Поделиться:
«Роздум. Памятаць пра подзвігі і трагедыі». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 27.10.2022
«Роздум. Памятаць пра подзвігі і трагедыі». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Заканчваецца кастрычнік, другі восеньскі месяц, які набліжае зіму і прыход новага года. Месяц, як і папярэднія, быў насычаны важнымі падзеямі, памятнымі датамі, юбілеямі. І ўсё ж, калі гаварыць пра Год гістарычнай памяці, мне сёння хацелася б нагадаць пра две даты, непарыўна звязаныя з адной з самых крывапралітных войнаў, якая прайшлася па тэрыторыі нашай Радзімы – Вялікай Айчыннай вайной.

21 кастрычніка самым масавым пагромам завяршылася існаванне Мінскага гета. Калі кажуць пра гісторыю Мінскага гета, успамінаюць, што яно было адным з найбуйнейшых у Еўропе, і называюць лічбу ў 100 тысяч. Столькі яўрэяў, прынята лічыць, прайшло праз Мінскае гета за час яго існавання з ліпеня 1941 па кастрычнік 1943 года. Пераважная большасць была забіта.

17 ліпеня 1941 года нямецкія акупацыйныя ўлады выдалі загад аб стварэнні ў Мінску яўрэйскага гета. За калючы дрот «загналі» больш за 80 тысяч яўрэяў. Адкуль жа ўзялася лічба 100 тысяч? Разам з беларускімі яўрэямі былі знішчаны прывезеныя вязні з Германіі, пратэктарату Багеміі і Маравіі.

Доўгія гады лічылася, што гісторыя Мінскага гета завяршылася 21 кастрычніка 1943 года. На карце беларускай сталіцы быў пастаўлены штамп «Свабодна ад яўрэяў». Мала хто ведаў, што ў падвале дома, які стаяў на самым краі закрытай тэрыторыі, хаваюцца некалькі яўрэйскіх сем'яў. У іх быў свой летапіс Мінскага гета. На 9 месяцаў даўжэй, чым афіцыйны. 26 чалавек замуравалі сябе пад зямлёй. Яны перажылі зіму 1944 года і дажылі да вызвалення. Праўда, не ўсе. 3 ліпеня 1944 года з падполля выйшлі 13 чалавек.

Дарэчы, апошнім часам з’віліся матэрыялы аб падпольнай антыфашысцкай арганізацыі, якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскага гета.

І 1943 год – гэта пік спаленых вёсак, калі беларусы пераследаваліся, знішчаліся ў рамках карных аперацый.

І яшчэ адна дата кастрычніка. У паўразбуранай і разрабаванай за гады нямецкай акупацыі сталіцы 22 кастрычніка 1944 года у першыя месяцы вызвалення адкрыўся музей Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ калі на тэрыторыі Беларусі ішлі баі, ужо актыўна збіраліся экспанаты для будучага музея (рашэнне аб яго стварэнні было прынята Цэнтральным камітэтам КП(б)Б 30 верасня 1943 года). Камандзіры партызанскіх брыгад перадавалі дакументы, якія звязаны з дзейнасцю і жыццём народных мсціўцаў, друкаваныя і рукапісныя выданні, узоры самаробнай зброі, фатаграфіі з тлумачэннямі, дакументы і сцягі, захопленыя ў немцаў.

Сярод першых стваральнікаў былі і былыя партызаны, падпольшчыкі, франтавікі. Экспанаты дастаўляліся і з фронту, шмат супрацоўнікі паездзілі па Беларусі і не толькі. Так, з двухмесячнай камандзіроўкі ў Германію ў чэрвені 1945 года былыя партызаны — адны з першых работнікаў музея — прывезлі для паказу трафейныя прадметы з пераможанай нямецкай сталіцы.


Калі 79 гадоў таму ў фондах музея налічвалася 10 тысяч музейных прадметаў, сёння іх 112 тысяч, і збор рэліквій не спыняецца.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – першы ў свеце, прысвечаны самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі.

У наш час музей атрымаў выдатны будынак, над яго праектам працавалі вядучыя архітэктары краіны.

Урачыстае адкрыццё абноўленага музея адбылося 2 ліпеня 2014 года напярэдадні Дня Незалежнасці і стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Як я казаў напачатку, сёлетні кастрычнік напоўнены шматлікімі падзеямі і датамі. Але ў наш трывожны час даты, пра якія я казаў, таксама павінны быць у цэнтры ўвагі нашых людзей, асабліва моладзі, каб больш яскрава ўяўляць тое што было на нашай зямлі, памятаць пра подзвігі і трагедыі нашага народа.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: