Кароткае паведамленне пра гэту прэзентацыю ў маім родным Полацку выклікала ў мяне шмат пачуццяў. Размова ідзе пра прэзентацыю другога выдання кнігі «Урочышча Пяскі – тэрыторыя смерці» мясцовага краязнаўцы, загадчыка музея баявой славы Полацкага гісторыка культурнага запаведніка Сяргея Капыла, якая адбылася ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.
Гэты ўрачыста адкрыты два гады назад мемарыяльны комплекс размешчаны ў месцы майго дзяцінства – на левым беразе рэчкі Палата ля Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Гэты жоўты пясочак ля вірлівай рачулкі шчодра паліты крывёй больш за сарака тысяч савецкіх людзей – ваеннапалонных і мірных жыхароў-палачан.
У дзяцінстве я пра гэта не ведаў. Мы часта бавілі вольны час, ныралі ў палатоўскую ваду, загаралі на цёплым пяску і не ведалі, якую жудасную славу мае гэтае маляўнічае месца.
Толькі ў 1965 годзе непадалёк, ля будынка ляснога тэхнікума, быў устаноўлены абеліск «У памяць замучаных у канцлагерах на тэрыторыі Спаскага гарадка звыш 33 тысяч мірных савецкіх грамадзян і ваеннапалонных».
Значна пазней, у сакавіку 1993 года мне, уласнаму карэспандэнту Беларускага радыё, давялося расказваць пра пошукавы атрад вучняў 2-й наваполацкай школы на чале з настаўніцай Аленай Трапезнікавай, які адшукаў месцы захавання ахвяр полацкага канцлагера.
Алена Анатольеўна расказвала тады, што шмат давялося прыкласці намаганняў, каб устанавіць межы захавання і высадзіць парк памяці з 200 маладзенькіх дрэў.
Мне давялося таксама некалькі гадоў таму па просьбе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Наталлі Васільеўны Гуйвік не раз у сваіх праграмах расказваць, як палачане збіралі грошы на ўзвядзенне мемарыялу.
Гэтая народная акцыя атрымала шырокі розгалас, знайшла водгук у сэрцах не толькі полацкіх жыхароў.
І вось чарговая прэзентацыя кнігі, якая выйшла ў Полацку ў мясцовым выдавецтве, якая ўмясціла ў сабе боль і памяць, якая стала напамінам пра той гераічны і трагічны час, стала вынікам карпатлівай работы аўтара і мясцовага выдавецкага калектыву.
Урочышча Пяскі – гэта знакавае для кожнага палачаніна месца, дзе пахаваны дзясяткі тысяч савецкіх людзей: ваеннапалонных, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, якія загінулі ад рук нямецкіх нацыстаў і іх пасобнікаў. На старонках выдання на вякі засталіся імёны многіх, каго лёс звязаў з гэтым месцам, а таксама імёны тых, хто ўносіў добраахвотныя ахвяраванні на будаўніцтва мемарыялу — паведамляецца ў анатацыі.
Сапраўды, на працягу першых чатырох гадоў вайны сюды звозілі закатаваных і памерлых вязняў полацкага транзітнага лагера «Дулаг-125», які называлі «полацкай Галгофай». Адбываліся ў гэтым месцы і масавыя катаванні вязняў гарадской турмы ў гады нямецкага рэжыму — партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян. Відавочцы расказвалі, што тут гінулі нават дзеці.
Доўгі час да канца не была вядомая колькасць ахвяр. Аказалася, іх значна больш, чым 33 тысячы, пра што было высечана на абеліске, устаноўленым у шасцідзесятыя гады.
Імёны і колькасць загінулых удакладнялася ў часы раскопак пошукавых атрадаў, з дакументаў, якія захаваліся з той пары.
У кнізе Сяргея Капыла прыводзяцца жахлівыя факты той страшнай трагедыі, успаміны ацалелых у той жудасны час. Людзей марылі голадам, збівалі, катавалі, расстрэльвалі партызан, падпольшчыкаў. Ахвяр было столькі многа, што не вялося ніякага дакладнага ўліку загінуўшых у канлагеры. Дзякуючы пошукам, тым ліку школьнікаў, студэнтаў удалося аднавіць многія раней невядомыя імёны.
Мемарыял, які ўрачыста адкрыўся ў 2020 годзе, стаў данінай памяці ў першую чаргу жыхароў Полацка, шматлікіх арганізацый горада, грамадскасці. Сёння сюды прыходзяць людзі, каб схіліць галовы і пакласці кветкі, тым, хто навечна палёг у гэтай полацкай зямлі ў гады ваеннай навалы, якую прынёс у наш край гітлераўскі фашызм.
І калі звіняць званы з цэркваў суседняга Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, у іх чуецца жалоба і памяць, звініць рэха тых падзей, пра якія нам нельга ніколі забываць.