Вы жадалі калі-небудзь вярнуцца ў мінулае? Скажам, у пачатак 20-га стагоддзя, а, магчыма, нават і ў 19-е? Я нядаўна, сам таго не жадаючы, адкрыў дастаткова лёгкі спосаб, як гэта зрабіць. Не, размова, канечне, не пра машыну часу. І ўвогуле – нічога фантастычнага.
Проста калі я вярнуўся дамоў з працы, аказалася, што ў нашым доме адключылі электрычнасць. І не толькі ў нашым, мяркуючы па чорных вокнах некалькіх суседніх дамоў. Ну што ж, падумаў я, не буду тэлефанаваць ні ў якія службы. Па-першае, гэта абавязкова зробіць хтосьці з суседзяў (прызнайцеся, вы таксама карыстаецеся такой «адмазкай», каб зняць з сябе адказнасць у падобных выпадках?). А па-другое, гэта нават цікава – паспрабаваць часова пажыць у такіх вось прапанаваных абставінах. Адчуць на сабе ўсе дробязі. У тым, што часова – я нават не сумняваўся. Ну калі апошні час у Мінску на працяглы час адключалі электрычнасць?
Зрэшты, часцей за ўсё людзі кажуць пра такія выпадкі – «святло адключылі». І амаль адразу разумееш, чаму. Куды б не ішоў па кватэры, рука пастаянна інстынктыўна цягнецца да выключальніка, і ён марна шчоўкае ў поўнай цемры. Ну што ж, цяпер хаця б ясна, чаму прыстасаванне, якое павінна УКлючаць святло, назвалі ВЫключальнікам.
Быў позні зімовы вечар, таму і разлічваць на святло з вуліцы асабліва не даводзілася. У самых цёмных кутках кватэры трэба было ісці літаральна навобмацак, каб не стукнуцца аб штосьці галавой або, яшчэ горш, мезенцам нагі. Тут жа прыгадаўся расказ адной з нашых пастаянных слухачак, у якой вялізныя праблемы са зрокам і радыё застаецца адзінай крыніцай інфармацыі пра навакольны свет (вядома, акрамя стасункаў з роднымі і сябрамі). Неяк яна паскардзілася мне ў тэлефоннай размове на бяздушнага чыноўніка, які не пажадаў улічыць яе становішча: «Ведаеце, што я сказала яму? А вы завяжыце сабе вочы хаця б на гадзіну-другую і паспрабуйце так пахадзіць па кватэры, заняцца справамі, пажыць». Шчыра кажучы, такога вопыту нікому не пажадаеш.
Памятаю, у маім дзяцінстве гісторыі з адключэннем святла былі не тое, каб зусім рэдкія, і на гэты выпадак у нас спецыяльна былі вялікія свечкі. Іх ставілі ў шкляныя слоікі, каб збіраць воск або парафін. А на дачы дагэтуль захоўваецца газавая лямпа, якую выкарыстоўвалі для таго ж. Цяпер жа знайшоў дома толькі стары ліхтарык, у якім даўно не мянялі батарэйкі. Але нават гэты невялікі прамень святла адразу ўзняў настрой.
Трэба было гатаваць вячэру, і тут жа падумаў: добра, што пліта газавая! А што, калі б была электрычная? Можна застацца без ежы. Але ж – ежа ў халадзільніку, а ён сілкуецца ад электрычнасці. Кола замкнулася. Хоць ты за акно прадукты вывешвай, як раней рабілі некаторыя жыхары інтэрнатаў. Але ж тое зімой – а летам як? Вось таму і кажу: назад у 19-е стагоддзе!
Але ж наступнае банальнае адкрыццё чакала мяне далей. Пакуль гатаваў вячэру, рука кожную хвіліну цягнулася да смартфона. Ну трэба ж неяк час заняць – а тут такі моцны рэфлекс! З'явілася лішняя хвіліна – адразу ў смартфон: што там яшчэ дзе і з кім адбылося? Адной рукой гародніну на патэльні памешваеш, другой – па экране «свайпаеш». Але фокус у тым, што якраз гэтым вечарам на маім смартфоне засталося толькі 5% зарадкі. Падзарадзіць немагчыма – электрычнасці ж няма. Таму вырашыў пакінуць гэтыя працэнты на зусім ужо экстранную сітуацыю, калі без інтэрнэту ніяк. Але ж і так без яго ніяк!
– Добра, думаю, без сацсетак пажыву, толькі лепш будзе. А вось навіны трэба пачытаць, можа, там пішуць і пра тое, куды згубілася мая электрычнасць. І рука ўжо цягнецца, пакуль мозг разумее: ды няма ў цябе інтэрнэту!
– О, прыйшло апавяшчэнне з чату ў Viber – калегі нейкае працоўнае пытанне абмяркоўваюць, трэба далучыцца… Забудзь, інтэрнэту ж няма!
– Нешта зусім нявесела ў цішыні, трэба радыё паслухаць… Ага, як?! Нават калі без інтэрнэту – любы прыёмнік усё адно ад электрычнасці працуе.
Вось так і прыйшло разуменне – наколькі шалёна мы залежым ад электрычнасці. Ды ўсе нашы найноўшыя тэхналогіі на ёй завязаны (не кажучы пра многія старыя)! Электрамабілі? Добра, пакуль ёсць электрычнасць. Свет як глабальная вёска? У любую секунду на сувязі з чалавекам на іншым канцы Зямлі? Веды ўсяго чалавецтва ў свабодным доступе па першым жаданні? Так, пакуль ёсць зарад на смартфоне. А калі няма і падзарадзіць немагчыма – мы ў секунду замест «глабальнай вёскі» апынаемся ў вёсцы звычайнай, без усіх камунікацый.
Дарэчы, яшчэ вялікае пытанне – у каго больш шанцаў пратрымацца ў выніку, не дай бог, нейкай тэхналагічнай катастрофы? Думаю, адназначна ў жыхара вясковага: прадукты свае, печка-свечка ёсць, без святла і цяпла не застанешся. А жыхару мегаполіса адключы электрычнасць на некалькі гадзін – і ён ужо як без рук.
Зрэшты, можна і плюсы знайсці ў такім «энергетычным галаданні», калі святло адключаецца. Хтосьці, магчыма, упершыню са сваімі суседзямі пазнаёміўся, бо давялося з кватэры выходзіць, размаўляць. Хтосьці кніжку пачытаў з ліхтарыкам у руках. А хтосьці і проста пасядзеў, падумаў – некаторыя ж таму і бягуць у інтэрнэт, сацсеткі, бо не хочуць заставацца сам-насам са сваімі думкамі. А што яшчэ рабіць у поўнай цемры без электрычнасці?
Карацей кажучы, праз гадзіну электрычнасць уключылі, а я задумаўся: можа, ёсць сэнс часам самому ладзіць сабе такія «дыеты»? Без святла?