Поделиться:
«Роздум. З крыніц гістарычнай памяці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 24.02.2022
«Роздум. З крыніц гістарычнай памяці». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

У гісторыі нашай краіны яркай старонкай можна назваць партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны. І нездарма ў Год гістарычнай памяці Нацыянальная бібліятэка арганізавала лекцыю «Аператыўныя і разведвальныя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху». Мерапрыемства прайшло ў рамках цыкла сустрэч «Крыніцы гістарычнай памяці» і прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Года гістарычнай памяці. Адбылася прэзентацыя арыгінальных крыніц пра дзейнасць партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтыя крыніцы былі апублікаваны бібліятэкай і Нацыянальным архівам упершыню і ўяўляюць новую і выключна каштоўную інфармацыю пра гісторыю гістарычнага подзвіга беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адыходзяць жывыя сведкі тых падзей, таму вельмі важна захаваць іх памяць, перадаць яе новым пакаленням.

Узгадваю свайго славутага земляка-пісьменніка Алеся Савіцкага, які семнаццацігадовы юнаком пайшоў у партызанскі атрад і мужна змагаўся з ворагам, нашы сумесныя паездкі ў родны горад.

Своеасаблівы рытуал кожны раз чакаў нас з Алесем Ануфрыевічам па знаёмай дарозе. Па правы бок шашы, на высокім узгорку перад пад’ездам да горада, над возерам Шчаты стаіць сціплы мемарыяльны комплекс. Перад невялікай стэлай на мармуровай сцяне там прымацаваны таблічкі з назвамі партызанскіх брыгад і атрадаў Полацка-Лепельскай зоны, і сярод іх – брыгада, у якой ваяваў падрыўнік і разведчык Саша Савіцкі.

Мы спынялі машыну і падымаліся па прыступках наверх.

Мы не гаварылі ў гэтыя мінуты. Моўчкі стаяў перад плітой сівы ветэран, і толькі вецер варушыў яго па-маладому багатую чупрыну.

Можна толькі здагадвацца, пра што ўспамінаў былы партызанскі баец, які разам з іншымі сваімі сябрамі і паплечнікамі перажыў тут прарыў праз блакаду, якую арганізавалі захопнікі, каб стварыць «кацёл» і знішчыць супраціўленне народных мсціўцаў.

Пра баявое мінулае земляка нагадаў і памятны эпізод у вёсцы Бабынічы на Полаччыне, калі мы з Савіцкім прыехалі на творчую сустрэчу па запрашэнні вучнаў і настаўнікаў мясцовай школы.

«Спачатку завітаем да Колі Паўлава», – папрасіў адразу Алесь Ануфрыевіч. Падаў снег, дзьмуў халодны вецер… Мы падышлі да сціплага помніка на высокім беразе Дзвіны. Савіцкі, зняўшы шапку, дакрануўся да пліты, на якой было выбіта прозвішча «Паўлаў».

«Гэта мая куля была, гэта я павінен быў загінуць у тым баі, – прамовіў Алесь Ануфрыевіч. – Я тады быў камандзірам падрыўной групы атрада, але аднойчы на баявое заданне пад Загацце павёў групу не я, а Коля Паўлаў. У мяне былі валёнкі нягеглыя такія, іх валілі ў партызанскай майстэрні, нейкіх кампанентаў не хапіла. І таму, як толькі намокнуць, яны як у турэцкіх чунях. Проста не было ў чым ісці. І Пайшоў Коля. Я цяпер і жыву з адчуваннем, што гэта мая смерць мяне тады чакала, а ёй свае грудзі падставіў масквіч Коля Паўлаў.»

Да ўспамінаў пра ваеннае юнацтва Савіцкі ставіўся па-асабліваму шчымліва. Гэта відаць і па ягоных творах, і па тых размовах падчас нашых полацкіх вандровак.

Памяць... Сёння ў наш няпросты час нам вельмі патрэбна, каб яна пралівала святло на сапраўдную гераічную гісторыю нашага народа, каб служыла выхаванню патрыятызму і гонару за сваю родную зямлю.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: