Поделиться:
«Паралелі. У школу па новых правілах». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 07.09.2022
«Паралелі. У школу па новых правілах». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага

Больш за мільён школьнікаў прыступілі да заняткаў 1 верасня ў нашай краіне. Пачатак навучальнага года супаў з датай уступлення ў сілу новых норм Кодэкса аб адукацыі. Цяпер агульная сярэдняя адукацыя афіцыйна стала абавязковай для кожнага, а дашкольную можна атрымліваць дома. У Кодэксе замацавалі паняцце дыстанцыйнай формы навучання, у якой за апошнія гады набыты велізарны вопыт. Асабліва такая форма будзе больш запатрабавана ў сістэме павышэння кваліфікацыі.

Змены закранулі і назвы навучальных устаноў. Узнікла сітуацыя, калі арганізацыі, якія называюць сябе дзіцячым садам, школай, акадэміяй, кансерваторыяй, такімі не з’яўляюцца і не аказваюць указаныя паслугі. Каб не ўводзіць у зман, у абноўлены кодэкс унесена норма, якая забараняе выкарыстоўваць у назвах юрыдычных асоб, якія не з'яўляюцца ўстановамі адукацыі, назвы "дзіцячы сад", "школа", "гімназія", "ліцэй", "вучылішча", "каледж", "універсітэт", "інстытут" або "акадэмія". Гэта значыць, арганізацыю, у якой праходзяць курсы, нельга называць школай або акадэміяй.

У абноўленым Кодэксе аб адукацыі сур’ёзных змен з пункту гледжання ўзросту, пры якім дзіця могуць узяць у першы клас, не адбылося. Зараз па рашэнні педагагічнага савета і пры наяўнасці медыцынскай даведкі школа можа ўзяць нават пяцігадовае дзіця, але да 31 снежня яму павінна споўніцца шэсць. Дзіця павінна быць гатова і фізічна, і псіхалагічна для таго, каб прыйсці ў першы клас. Міністр адукацыі Беларусі лічыць, што раней за шэсць гадоў прыходзіць у першы клас не варта, а лепшы і аптымальны ўзрост для гэтага – сем поўных гадоў.

Работа па ўвядзенні дзелавога стылю, формы адзення вучняў у школах вядзецца больш за дзесяць гадоў. Многія навучальныя ўстановы даўно ўвялі адзіныя элементы школьнай формы. Цяпер гэты вопыт будзе пашыраны на ўсе школы. Адзіны элемент у адзенні павінен выхоўваць гонар за сваю ўстанову адукацыі, каб у калектыве нават самыя маленькія адчувалі сябе адзінай камандай. У далейшым адбудзецца пераход на школьную вопратку, якая будзе вызначана для кожнай навучальнай установы асобна, уключаючы каляровую гаму.

Працягласць навучальнага года павялічана. Цяпер ён доўжыцца з 1 верасня па 31 жніўня, а не да 31 мая. Але даўжэй вучыцца не прыйдзецца. Неабходнасць такой папраўкі выклікана тым, што падчас летніх канікул у школах таксама ідзе адукацыйны працэс: працуюць летнія лагеры, праводзяцца мерапрыемствы.

Ужо 7 верасня, а іспанцы яшчэ не павялі дзяцей у школу? І гэта праўда. У Іспаніі лета доўжыцца да 21 верасня. Таму настаўнікі толькі вяртаюцца з адпачынкаў, а ў школах яшчэ расстаўляюць парты. І вельмі здзіўляюцца, што ў іншых краінах канікулы ўжо скончыліся. На Пірынейскім паўвостраве ў кожным рэгіёне свой школьны каляндар, свае тэрміны канікулаў і пачатку вучобы.

У Італіі графік заняткаў таксама залежыць ад рэгіёна. 5 верасня вярнуліся ў класы школьнікі ў самай паўночнай аўтаномнай правінцыі Бальцана. У большасці абласцей вучні пачуюць першы званок толькі 12 верасня. А на Сіцыліі летнія канікулы будуць працягвацца да 19 верасня. Пасля двух гадоў абмежаванняў жорсткіх мер па барацьбе з каранавірусам у школах больш не будзе. Вучні ў Італіі, нарэшце, змогуць заставацца ў класе без масак і не выконваць правілы дыстанцыравання. Забаронены доступ у школу толькі тым, хто здаў станоўчы тэст на Covid-19 або ў каго паднялася тэмпература.

У італьянскай школе ўсё па-іншаму. Падручнікі не выдаюць, іх трэба заказваць у супермаркеце. Першы дзень у школе – не свята нават для першаклашак. Кветкі не носяць, фатаграфіі дзяцей у сацыяльных сетках ўсёй краінай не размяшчаюць. Гэта самы звычайны дзень, да якога не трэба рыхтавацца неяк асабліва. Магчыма, гэтаму ёсць тлумачэнне. Школьная дарога ў Італіі занадта доўгая. Тут вучацца 13 гадоў. Акрамя таго, мінімум двойчы трэба абавязкова мяняць школу. Напрыклад, пасля пяці класаў пачатковай школы, у 11 гадоў, дзеці пераходзяць у сярэднюю. І гэта ўжо школа з іншымі настаўнікамі і аднакласнікамі. Там лічаць, што такая сістэма вучыць дзяцей прыстасоўвацца да новых абставін жыцця і не баяцца перамен.

Дэбаты аб школьнай форме пастаянна вядуцца ў розных краінах. У ЗША абаронцы абавязковага нашэння формы лічаць, што яна дысцыплінуе, выклікае павагу, настройвае на навучальны працэс, ураўнаважвае сацыяльную няроўнасць. Напрыклад, у штаце Філадэльфія усе школьнікі ходзяць у форме. Гэта не адзіная форма адзення для ўсяго штата, у кожнай навучальнай установе распрацаваны свой фасон і стыль. У яго выбары прымалі ўдзел бацькі і самі вучні, уносілі прапановы, выбіралі матэрыял і фасон адзення. На кожнай форме маецца лагатып канкрэтнай школьнай установы. Згодна з апытаннямі, большасці падлеткаў падабацца строгі выгляд адзення і яны з гонарам носяць форму сваёй школы. Там, дзе форма стала абавязковым атрыбутам, прыкметна павысілася дысцыпліна, паспяховасць. Дарэчы, у Амерыцы ўводзяць дрэс-код на адзенне настаўнікаў. Правільна падабраны, строгі, дзелавы гардэроб педагога павінен выклікаць павагу і падымаць аўтарытэт настаўніка. Гэта дапамагае валодаць сітуацыяй у класе, кантраляваць і падтрымліваць дысцыпліну.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: