Поделиться:
«Роздум. Пра што гавораць сямейныя рэліквіі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 07.04.2022
«Роздум. Пра што гавораць сямейныя рэліквіі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Гледзячы на сённяшнія інтэр’еры гарадскіх кватэр, узгадваю далёкае дзяцінства, суседзяў і сяброў, у кватэрах якіх давялося бываць. Тады, у атэістычны час, абразы былі на сценах далёка не ва ўсіх, бо гэта, мякка кажучы, не віталася, затое амаль у кожнай хаце віселі рамкі з фотаздымкамі блізкіх і далёкіх продкаў, з вясельнымі партрэтамі бацькоў ці дзядулі з бабуляй, кранальных адлюстраванняў немаўлят ці дзяцей-школьнікаў.

А для гасцей даставаліся з шуфляды пухлыя альбомы са здымкамі “на добрую памяць” ад родных і блізкіх ды са своесаблівым уласным летапісам жыцця і памятных падзей.

Сямейныя рэліквіі... У куфарах і шуфлядах знаходзіліся дарагія для кожнай сям’і рэчы, кожная з якіх несла адбіткі часу, старонкі сямейнага радаводу, была своеасаблівым артэфактам агульнай гісторыі народа.

Для мяне такімі рэліквіямі былі заўсёды бацькавы ваенныя ўзнагароды, мамін дыплом аб заканчэнні Ленінградскага педінстытута імя Герцэна, датаваны летам 1941 года.

Гледзячы на іх, я нібыта бачыў жорсткія баі пад Мурманскам, дзе тата атрымаў сваё раненне, і блакадны Ленінград, адкуль маму, паўжывую, праз Ладагу вывезлі на Вялікую зямлю.

Беражна захоўваю першыя публікацыі юначых вершаў, лісты-водгукі з рэдакцый на мае спробы пяра, аўтографы на кнігах ад Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Сяргея Грахоўскага, Міхася Стральцова, Генадзя Бураўкіна, сяброў-пісьменнікаў.

Як сведчаць гісторыкі і архівісты, цікавасць да ўласнага радаводу ў грамадстве значна ўзрастае. Людзі цікавяцца сваім паходжаннем, гісторыяй уласных продкаў, сямейнікаў.

“Краязнаўчая газета” Беларускага фонда культуры стварыла нават адмысловую рубрыку “Сямейныя рэліквіі”, дзе папрасіла падзяліцца чытачоў здымкамі і расповядамі пра ўласныя гісторыі жыцця.

Так было, што ў бурныя часы дваццатага стагоддзя дзяліцца ўласным радаводам было нават небяспечна. Людзі, бывала, нават адмаўляліся або ўтойвалі факты свайго паходжання, гісторыю продкаў.

Панаваў падыход, што сваё жыццё кожны пачынаў нібыта з чыстага ліста, і толькі пад вялікім сакрэтам у некаторых сем’ях дзяліліся звесткамі пра радню і паказвалі свае сямейныя рэліквіі.

Але час усё расстаўляе на свае месцы. І цяпер мы можам ведаць, што не на пустым месцы вырасталі героі і смелыя воіны, вучоныя і пісьменнікі, выдатныя майстры сваёй справы, славутыя падарожнікі і сусветна вядомыя артысты.

Ды і для так званых звычайных людзей гісторыя ўласнага роду – своеасаблівы катэхізіс маралі, жыццёвых прынцыпаў.

Вось пра што гавораць нам нашы сямейныя рэліквіі.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: