяца. І каціроўкі адразу падскочылі: у Еўропе на 15% да 135 долараў за тону, у Азіі — да 197. Вугаль лічыцца састарэлым рэсурсам, развітыя краіны ўзялі курс на дэкарбанізацыю. Аднак энергетычны крызіс паказаў, што гэты від паліва рана спісваць з рахункаў.

Сітуацыя ў энергетыцы здольная выклікаць харчовы крызіс. Цэны на прадукты растуць ва ўсім свеце. Пры гэтым эксперты не выключаюць, што каціроўкі на паліва здольныя падняцца яшчэ вышэй: 100 долараў за барэль нафты Brent і 2500 долараў за тысячу кубаметраў газу.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: