Поделиться:
«Роздум. Докшыцкія сустрэчы». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 23.05.2023
«Роздум. Докшыцкія сустрэчы». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Хлопец са скрыпкай і дзве дзяўчыны ў святочных строях. Натоўпы святочна апранутых людзей, дзяўчаты з вянкамі, якія водзяць карагод, аднапавярховая забудова і царква на фоне… Гэта ўсім вядомая карціна «Свята ў Докшыцах» мастака Віктара Маркаўца, ураджэнца гэтых мясцін.

Я нагадаў яе, калі мы па запрашэнні мясцовых аматараў літаратуры і радыё прыехалі на сустрэчу, якая адбылася ў зале мясцовай музычнай школы.

– Для нас ваш прыезд – сапраўднае свята, – сказала пры сустрэчы адна з арганізатараў, – не так часта, на жаль, наведваюць нас сталічныя госці.

Сапраўды, зала, якая была запоўнена да адказу, вельмі добразычліва і ўважліва рэагавала на кожнае слова. Людзей цікавіла, як рыхтуюцца іх любімыя праграмы на радыё і тэлебачанні, навіны літаратурнага жыцця, а пачуўшы апавяданне, у аснове якога ляжаў сапраўдны эпізод з часоў Вялікай Айчыннай вайны, калі простая вясковая дзяўчына выратавала хлопчыка з фашысцкага гета і перадала яго потым роднай маці, жанчыны выціралі слёзы, і пасля пачалі расказваць пра падобныя сітуацыі ў іх родных месцах.

Докшыцкая зямля зведала нямала гора і пакут у часы нямецкай акупацыі. На тэрыторыі раёна нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 171 населены пункт, амаль усе — разам з насельніцтвам, чатыры вёскі так і не змаглі адрадзіцца пасля вайны... Лёсы дзяцей, жанчын, пажылых людзей — усяго звыш 20 тысяч чалавек — абрубіла сякера ваеннай навалы...

Мы разам з гасціннымі гаспадарамі пабывалі на велічным мемарыяле памяці на месцы былой вёскі Шунеўка, усклалі кветкі да мемарыяльных пліт.

У маі-чэрвені 1943-га нямецкае камандаванне праводзіла на тэрыторыі раёна карную аперацыю «Котбус» з мэтай ліквідацыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны і знішчэння мірнага насельніцтва. Адной з прычын генацыду супраць мясцовых людзей была і актыўная дыверсійная барацьба партызанскай брыгады «Жалязняк», якая дзейнічала на тэрыторыі Бягомльскага раёна (цяпер — Докшыцкага).

22 мая немцы ўвайшлі ў вёску, дарослых сагналі ў хлеў, які падпалілі. Дзяцей жывымі кідалі ў калодзеж і расстрэльвалі. Мясцовая настаўніца, якая ведала нямецкую мову, прасіла пашкадаваць немаўлят, але расстралялі і яе. Былі спаленыя 22 дамы.

У 1967 годзе па ініцыятыве мясцовых жыхароў на месцы спаленай вёскі быў адкрыты памятны знак, а ў 1983-м — мемарыяльны комплекс, цэнтральнае месца якога займае вобраз жанчыны-маці, якая ўскінула рукі да неба ў праёме брамы. На перакладзіне — тры званы, два з якіх рэгулярна абуджаюць чалавечую памяць: «Помніце!», яшчэ адзін расколаты — напамін аб кожным трэцім, хто не вярнуўся з вайны. Непадалёку — бетонны прататып таго самага калодзежа і бронзавы паветраны змей з імёнамі 15 юных жыхароў Шунеўкі. На месцы кожнай хаты — 22 мемарыяльныя знакі ў выглядзе зрубаў, якія ахопліваюць жалезныя языкі агню. На цэнтральнай мемарыяльнай пліце ўвекавечаны 97 населеных пунктаў, лёс якіх быў аднолькавы. Побач на чорным граніце выбіты імёны 66 чалавек.

Я ўзгадаў, як рабіў рэпартаж для радыё падчас адкрыцця мемарыяльнага комплекса, якая атмасфера смутку і памяці панавала сярод шматлікіх людзей, якія прысутнічалі там у гэты дзень.

І хоць прайшло ўжо з таго дня роўна сорак гадоў, тое пачуццё помніцца мне і цяпер, і не пакідала мяне ў нядаўні майскі дзень, калі мы стаялі ў журботнай цішыні каля памятных знакаў на мемарыяле.

– Сёння як ніколі патрэбны сустрэчы з людзьмі, асабліва з моладдзю, – казала падчас нашага выступлення старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Юр’еўна Рандарэвіч. – І кнігі, і перадачы, якія нясуць святло і праўду, дапамагаюць жыць і ствараць, любіць і шанаваць мінулае роднага краю.

Шчыра кажучы, і для нас паездка таксама стала сапраўдным святам. Мы ўбачылі і пазнаёміліся з цудоўнымі людзьмі, адчулі запатрабаванасць з іх боку ў нашай працы, добразычлівасць і спагаду.

А гэта галоўнае, што патрэбна сёння – адчуць сябе адзіным народам на адзіна любай нам роднай зямлі.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: