Поделиться:
«Роздум. Памяць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 10.02.2022
«Роздум. Памяць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Вершы прыходзяць нечакана, як усведамленне перажытага, запаветных думак, успамінаў, трывог і роздуму. І ніколі не ведаеш, якія радкі пастукаюцца ў душу.

Гэтыя радкі нарадзіліся зусім нядаўна:

Калі агні вячэрнія запаліць
Мне за вакном чарговая зіма,
Зноў да мяне прыходзіць твая памяць,
Мой любы тата, хоць цябе няма.
І воінаў крывавыя атакі,
І тая куля ў татаву руку…

Бацька прыйшоў з вайны інвалідам, і я з нараджэння ведаў, што ён ім стаў на фронце. Памятаю нашу размову, калі мне было пяць год:

Тата, а ў цябе немцы стралялі?
Так, сынок. На вайне.
А ты?
І я страляў.
У немцаў?
У немцаў.
Мы перамаглі?
Перамаглі, сынок. 9 мая – Дзень перамогі.

І я ведаў, што дзень 9 мая – галоўнае татава свята.

Калі я пайшоў у школу, аднакласнікі часта ўзгадвалі, кім былі іх бацькі на вайне. І кожны, магчыма, крыху прыхарошваў баявыя подзвігі свайго бацькі, але адназначна ўсе ганарыліся, што іх бацькі ваявалі супраць фашыстаў.

Мы зачытваліся кнігамі пра вайну, гулялі ў нашых і немцаў, і ніхто не хацеў быць фашыстам у гэтых гульнях.

Так у нас жыла бацькоўская памяць. І хоць былыя франтавікі скупа дзяліліся ўспамінамі, мы верылі ў тое, што яны сапраўды былі героямі, перамагалі ў барацьбе з ворагам.

Гэта потым і ва ўспамінах, і ў кнігах пра вайну мы пачалі разумець, што гэта былі не парадныя маршы, не ліхія паходы, а цяжкая нялёгкая вайна, якая прынесла шмат гора і страт людзям, але ад гэтага баявыя подзвігі бацькоў станавіліся яшчэ больш значнымі.

Прыходзілі новыя часы, падрасталі дзеці, і вось гэтая бацькоўская памяць не заўсёды стала перадавацца ўжо ўнукам, у якіх з’явіліся новыя інтарэсы, новыя кнігі і фільмы, і падзеі вялікай вайны ўспрымаліся як нешта вельмі далёкае і звыклае.

А некаму хацелася забыць той час, па-новаму паглядзець на мінулыя падзеі, на людзей, якіх закранула навала ваеннага часу.

Страта памяці – вялікая бяда. Памятаце, у Чынгіза Айтматава, як стараліся пазбавіць людзей памяці, якія потым ужо перасталі пазнаваць родную маці.

У нашага пакалення памяць бацькоў, прыйшоўшых з перамогай у бітве з захопнікамі, нялюдскай ідэалогіяй фашызму, стала нашай памяццю, хоць па законах генэтыкі чужая памяць не перадаецца.

А вось ва ўнукаў і праўнукаў?

Напэўна, не толькі кнігамі, фільмамі, перадачамі, а і жывым словам, шчырасцю сэрцаў, глыбокай павагай і ўдзячнасцю старэйшым пакаленням можна і трэба, каб гэтая памяць перадавалася з пакалення ў пакаленне. І ў тым вершы, які я цытаваў на пачатку, заключныя радкі гучаць так:

Пакуль шануем маці і Айчыну,
Пакуль для ўсіх і радасць, і бяда…
Я памяць перадам з надзеяй сыну,
Каб ён яе і ўнуку перадаў.
Каб у сэрцы іх святы агонь запаліць
Паходня, пад якою нам ісці.
Пакуль жыве на свеце продкаў памяць,
Не схібіць і нашчадкам у жыцці.
Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: