Сярод культурных падзей сённяшняга дня мне б хацелася звярнуць вашу ўвагу на тое, што ў Доме літаратара ў Мінску адбудзецца вечар-прэзентацыя кнігі Зіновія Прыгодзіча «Стваральнікі» – «Созидатели».
Гэта вынік вялікага творчага праекта, які вядомы пісьменнік, публіцыст, журналіст Зіновій Прыгодзіч ажыццяўляў працяглы час з тым, каб прадставіць постаці знакамітых людзей. Як мне расказваў сам аўтар, сустрэчы з героямі працягваліся некалькі гадзін, а то і не адзін дзень.
На працягу дзесятка гадоў пісьменнік збіраў матэрыялы пра нашых слынных сучаснікаў, сустракаўся з імі, браў інтэрв'ю.
Сярод яго героеў былі народныя артысты, пісьменнікі, кампазітары, спевакі, мастакі. Вось толькі далёка не поўны пералік імёнаў: Марыя Захарэвіч, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў, Наталля Гайда, Міхась Дрынеўскі... Як прызнаўся мне сам Зіновій Кірылавіч, такія гутаркі маюць велізарнае значэннне ў першую чаргу для яго самога. У кожнага са сваіх героеў ён чэрпае нешта вельмі важнае для сябе, яны вучаць яго многаму ў жыцці і творчасці. Вось менавіта гэта, на мой погляд, вельмі важна адчуць і чытачу.
Вось як ацаніў творчы набытак пісьменніка яго таварыш і калега – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч: «Аўтар змог знайсці такое выкладанне сваім пытанням, такім чынам іх структураваў, што складваецца ўражанне пра жанравую рэалізацыю сінтэтычнага характару… Інтэрв’ю выйшла за межы традыцыйнага інфармацыйнага жанру. Уключыўшы ў тэксты фрагменты рэпартажнага, эсэістычнага, замалёвачнага характару, аўтар выбудаваў гутарку-нарыс».
Але не толькі гэтым вызначаецца творчая праца Прыгодзіча. Ён дае магчымасць чытачам глыбей раскрыць багаты духоўны свет сваіх герояў, раскрываючы тым самым шчодрую і чыстую душу ўласнага народа, слынных яго прадстаўнікоў.
Падчас сённяшняй прэзентацыі мяркуецца сустрэча з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, сусветна вядомым харэографам, народным артыстам СССР Валянцінам Елізар’евым, з народным мастаком Беларусі, вядомым скульптарам Уладзімірам Слабодчыкавым, іншымі лаўрэатамі Прэміі Саюзнай дзяржавы ад нашай краіны.
Важнасць творчага набытку вядомага пісьменніка і журналіста ў першую чаргу ў тым, што з яго кніг паўстаюць сапраўдныя героі нашага часу. Што і казаць, у сеціве, іншых крыніцах масавай камунікацыі мы нярэдка сустракаемся з моднымі аднадзённымі кумірамі, з іх разлічанай на танную папулярнасць біяграфіямі, з іх невысокім маральным узроўнем.
Героі кніг Зіновія Прыгодзіча ў процівагу ім – сапраўдныя асобы, якімі можна і трэба ганарыцца. І не толькі ў год гістарычнай памяці, бо на працяглы час яны прыклады таго, як трэба любіць сваю Радзіму, служыць інтарэсам свайго народа.
Як выказаўся ў свой час у рэцэнзіі на адну з кніг гэтай серыі пісьменнік Мікола Мятліцкі: «Мы маем надзейны падмурак і духоўнае апірышча». І ў гэтым кожны можа пераканацца, перачытаўшы кнігі-біяграфіі Зіновія Прыгодзіча.