Поделиться:
«Розгалас. Айцішнікі таксама плачуць». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 21.11.2022
«Розгалас. Айцішнікі таксама плачуць». Радыёблог Максіма Угляніцы

Айцішнік... Прафесія, адна толькі назва якой у многіх выклікае зайздрасць. Здаецца, што гэта людзі, якія проста сядзяць перад камп'ютарам і зарабляюць шалёныя грошы, не выходзячы з дому. І ніякіх начальнікаў над імі няма. Чым не мара?

Зарплата ў спецыялістаў ІТ-сферы сапраўды вышэйшая за сярэднюю па Беларусі, пра што рэгулярна паведамляе афіцыйная статыстыка. Часам – значна вышэйшая. Але ж і адпрацоўваць гэтыя грошы даводзіцца на 100%, часам губляючы за тым камп'ютарам здароўе. Прычым не толькі фізічнае, але і псіхалагічнае (пра што зараз пагаворым падрабязней).

Што да міфу – ніякіх начальнікаў над імі няма, самі сабе гаспадары... Тое, што гэта не так, яскрава паказаў 2022 год. Многія беларускія айцішнікі былі вымушаны пераязджаць у іншыя краіны проста таму, што так вырашыла кіраўніцтва кампаній, дзе яны працуюць. Так-так, менавіта вымушаны, бо самі людзі не збіраліся нікуды зрывацца, на радзіме ім было камфортна. Але ніхто не пытаўся, паставілі перад фактам: або рэлакацыя, або застаешся без працы. І што рабіць, давялося пераязджаць. Часам і родных разам з самбой забіраць, а яны яшчэ менш жадалі пакідаць Беларусь. Ведаю гэта дакладна, бо чуў такія гісторыі асабіста.

А пасля адно за адным сталі з'яўляцца інтэрв'ю ў розных спецыялізаваных выданнях пра тое, як “цудоўна” жывецца на новым месцы. Той выпадак, калі не трэба блытаць турызм і пастаяннае пражыванне ў краіне. Адразу столькі мінусаў і бытавых праблем вылазіць! Якія ў Беларусі даўно вырашаны і пра якія даўно забылі. І на кантрасце яшчэ лепш пачынае даходзіць, што страціў.

Зрэшты, і гаспадары ІТ-кампаній далёка не заўсёды па сваёй волі зрывалі людзей з наседжаных месцаў. Кіраўнікоў таксама паставілі перад фактам, толькі ўжо іх гаспадары – тыя, хто плаціць грошы за праекты, заходнія заказчыкі. У Беларусь пераводзіць грошы не будзем, сказалі яны, бо – санкцыі. А за спробу абыйсці санкцыі можа быць балюча на гэты раз ужо самім заходнім заказчыкам. Вось вам і свабодныя айцішнікі без начальнікаў!

Але ж напэўна былі сярод іх і тыя, хто па сваёй волі змяніў месца жыцця. З радасцю пераляцеў цераз акіян, каб стаць “сапраўдным” ІТ-спецыялістам. Бо як для многіх беларусаў загадкава прыцягальна гучыць слова “айцішнік”, так для часткі айцішнікаў прыцягальна гучыць словазлучэнне “Сіліконавая даліна”… Месца, ахутанае легендамі і паданнямі. І казкамі, скажам шчыра. Некаторыя з іх апошнім часам разбіваюцца аб жорсткую, зусім не казачную рэальнасць.

Па ўсёй Сіліконавай даліне ў апошнія месяцы ідуць звальненні работнікаў. Днямі амерыканскія СМІ паведамілі пра планы кампаніі Amazon скараціць каля 10 тысяч супрацоўнікаў. У першую чаргу звальненні праходзяць у аддзелах, якія займаюцца распрацоўкай розных прылад. Да апошняга трымалася карпарацыя Google, але і на яе пачалі ціснуць – павышайце прадукцыйнасць работнікаў! І вось новая сістэма кіравання прадукцыйнасцю дапаможа кіраўнікам Google звольніць тысячы неэфектыўных супрацоўнікаў.

Аднак наперадзе ўсіх Ілан Маск, якому, здаецца, звольніць чалавека – як вады папіць. На мінулым тыдні ён разаслаў усім супрацоўнікам Twitter электронныя лісты і даў ім суткі на прыняцце рашэння: або яны пераходзяць на новы «хардкорны» рэжым работы і не скардзяцца, або да пабачэння! Маск у лісце растлумачыў: для стварэння Twitter 2.0 кампанія павінна быць надзвычай жорсткай. "Гэта азначае працяглыя гадзіны працы з высокай інтэнсіўнасцю. Толькі выключная працаздольнасць кожнага работніка будзе лічыцца прахадным балам", – папярэдзіў новы кіраўнік.

Эксперты не сумняюцца: ужо з гэтага тыдня ў Twitter пачнецца другая хваля чыстак. Першая была ўсяго два тыдні таму, і тады Маск у адзін момант выставіў на вуліцу палову супрацоўнікаў. СМІ шмат пісалі пра гісторыю інжынера Эрыка Фрон Хефера, які распрацаваў мабільны дадатак Twitter для Android. Ён меў нахабства публічна раскрытыкаваць свайго боса і абараніць калег. Гэтага інжынера Маск звольніў, што называецца, у ручным рэжыме. А следам за ім пайшлі яшчэ 20 спецыялістаў, якія крытыкавалі дзеянні Маска (увага!) не публічна, а ва ўнутранай перапісцы. Агенцтва “Блумберг” прыводзіць меркаванне жанчыны-менеджара ў Twitter: “Я працую ў кампаніі шмат гадоў і люблю сваю работу. Я таксама люблю сваіх дзяцей. Раней мне не трэба было выбіраць паміж працай і тым, каб бачыць дзяцей ноччу і па выхадных". Аднак, здаецца, гэта ўжо нікога не хвалюе.

Не дзіўна, што псіхатэрапеўты з Сіліконавай даліны прызнаюцца: яны ніколі не бачылі столькі панікі і няўпэўненасці сярод айцішнікаў! Спецыяліст Эні Райт кіруе цэнтрам траўматалагічнай тэрапіі ў Каліфорніі. Пасля звальненняў у карпарацыях Twitter і Meta яе каманда кожны тыдзень прымае сотні пацыентаў, сярэдні гадавы даход якіх вагаецца ў раёне шасцізначнай лічбы. У інтэрв’ю выданню Businessinsider яна адзначае: многія ў Сіліконавай даліне працавалі ў атмасферы прафесійнай бяспекі. Людзі верылі – усё будзе толькі лепш. Аднак гэта была памылка.

З таго часу, як Twitter абвясціў пра масавыя звальненні, па Сіліконавай даліне пракацілася хваля шоку. Атмасфера раптам змянілася агульным страхам, трывогай і няўпэўненасцю. Гэта ашаламляльны кантраст з росквітам апошніх гадоў, – прыкмячае прафесійным вокам Эні Райт. Яна чакае, што пасля звальненняў у Amazon, пацыентаў у яе стане яшчэ больш.

Незалежна ад кампаніі, малодшыя супрацоўнікі і кіраўніцтва сярэдняга звяна адчуваюць найбольшы ўзровень неабароненасці. У добрыя часы яны верылі, што могуць звольніцца з працы, узяць некалькі месяцаў адпачынку і ўсё роўна быць запатрабаванымі. Цяпер яны трывожацца, ці змогуць – калі што – увогуле вярнуцца на рынак…

Дык ці трэба шукаць шчасця за акіянам, калі дома, у Беларусі, у цябе столькі магчымасцей? Плюс – бонусам – вялікая дапамога ІТ-сферы з боку дзяржавы. Думаю, наперадзе нас чакае яшчэ шмат займальных гісторый, якія дапамогуць адназначна адказаць на гэтае пытанне тым, хто пакуль сумняваецца.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: