Поделиться:
«Роздум. Вакцына ад нянавісці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 28.03.2022
«Роздум. Вакцына ад нянавісці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Сярод навін, якімі поўніцца медыяпрастора, увага да вечных каштоўнасцей, літаратуры і мастацтва не толькі прыцягвае неабыякавых людзей, але сведчыць пра ролю мастацтва, літаратуры, кнігі ў цэлым як процівагу злачынству і пошласці.

Вакцынай ад нянавісці назваў мастацкую літаратуру падчас сімпозіўма «Пісьменнік і час» на 29-й міжнароднай кніжнай выставе, што закончылася ў нядзелю, госць – галоўны рэдактар расійскай «Литературнай газеты» Максім Замшаў.

«І тое, што ў такі няпросты час у Мінску сабраліся на маштабным форуме прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая і іншых краін, сведчыць, што пісьменнікі спрабуюць намацаць шлях развіцця цывілізацыі без абсалютнай улады матэрыяльных інтарэсаў, што характэрна для глабалісцкага свету», – зазначыў ён.

Так сталася, што сусветная пандэмія на пэўны час абмежавала падобныя масавыя фэсты. Але сёлета арганізатарам кірмашу-выставы ўдалося знайсці магчымасць паўнацэннага ўдзелу пісьменнікаў, выдаўцоў і аматараў літаратуры, і пяць дзён былі аддадзены навінкам літаратуры, сустрэчам з пісьменнікамі, творчым дыскусіям і прэзентацыям.

Прыемна, што вялікая ўвага была нададзена дзіцячай літаратуры. Так, у 2021 годзе ў Беларусі было выдадзена звыш паўтара мільёна экземпляраў кніг для дзяцей і юнацтва. У дні правядзення XХIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу маленькім чытачам і іх бацькам выпала ўнікальная магчымасць сустрэцца з аўтарамі кніг і героямі твораў. А школьнікі змаглі прыняць удзел у літаратурных гульнях і майстар-класах, прысвечаных кнізе, гісторыі нашай краіны.

Я нездарма засяродзіў увагу на дзіцячай кнізе. Вялікую ўвагу літаратуры для дзяцей, выхаванню падрастаючага пакалення ў любові да Радзімы, яе гісторыі, мовы ўдзялілі ўдзельнікі чарговага з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, які адбыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Сярод дасягненняў нашых творцаў адзначаўся рост кніжных навінак для дзетак, прычым значную долю якіх склалі творы на беларускай мове, выступленні пісьменнікаў у дзіцячых садках, школах што садзейнічала выхаванню сапраўднага патрыятызму, увазе да нацыянальных каштоўнасцей.

Вось свежы нумар дзяржаўнага выдання штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» з рэзалюцыяй нядаўняга з’езда пісьменнікаў. Цытую: «Мы нарошчваем намаганні па захаванні і развіцці ўнікальнай беларускай мовы, пашырэнні сферы яе прымянення ў культуры, побыце, дзелавым абароце. Можна канстатаваць: валоданне нацыянальнай мовай – трэнд сучаснага беларускага грамадства» (канец цытаты).

Разам з тым беларускія пісьменнікі працягвалі і працягваюць стасункі са сваімі калегамі з іншых краін, займаюцца ўзаемнымі перакладамі, удзельнічаюць у міжнародных пісьменніцкіх форумах, гасцінна сустракаюць калег у сябе дома.

Вакцына ад нянавісці, як назваў літаратуру наш расійскі сябар, не мае межаў, яна на ўсіх мовах заклікае да высокіх ідэалаў братэрства і любові, і тут роля і слова пісьменніка набываюць яшчэ большы сэнс і месца ў фарміраванні грамадскай думкі, служаць кансалідацыі і міру.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: