Каляндар – не толькі рытм часу, але і захавальнік гістарычнай памяці. У ім адлюстроўваюцца асаблівасці культуры і нацыянальныя традыцыі.
Грыгарыянскі каляндар, які быў уведзены ў 1582 годзе, афіцыйна прызнаны ва ўсім свеце. Але ў некаторых краінах яшчэ не забылі юліянскі, які «адстае» на 13 дзён. У асноўным гэта тычыцца рэлігійных свят.
Мусульманскі каляндар таксама выкарыстоўваюць для вызначэння тэрмінаў некаторых рэлігійных свят. Суткі пачынаюцца ў момант заходу сонца, а не апоўначы, як у грыгарыянскім. Летазлічэнне вядзецца ад 16 ліпеня 622 года. Цяпер 1445 год.
Яўрэйскі каляндар мае асаблівае значэнне ў духоўным жыцці. З ім звязаны цыкл свят, расклад чытання Торы і некаторыя важныя даты. Па гэтым календары ідзе 5783 год.
У Тайландзе ў асноўным выкарыстоўваецца будысцкі каляндар, які на 543 гады наперадзе грыгарыянскага. Зараз там ідзе 2566 год.
Эфіопскі каляндар адстае ад грыгарыянскага на 8 гадоў. У ім 13 месяцаў – у 12-ці з іх па 30 дзён, у 13-м месяцы – усяго 5 або 6 (гэта залежыць ад высакоснага года).
Сістэма традыцыйнага японскага летазлічэння працягвае да гэтага часу шырока выкарыстоўвацца ў паўсядзённым жыцці. Мясцовы каляндар пачынаецца пасля абвяшчэння праўлення чарговага імператара, які дае дэвіз часу свайго кіравання ў выглядзе двух іерогліфаў. З 1 мая 2019 года імператарам стаў Нарухіта, што дало пачатак новаму летазлічэнню. Ён абраў іерогліфы, якія азначаюць поспех, мір і гармонію.
Па персідскім календары цяпер 1402 год. Ён з’яўляецца афіцыйным не толькі ў Іране, але і ў Афганістане. Тыдзень заўсёды пачынаецца ў суботу, а не ў панядзелак, як у нас. Першыя 5 месяцаў года складаюцца з 31 дня, наступныя 5 з 30 дзён, а апошні – з 29 дзён у звычайныя гады або 30 у высакосныя.
Маленькая краіна Сан-Марына – самая старая дзяржава Еўропы. На працягу 17 стагоддзяў сан-марынцам удавалася захаваць суверэнітэт, не падпарадкавацца ні Рымскай імперыі, ні Напалеону, перажыць абедзве сусветныя вайны, так і не ўвайсці ў склад суседняй Італіі. Гісторыя Рэспублікі Сан-Марына пачынаецца ў 301 годзе. Летазлічэнне тут вядзецца з дня заснавання дзяржавы. Такім чынам, па мясцовым календары цяпер 1722 год.
У Карэйскай Народна-Дэмакратычная Рэспубліцы, акрамя грыгарыянскага, ёсць свой каляндар. За пункт адліку бярэцца год нараджэння заснавальніка краіны Кім Ір Сена. Пры напісанні дат у КНДР указваюцца абодва летазлічэнні. Напрыклад, 2023 год адпавядае 112-му паўночнакарэйскаму.
Паўднёвая Карэя жыве па грыгарыянскім календары. Але ў гэтай краіне таксама ёсць асаблівасці. Яны датычацца вызначэння ўзросту чалавека. Карэйцы выкарыстоўваюць тэрміны «міжнародны ўзрост» і «карэйскі ўзрост». Ва ўсім свеце адлік гадоў вядзецца з моманту нараджэння. У Карэі ўсё нашмат складаней. Тут прынята лічыць, што як толькі дзіця з’явілася на свет, яму ўжо споўніўся год. Яшчэ адзін дадаецца 1 студзеня. Атрымліваецца, што малыш, які нарадзіўся 31 снежня, ужо на наступны дзень лічыцца двухгадовым. Некаторыя бацькі спрабавалі падмануць сістэму рэгістрацыі нараджэнняў, бо асцерагаліся, што іх дзеці, народжаныя ў снежні, апынуцца ў нявыгадным становішчы ў школе і ў далейшым жыцці.
Акрамя карэйскай узроставай сістэмы, у краіне таксама ёсць яшчэ адзін заблытаны метад, які выкарыстоўваецца для вызначэння ўзросту, калі дазволена ўжываць алкаголь. Ён адлічвае ўзрост ад нуля пры нараджэнні, а 1 студзеня дадаецца год. Прывядзём прыклад: чалавеку па міжнародным стандарце 29 гадоў, па сістэме разліку ўзросту ўжывання алкаголю – 30, а па метадзе «карэйскага ўзросту» – 31.
Верагодна, мясцовыя традыцыі хутка сыдуць у мінулае. Нацыянальны сход прыняў законапраект, які дазволіць ужо ў гэтым годзе перайсці на сусветны стандарт вызначэння ўзросту, каб, нарэшце, пазбавіцца ад пастаяннай блытаніны і непатрэбных выдаткаў. Некаторыя паўднёвакарэйцы былі ў захапленні ад гэтай навіны. «Я буду на два гады маладзешы, я такі шчаслівы, – напісаў адзін з іх у Twitter. Нарэшце мне вернуць мой сапраўдны ўзрост!»
У сацыяльным кантэксце для паўднёвакарэйцаў высветліць, хто старэйшы, важней, чым даведацца чыёсьці імя. Гэта неабходна, каб правільна звяртацца да чалавека. У мясцовай культуры і звычаях глыбока ўкараніліся павага і шанаванне сямейных каштоўнасцей і старэйшых па ўзросце, пасадзе або сацыяльным статусе, уключаючы бацькоў, настаўнікаў, братоў і сясцёр, пажылых людзей. Напрыклад, нельга прыступаць да ежы, пакуль самы старэйшы чалавек за сталом не пачне есці.
Традыцыі немагчыма змяніць хутка, нават калі прыняты новы закон. Таму малаверагодна, што ў бліжэйшы час жыхары Паўднёвай Карэі канчаткова пяройдуць на міжнародны стандарт і перастануць выкарыстоўваць свой «карэйскі ўзрост».