Ад прадзедаў спакон вякоў
Хто не ведае гэтых славутых купалавых радкоў, якія і сёння не страцілі сваёй актуальнасці. Сто сорак гадоў таму ў невялікім фальварку Вязынка ў сям’і арандатараў нарадзіўся хлопчык Ясь, якому было суджана стаць гонарам свайго народа, народным паэтам Янкам Купалам.
Першыя вершы — сентыментальна-рамантычныя — былі напісаны па-польску. Але ў хуткім часе паэт усвядоміў, што толькі родная беларуская мова — тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб’ёме свае думкі і памкненні.
«Я беларус і адзінае маё прызначэнне — служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца», – так потым напіша ён у сваёй аўтабіяграфіі.
У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбургу ў беларускім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік Я.Купалы «Жалейка», дзе былі надрукаваны вершы 1905-1907 гг. і паэма «Адплата кахання».
У зборніку ўпершыню апублікаваны верш «А хто там ідзе?», які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі.
З нагоды выхаду зборніка беларускі публіцыст і літаратурны крытык Уладзімір Самойла пісаў пра яго аўтара: «Сонца жывой, сапраўднай паэзіі заглянула ў ваконца цёмнай, беднай, але вялікай хаты беларускага народа!»
У савецкай Беларусі Купала актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім і культурна-мастацкім жыцці, у тым ліку ў стварэнні Беларускага дзяржаўнага універсітэта, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў, уваходзіў у склад камісіі па стварэнні Інстытута беларускай культуры.
10 чэрвеня 1925 Савет Народных Камісараў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) прысвоіў Янку Купалу — першаму з беларускіх пісьменнікаў — ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
Сонца паэзіі Янкі Купалы і сёння асвятляе нас сваімі жыватворнымі праменнямі. І сімвалічна, што ў год гістарычнай памяці мы будзем святкаваць 140-годдзе Песняра.
Лёс Купалы – яркі прыклад высакароднага служэння сваёй Бацькаўшчыне, з якой ён быў і ў часы ліхалецця і часы станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Творчасць нашага песняра заслужыла сусветнае прызнанне — пра гэта сведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна атрымала ў многіх краінах свету. Творы беларускага паэта перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш «А хто там ідзе?» перакладзены на 82 мовы народаў свету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя — англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.
Як сцвярджаюць даследчыкі, творчасць Янкі Купалы — летапіс жыцця беларускага народа, адбітак нацыянальнага характару, нацыянальнага светаразумення і паэтычнага светаўспрымання.
А паэт Аляксей Пысін зазначыў: «Цяжка і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы. Ён наш буквар, энцыклапедыя, песня і сумленне».
На жаль, не абышлося ў наш няпросты час без спроб пэўнай пераацэнкі творчасці, ды і ўсёй асобы песняра ў мутным патоку інтэрнэта, але такія спробы ўсё ж былі адзінкавыя. Сіла купалавай паэзіі аднолькава моцна ўплывае на людзей розных пакаленняў, розных сацыяльных пластоў, а яго асобу немагчыма запляміць плёткамі і інсінуацыямі.
Вобразы мілыя роднага краю,
Вершы Купалы цытуюць людзі, многія з іх сталі папулярнымі песнямі. І гэта сведчыць пра тое, што шчырае прачулае слова выдатнага патрыёта нашай Радзімы патрэбна нам і сёння. І ці не пераклікаюцца з сённяшнім днём радкі з верша, з якога я пачаў сваю размову:
«Завецца ж спадчына мая