Поделиться:
Роздум. Адна Радзіма». Радыёблог з Навумам Гальпяровічам (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 08.04.2021
Роздум. Адна Радзіма». Радыёблог з Навумам Гальпяровічам (аўдыё)

Карацінцы – адзін з малалікіх народаў Дагестана. Жывуць яны ў цяснінах цэнтральнай часткі рэспублікі. Агульная колькасць каля сямі тысяч чалавек. Гавораць на карацінскай мове нахска-дагестанскай сям'і моў. Першыя матэрыялы пра карацінскую мову паявіліся ў 1895 годзе ў працы даследчыка расійскага этнографа Радрыга Эркерта «Мовы каўказскага кораня».

Чаму я пачаў гаворку пра гэтую рэдкую мову? А таму, што на ёй сёння можна прачытаць вершы беларускіх паэтаў у перакладзе беларускага і дагестанскага паэта Хізры Асадулаева.

– Як гэта, беларускага і дагестнскага? – запытаецеся вы. Рэч у тым, што мінчанін Хізры Асадулаеў – аўтар паэтычных зборнікаў і перакладчык беларускіх літаратурных твораў на родную карацінскую мову – жывучы тут, у нашай сталіцы, стаў практычна пачынальнікам сучаснай карацінскай літаратуры. Беларусь сустрэла яго як скульптара і мастака. Сёння яго жывапісныя працы знаходзяцца ў многіх музеях свету і прыватных калекцыях, а скульптуры ўпрыгожваюць беларускія гарады.

Памятаю, як я пазнаёміўся з Хізры больш за дзесяць год таму. Гэта было ў Гродна на фестывалі нацыянальных культур. Мяне яшчэ тады ўразіла жаданне сына аднаго з малалікіх народаў Дагестана: захоўваючы сваю мову і культуру, імкнуцца размаўляць па-беларуску, цікавіцца беларускай культурай.

І вось Хізры надаў сваёй мове літаратурнае гучанне, не толькі стварыўшы на ёй уласныя творы, а перастварыўшы па-карацінску беларускія вершы нашых класікаў і сучаснікаў.

Як распавядаў Асадулаеў, з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным яго пазнаёміў Расул Гамзатаў. Тады і выйшаў яго першы паэтычны зборнік на беларускай і карацінскай мове, дзе пераклады зрабіў гэты слынны майстра.

Значна раней, чым Хазры Асадулаеў, звязаў свой лёс з Беларуссю паэт Ганад Чарказян. Курд, ён нарадзіўся ў Арменіі, першыя вершы пачаў пісаць на армянскай мове. Затым перайшоў на родную курдскую.

У Беларусі праходзіў службу ў Савецкай Арміі, застаўся, змяніўшы салдацкі шынель на цывільную вопратку, у Мінску, абзавёўся сям'ёй, знайшоў працу, паступіў на вучобу.

Аднойчы лёс яго звёў з народным паэтам Беларусі Петрусём Броўкам. Той, даведаўшыся, што Ганад піша вершы, паспрыяў яго першай публікацыі ў часопісе “Нёман”.

З таго часу Чарказян трывала ўвайшоў у беларускую літаратуру. На беларускай і рускай мове ў Мінску выйшлі дзясяткі кніг яго вершаў, апавяданняў, аповесцей і раманаў. Сярод яго сяброў-перакладчыкаў – беларускія творцы Рыгор Барадулін, Уладзімір Марук, Казімір Камейша і іншыя.

Ганад актыўна працуе ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, часта ўдзельнічае ў розных імпрэзах, яго даўно ўсе лічаць беларускім пісьменнікам, сапраўдным патрыётам сваёй другой радзімы.

Так, Беларусь стала для Хізры Асадулаева і Ганада Чарказяна сапраўднай Радзімай. І захоўваючы сваю нацыянальную культуру, яны ўзбагацілі і нашу, беларускую. Бо краіна наша стала для іх жаданай сям'ёй, і яны сёння таксама частка беларускага народа, народа, які праз сваю шматпакутную гісторыю ніколі не станавіўся чужым для людзей іншых нацыянальнасцаў, іншых вераванняў, для тых, хто пасяліўся тут і абраў нашу зямлю сваім домам.

І гэта аснова нашага нацыянальнага адзінства, бо, як я пісаў некалі ў адным са сваіх вершаў, «Нас многа ў Радзімы, яна ў нас адна!»

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: