Не так часта штодзённая праца радыёжурналістаў становіцца прадметам навуковых даследаванняў, творчых дыскусій. А вось менавіта сёння на факультэце журналістыкі адбудзецца круглы стол на тэму «Нацыянальныя традыцыі, гістарычная памяць, агульначалавечыя каштоўнасці», прысвечаны 20-годдзю канала «Культура» Беларускага радыё. Ён стане часткай рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ў навучальнай установе, падчас якой адбудуцца выставы, майстар-класы з удзелам журналістаў, выкладчыкаў, студэнтаў.
Мы часам не надаём належнай увагі падобным падзеям: маўляў, няёмка занадта засяроджвацца на ацэнцы ўласнай працы, тым не менш, гаворкі такія патрэбны не толькі каб асэнсаваць вопыт сумеснай работы, а каб заўважыць і падкрэсліць тое, што зроблена ў дзяржаве па развіцці айчыннай культуры.
Падчас стварэння спецыялізаванага канала «Культура» на нашым радыё, падобных яму не было ва ўсёй паслясавецкай прасторы. На адной хвалі аб'ядналіся музыка, тэатр, літаратура, выяўленчае мастацтва. І яркі слоган «Мы спавядаем вечныя каштоўнасці» стаў праграмай дзеянняў створанага калектыву.
Наколькі сёння важна і своечасова гучыць гэты слоган, сведчыць наша сённяшняе жыццё. Занядбанне вечных каштоўнасцяў, іх пераацэнка вядзе да непажаданых наступстваў, якія мы назіраем там, дзе гэтыя каштоўнасці ігнаруюцца.
І нездарма на ўсенароднае абмеркаванне былі вынесены пытанні сямейных каштоўнасцяў, агульначалавечай маралі.
І ўласнай гісторыі. На канале «Культура» пытанням гістарычнай спадчыны з першага дня ўдзялялася значнае месца. Так сталася, што інтэрнэт, кліпавае мысленне сталі часам спрыяць таму, што дасягненні айчыннага мастацтва, уласнай культуры станавіліся для некаторых па-за мяжой іх увагі, цікаўнасці. Высокае музычнае мастацтва, сапраўдная літаратура сталі ў інфармацыйным патоку выцясняцца, саступаючы месца танным падробкам, псеўдакаштоўнасцям, спажывецкім настроям.
Між тым, і творы айчынных пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, выканаўцаў – залаты фонд нашай культуры, і варта знаёміць з імі як мага большую аўдыторыю.
У Год гістарычнай памяці мы адзначаем юбілеі класікаў нашай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, народнага мастака Міхаіла Савіцкага. Гэта таксама наша гісторыя, як гісторыя і творы шмат якіх дзеячаў айчыннага мастацтва. Разам з тым і сусветная класіка, і лепшае, што ёсць у галіне культуры ў свеце, павінна быць здабыткам для нашых суайчыннікаў. І тут роля канала «Культура» стала адной з самых запатрабаваных у выхаванні патрыятызму, высокай духоўнасці, інтэлектуальнай насычанасці.
Сёння можна казаць, што не ўсё ў рабоце канала на такім высокім узроўні, калі нельга выказаць пэўныя заўвагі ці пажаданні. Але тое, што канал заслужыў павагу і прызнанне многіх радыёслухачоў, не заўважыць немагчыма. Пра гэта сведчаць лісты і водгукі, колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках, зрэшты, і тая канферэнцыя, пра якую я сёння вёў гаворку.