Завяршаецца апошні месяц лета. Нездарма ён у нас называецца жнівень. Гэта пара, калі збіраючы ўраджай, мы думаем і будуем планы на новыя абсягі жыцця, цешымся шчодрымі падарункамі прыроды.
Наша краіна – краіна навукі і культуры. А як жа інакш, бо мой полацкі зямляк Францыск Скарына ажно пяцьсот пяць год таму ў жніўні ўпершыню ў славянскім свеце выдаў друкаваную кнігу «Псалтыр». Але ён быў не толькі першадрукаром, бо кніга, складзеная ім – гэта яго філасофскі роздум, гэта сапраўдная духоўная публіцыстыка.
Вось толькі некаторыя вытрымкі з яго прадмовы:
Усялякае Слова, Богам натхнёнае, – карысна! Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!
Менавіта дзеля нашага навучання, духоўнага і цялеснага выпраўлення існуюць святыя пісьмы.
«Псалтыр» жа, адзіны, усе тыя рэчы ў сабе замыкае, усяму таму вучыць і ўсё прапаведуе! Яго псалмы – гэта скарб, безліч каштоўных каменняў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць! Гнеў і лютасць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць!
Ведаючы такія пажыткі ад гэтае кнігі, я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў «Псалтыр» ціснуці рускімі словамі славянскае мовы. А таксама для карысці паспалітага люду. I асабліва з тае прычыны, што мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў…
Гэта напісаў энцыклапедычна адукаваны чалавек, асветнік, вучоны, пісьменнік і перакладчык, філосаф і рэдактар, выдавец, першы ўсходнееўрапейскі тэарэтык кніжнага мастацтва, таленавіты арганізатар вытворчасці.
Бог з гэтае мовы на свет пусціў…
Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў у Полацку, там навучыўся чытаць па Псалтыры і пісаць кірылічнымі літарамі. Мову тагачаснай навукі – латынь – ён засвойваў, хутчэй за ўсё, у школе пры каталіцкім касцёле. У 1504 г. дапытлівы палачанін паступіў ва універсітэт у Кракаве, які на той час славіўся ў Еўропе сваім факультэтам вольных мастацтваў, дзе вывучалі граматыку, рыторыку, дыялектыку (цыкл “трывіум”) і арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку (цыкл “квадрывіум”).
У 1506 г. Скарына атрымаў сваю першую вучоную ступень бакалаўра.
Каб працягваць вучобу на самых прэстыжных факультэтах універсітэтаў Еўропы, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Скарыну трэба было атрымаць яшчэ і ступень магістра мастацтваў. У 1512 г. прыбыў у Італію ў праслаўлены Падуанскі універсітэт ужо маючы ступень магістра свабодных навук. Гэту навучальную ўстанову Скарына выбраў для атрымання ступені доктара медыцыны. Два дні ў дыспутах з выдатнымі вучонымі абараняў ён свае навуковыя тэзісы. 9 лістапада 1512 г. у біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых вучоных Падуанскага універсітэта Скарына быў абвешчаны доктарам у галіне медыцынскіх навук.
«Стваральнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, гуманіст, асветнік, ён адыграў вырашальную ролю ў развіцці культурнага жыцця Беларусі ХУІ стагоддзя. Францыск Скарына – энцыклапедычна адукаваны чалавек, асветнік, вучоны, пісьменнік і перакладчык, філосаф і рэдактар, выдавец, першы ўсходнееўрапейскі тэарэтык кніжнага мастацтва, таленавіты арганізатар вытворчасці і шмат іншага. Скарына – прыклад для нас, беларусаў ХХІ стагоддзя, як жыць і працаваць дзеля сваёй Бацькаўшчыны, наш гонар, наша слава, наш нацыянальны брэнд».
Гэта ў творчым запале пісаў паэт пра мінулае нашай зямлі: «вечна абдзёртая, вечна галодная».
Гэта зямля нараджала такіх волатаў духу, якімі можа ганарыцца любы народ.
Літаральна праз пару дзён у чарговы раз адкрыюцца дзверы школ, навучальных устаноў. І не толькі сухія звесткі, лічбы і графікі увойдуць у розумы і душы юных беларусаў. Больш як за палову тысячагоддзя таму наш слынны зямляк завяшчаў нам быць патрыётамі сваё зямлі, любіць навуку і слова, якія, як ён казаў, «душу і розум прасвятляюць».