Поделиться:
«Роздум. Па закліку душы». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 27.09.2022
«Роздум. Па закліку душы». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Што значыць паэзія ў наш няпросты час? Ці будзіць яна светлыя пачуцці, ці сцвярджае высокія духоўныя ідэалы замілаванне родным краем?

Адказам на гэта прывяду шчырыя радкі трэцякласніка адной з мінскіх школ Сяргея Скубакова. Гаворачы пра свае мары, ён напісаў:

Каб край наш блакітны
ад нашых усмешак
Квінеў яшчэ болей
І быў самым лепшым.

А дзевяцікласніца Каця Лімонава ў другім вершы зазначыла:

Я знаю, якою цаною ўсё гэта далося,
Каб людзям у міры і ў шчасці жылося,
Каб сонца не згасла, не плакалі дзеці,
Каб толькі ўсмешкі гулялі па свеце.

Заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца ўрачыстае падвядзенне вынікаў рэспубліканскага творчага конкурсу “Мір у душы – мір у краіне” ў рамках праекта “Шчасце жыць у мірнай краіне”, арганізаванага Беларускім фондам міру сумесна з Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой. Конкурс арганізаваны ў трох намінацыях: “Вершы”, “Проза” і “Жывапіс”. У ім прынялі ўдзел каля 10 тысяч навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны.

Мне давялося быць членам журы гэтага конкурсу, прачытаць шмат вершаў і празаічных твораў, і магу сказаць, што дзеці шчыра і непасрэдна выказалі свае пачуцці, праявілі добрае валоданне словам, а самае галоўнае – іх творы прасякнуты любоўю да роднага краю і імкненнем да міру і шчасця.

Увогуле, заўтрашні дзень будзе багаты на паэтычныя сустрэчы. У сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адкрые новы сезон Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў. З чытачамі сустрэнуцца вядомыя айчынныя творцы, прагучаць вершы і песні на словы ўдзельнікаў сустрэчы.

А ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – музеі Максіма Багдановіча – адбудзецца цікавая вечарына, прысвечаная перакладам паэтаў Кітая на беларускую мову “Светлыя знакі: паэты Кітая”. Дзякуючы руплівай працы перакладчыкаў, выдавецкі дом “Звязда” і выдавецтва “Мастацкая літаратура” адкрываюць для нас паэзію Кітая, яе шматвекавую гісторыю і асоб, якія з’яўляюцца знакавымі постацямі сусветнай літаратуры.

Пра наробак у галіне перакладаў з кітайскай мовы, паэтычныя серыі і паасобныя выданні, планы і перспектывы далейшага супрацоўніцтва раскажуць паэты, перакладчыкі, прадстаўнікі Інстытута Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Такі вось чакаецца звычайны вераснёўскі дзень, напоўнены паэзіяй і цікавымі сустрэчамі. І ў гэтым бачыцца вялікая сутнасць шчаслівага мірнага жыцця, якое так неабходна нам, пра якое мараць і дзеці, і дарослыя. І няхай паэтычнае слова на розных мовах спрыяе міру і шчасцю на роднай зямлі!

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: