Вайна… Якое страшнае слова! Усяго 5 літар, а колькі чалавечага гора змяшчаецца ў іх! Выбухі, пажары, грукат кулямётных чэргаў, гул самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў, людскія смерці...
У гады Вялікай Айчыннай вайны радыё было неад’емнай часткай жыцця людзей. Яно валодала велізарнай маральнай сілай падтрымкі. У радыёперадачах актыўны ўдзел прымалі дзеячы літаратуры і мастацтва Беларусі – Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка. Яны прысвяцілі свайму народу больш за 70 выступленняў. Успамінамі дзеліцца дыктар беларускага радыё Уладзімір Юрэвіч.
Дарэчы, вершам Купалы «Беларускім партызанам» пачыналіся ўсе перадачы радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». Напiсаны ён быў 19 верасня 1941 года ў Падмаскоўi, у Чарнарэцкiм ляснiцтве, дзе гнаны вайною Купала ў канцы жнiўня знайшоў прытулак. Верш фактычна стаў партызанскiм гiмнам, друкаваўся ў лiстоўках і падпольных газетах.
Як узгадваў дыктар беларускага радыё Уладзімір Юрэвіч, паэтычнае слова Янкі Купалы амаль кожны дзень гучала ў эфіры радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». І нават у свой апошні дзень жыцця пясняр павінен быў выступаць на радыё.
Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя абставіны, беларуская літаратура ў часы Вялікай Айчыннай вайны ўсё-такі развівалася. Паэзія ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны заканамерна займала першае месца. За чатыры гады ваеннага ліхалецця беларускія паэты напісалі шмат твораў, сярод якіх ёсць і сапраўдныя шэдэўры. І, канечне ж, амаль усе яны гучалі на хвалі радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». У адным з інтэрв’ю, запісаных у 1943 для Беларускага радыё, Максім Танк адзначаў: «Падчас вайны публіцыстыка стала нашым папулярным жанрам. Слова гучыць больш востра і становіцца зброяй нашай барацьбы».
У пару выпрабаванняў абвастрылася любоў да Радзімы. Мабыць, у гісторыі нашай літаратуры не было перыяду, які пакінуў бы па сабе столькі непасрэдных зваротаў да Беларусі, столькі замілаваных вобразных выказванняў пра родны край. Любоў да Радзімы выяўлялася не толькі праз заклікі да барацьбы з ворагам, адлюстраванне родных краявідаў, але і ў напамінку, што самым каштоўным нацыянальным скарбам з’яўляецца мова.
Матэрыял падрыхтавала Святлана Колмак. Нагадаю, нашы спецыяльныя праекты на розныя актуальныя тэмы ў эфіры штодня ў 15:30. Таксама нас можна слухаць у інтэрнэце на сайце радыё.бел.