...І скажуць мудрыя дзяды, што сядуць воддалі на лаўцы,
Гэтыя радкі я напісаў падчас першай даўняй паездкі ў Мікалаеўшчыну – на радзіму Якуба Коласа.
Добра памятаю той лістападаўскі халодны дзень, але цёплае пачуццё ад тых уражанняў і хвалюючых хвілін судакранання з родным кутам нацыянальнага генія, які стаў родным і мілым для кожнага беларуса.
«Мікалаўцы», – так з гонарам называюць сябе землякі песняра. Тут якраз разумееш, што Колас сапраўды народны, бо ўсё ў наваколлі гаворыць пра яго талент і душу.
У 1972 годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна быў створаны Мемарыяльны комплекс «Мікалаеўшчына», які аб'яднаў чатыры сядзібы: Акінчыцы, Ласток, Альбуць і Смольню, звязаныя з імем Якуба Коласа. Гэта дом, дзе нарадзіўся паэт, жыла яго сям'я, прайшло дзяцінства і быў напісаны першы верш. У самой вёсцы Мікалаеўшчына ўсталяваны помнік Якубу Коласу.
А сёння непадалёк, на ўскраіне горада Стоўбцы, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго помніка песняру.
А пачнуцца сённяшнія ўрачыстасці ўскладаннем кветак да помніка Якубу Коласу ў Мінску, на плошчы яго імя. Выступіць народны хор імя Цітовіча, прагучаць вершы паэта.
У Стаўбцоўскім Доме культуры ў гэты дзень мясцовыя таленты рыхтуюць сваю канцэртную праграму. На кожнай сядзібе гасцей сустрэнуць народныя ансамблі, адбудуцца тэатралізаваныя прадстаўленні.
У Акінчыцах будзе паказана, па словах дырэктара коласаўскага музея Ірыны Мацяс, інсцэніроўка ўрыўка з «Новай зямлі» – «Раніца ў нядзельку». Можна будзе нават пачаставацца блінамі з печы, як героі паэмы. На Альбуці — інтэрактыўная зона ў «Хатцы знахаркі»: гарбата з лекавых зёлак, спосабы лекавання ў сям'і Міцкевічаў... А яшчэ дэгустацыя мёду, продаж сувеніраў ад майстроў Стаўбцоўшчыны. У Смольні народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель увасобіць вобраз маці Якуба Коласа.
Свята прадоўжыцца і ў Мінску святочным канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а 4 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі песняра адбудзецца дваццаць шостая міжнародная навуковая канферэнцыя «Каласавіны», адкрыецца часовая экспазіцыя аўтографаў Якуба Коласа, выступяць артысты народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Такімі падзеямі будуць напоўнены гэтыя дні. І ўсё ж гэта частка таго, што прадугледжана ў гэтым юбілейным годзе па ўшанаваннні 140-годдзя класіка айчыннай літаратуры.
Гэты год, Год гістарычнай памяці, падкрэслівае, што ў гісторыі і сённяшнім дні памяць пра лепшых сыноў Бацькаўшчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа служыць высокім мэтам адчування прыналежнасці да сваёй зямлі, гонару за родны край, яго мову і культуру.
Я ўжо гаварыў, што ўрокі класікаў для нас сёння і ў тым, якой была іх грамадзянская пазіцыя, наколькі клапаціла іх паўсядзённае жыццё народа, наколькі проста і годна яны жылі сярод людзей, як успрымалі клопаты кожнага, як гатовы былі прыйсці на дапамогу тым, хто да іх звяртаўся.
І на Стаўбцоўшчыне, і ў Мінску, і па ўсёй Беларусі сённяшнія і заўтрашнія святочныя мерапрыемствы ў гонар аднаго з слаўных сыноў Айчыны яшчэ раз абудзяць у душах людзей светлыя і высокія пачуцці, якія так патрэбны нам у гэты час.