Гэтае слова разумеюць у свеце на любой мове. Ім называюць самага дарагога чалавека, ім абазначаюць сімвал прыгажосці, дабрыні, мудрасці. З даўніх часоў людзі шанавалі маці, атулялі яе павагай і клопатам.
Пісьменнік і лётчык Антуан Сент-Экзюперы ў адным са сваіх лістоў так звярнуўся да маці: «Вы лепшае, што ёсць у маім жыцці».
Для нас маці – гэта і родная мова, і першыя вымаўленыя словы. Нездарма наш класік Янка Купала напісаў: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці…»
А свой першы паэтычны зборнік Уладзімір Караткевіч назваў «Матчына душа».
Менавіта вобраз маці стаў асновай для свята, якое адзначаецца сёння па ўсёй краіне.
Паэты і пісьменнікі могуць і ўмеюць знайсці прачулыя словы для маці, але і людзі, што не вызначаюцца літаратурнымі здольнасцямі, выношваюць у душы самыя шчырыя, самыя светлыя думкі і памкненні да тых, хто ім даў жыццё, хто песціў і быў побач у самыя юныя гады сталення, хто застаўся дарагім і родным да самай глыбокай старасці.
Вочы маці і на абразах у храмах, і на карцінах у мастацкіх галерэях, і ў памяці кожнага. Напэўна, няма больш яркага і святога вобраза для кожнага з нас, чым вобраз матулі.
Паэт Юрась Свірка некалі прамовіў:
Ёсць матчына любоў,
Мама... І сёння, замружыўшы вочы, я бачу маміну чырвоную сукенку. Бачу яе вочы і ласкавую ўсмешку і ціхі пяшчотны голас.
Яна нарадзіла мяне ў полацкім раддоме насупраць Сафійскага сабора, і для мяне веліч полацкай Сафійкі заўсёды перагукваецца з успамінамі пра маю родную маму.
У адным са сваіх вершаў я пісаў:
Калі мы ўсе — адна радзіна
Маці і Радзіма. Нездарма для нас гэтыя словы вельмі блізкія, гэтыя пачуцці падобныя.
І святкуючы Дзень маці, мы думаем і пра Радзіму, бо яна ў нас, як і маці, адна.
І гэта не павінны быць толькі высокія словы ў святочны дзень. Нашы маці, як і наша Радзіма маюць патрэбу ў нашай штодзённай увазе і клопаце.
І ў дзіцячым садку, і ў школьным класе, і ў студэнцкай аўдыторыі, і ў заводскіх цэхах, і ў рабочых кабінетах.
І ў сем'ях, дзе любоў да маці і любоў да Радзімы з'яўляецца штодзённым побытам і патрэбай.
А сёння давайце мы падумаем пра нашых любых матуль, адорым іх нашымі ўсмешкамі і цёплымі словамі, парадуем іх нашымі поспехамі і здзяйсненнямі.
І пажадаем ім у наш няпросты час моцнага здароўяі ўдзячных слоў ад дачок, сыноў і ўнукаў.