Поделиться:
«Роздум. Калі словы – смецце». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 30.03.2023
«Роздум. Калі словы – смецце». Радыёблог Навума Гальпяровіча

«Сачы за базарам», – гэта фраза з блатной «фені» сёння вядома кожнаму. Неўпрыкмет падобныя слоўцы і выразы сталі ўжываць не толькі сідзельцы месцаў не такіх аддаленых, а і паважаныя прафесары, дактары навук, публіцысты і кіназоркі. Сучасны лексікон зававалі слоўцы “наезд”, “разборкі”, “раздухарыліся”, ”шмон”, “шухер” і г.д. Любы кваліфікаваны лінгвіст у імгненне вока растлумачыць, адкуль, з мовы якіх сацыяльных груп паходзіць падобная лексіка. Так размаўлялі адэскія біндзюжнікі, гарадская шпана, крымінальныя элементы.

Кажуць, што Леў Талстой любіў ужыць у побыце вострае слоўца, але пачытайце ўсё яго выбранае і знайдзіце нешта падобнае ў яго творах.

Уменне гаварыць прыгожа, насычаць сваю мову багаццем літаратурных выразаў, яркіх вобразаў лічылася прыкметай адукаванага чалавека. Таго, хто мог ужыць нават словы “портфель” ці “паложыць” за вочы ці ў вочы высмейвалі, як недавука ці пашляка.

І сёння настаўнікі мовы і літаратуры старанна вучаць на сваіх уроках дзяцей, як трэба правільна і прыгожа гаварыць.

Слухаюць некаторых дзеткі і пра сябе пасмейваюцца, бо на свае вушы чулі, як іх настаўнікі размаўлялі паміж сабой па-за сценамі школы.

Славутая серыя анекдотаў пра Вовачку папоўнілася показкамі пра такіх настаўнікаў. Чаго варты толькі анекдот, як дзве філалагіні разгадвалі ў красвордзе слова з пяці літар.

А што варты адказ студэнта на просьбу выкладчыка сфармуліраваць сутнасць рамана Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне” – як “адзін чэл хацеў бабак нарубіць”.

Не хочацца паўтарацца, але тое, пра што я гавару, на жаль, паўтараецца штодня.

Прыслухайцеся, як размаўляюць паміж сабой юныя прыгожыя дзяўчаты і хлопцы. На конкурсе мацершчыннікаў у якім-небудзь прыморскім прытоне ў свае часы яны маглі б прэтэндаваць на перамогу.

І амаль нікога не хвалюе, што побач могуць знаходзіцца дзеці, пажылыя прыстойныя людзі.

Што дзеці! Я сам аднойчы чуў, як у тралейбусе хлапчук гадоў шасці выдаваў такія перлы, што. як гаворыцца, “вушы вялі”. Побач сядзела мамаша і толькі ўсміхалася. Пасажыры таксама падхіхіквалі.

А калі пажылая дама зрабіла заўвагу, то мамаша ў адказ зашыпела:

– Не прыставайце да майго дзіцяці. Сваіх дома выхоўваеце!

“Знайшоў праблему”, – скажа мне ў адказ на мае словы нехта. У свеце неспакойна, больш важкіх тэм і праблем хапае.

Ды якім гэта ні здасца парадаксальным, многія нашы праблемы звязаны ў тым ліку з адступленнем ад прынятых норм прыстойнасці, ад ваяўнічага безкультур’я, ад адарванасці ад добрай літаратуры.

Моўнае смецце спрыяе смеццю ў душы, паняверцы, эгаізму. За ім могуць хавацца і больш сур’ёзныя праблемы, якія не могуць не трывожыць.

Смеццю месца ў сметніцы. Так і з брыдкаслоўем, з феней, арго ці як яшчэ называць тое, што мы часам чуем з вуснаў нашых суграмадзян...

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: