Поделиться:
«Розгалас. Дзень, які змяніў Беларусь» – радыёблог Максіма Угляніцы
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 24.11.2021
«Розгалас. Дзень, які змяніў Беларусь» – радыёблог Максіма Угляніцы

«Рэферэндум»… Памятаю, што асэнсавана гэтае слова я ўпершыню ўсвядоміў у 1996-ым годзе. Быў яшчэ школьнікам, але актыўна цікавіўся палітыкай, пастаянна слухаў навіны на радыё і тэлебачанні, чытаў розныя газеты…

З дня сённяшняга здаецца, што палітыка тады была літаральна разліта ў паветры. Маладая незалежная рэспубліка толькі рабіла першыя крокі (з часу яе з'яўлення не прайшло і пяці гадоў). Прэзідэнцкая Беларусь увогуле – толькі нараджалася. І нараджэнне гэтае дакладна не было лёгкім. Канфлікт дзвюх галін улады – парламента і Прэзідэнта – прывёў да глыбокага палітычнага крызісу. Кропку ў ім якраз і паставіў рэферэндум, а дакладней – сам народ. Сёння роўна 25 гадоў з дня таго гістарычнага волевыяўлення.

Палітычнае супрацьстаянне, у якое былі ўцягнуты партыі і грамадскія арганізацыі, у якое пачалі ўжо ўцягваць звычайных беларусаў, канечне, пачалося раней. Але менавіта ў 1996-ым яно дасягнула апагею. Сёння, з вышыні пражытых гадоў, многія эксперты адзіныя: мастацтва кампрамісу тады яшчэ не было. Адкуль яму было ўзяцца, калі палітычная сістэма толькі пачынала выстройвацца! У Канстытуцыі 1994-га года абсалютна не было прапісана механізму цывілізаванага вырашэння спрэчак паміж Прэзідэнтам і парламентам.

Нарэшце, калі стала зусім горача, з'явілася рашэнне – звярнуцца да народу, каб самі беларусы вырашылі супярэчнасці. Летам 1996-га кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Іх асноўны сэнс зводзіўся да таго, каб ператварыць рэспубліку з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую.

Тагачасны парламент – Вярхоўны Савет – падтрымаў ідэю, аднак дэпутаты вырашылі вынесці на ўсенароднае абмеркаванне альтэрнатыўныя змяненні ў Канстытуцыю. Іх прапановай было ліквідаваць пасаду Прэзідэнта і ператварыць Беларусь у чыста парламенцкую рэспубліку.

Калі да правядзення галасавання заставалася паўтара месяца, на адной з нарад Аляксандр Лукашэнка патлумачыў сутнасць сваіх прапаноў: спробы наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з Вярхоўным Саветам застаюцца беспаспяховымі. Толькі ў выніку канстытуцыйнай рэформы з'явіцца магчымасць нарэшце адысці ад бясконцых бессэнсоўных палітычных баталій наверсе і засяродзіцца на праблемах, якія больш за ўсё хвалююць людзей. Менавіта ў моцнай уладзе Прэзідэнт бачыў выратаванне для беларускай дзяржавы і эканомікі.

Натуральна, такая ініцыятыва выклікала незадаволенасць у палітычных апанентаў. Яны вырашылі ўжыць метады барацьбы, так добра знаёмыя нам сёння, праз чвэрць стагоддзя. Паспрабавалі вывесці на вуліцу людзей – прычым сярод удзельнікаў мітынгаў былі і гарачыя госці з суседніх краін, напрыклад, украінскія радыкалы з УНА-УНСО. Менавіта 1996-ты год адзначаны перавернутымі міліцэйскімі машынамі на цэнтральным праспекце Мінска і актыўнымі бойкамі з міліцыяй. Вынікам апошняга часам станавіліся забінтаваныя галовы – а адпаведная карцінка трансліравалася на заходнюю публіку. Знаёмая гісторыя! Адзінае, што тэлеграм-каналаў тады не было, таму карцінка ішла не онлайн, а са спазненнем.

У такой абстаноўцы 24-га лістапада праходзіў рэферэндум. На суд беларусаў вынеслі чатыры пытанні: пра перанос Дня Незалежнасці на 3 ліпеня, унясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (прапанаваных Прэзідэнтам), пра ўвядзенне свабоднай, без абмежаванняў, куплі-продажу земляў сельгаспрызначэння і пра адмену смяротнага пакарання.

У галасаванні прынялі ўдзел больш за 6 мільёнаў жыхароў Беларусі. Пераважная большасць з іх аддалі галасы за новую рэдакцыю Канстытуцыі і за новую дату дзяржаўнага свята, а таксама супраць продажу земляў і супраць адмены смяротнага пакарання. Розныя пытанні набралі ад 70% да 88% галасоў. Такім чынам, менавіта народ прыняў рашэнні, якія вызначылі будучыню беларускай дзяржавы.

Дарэчы, літаральна за месяц да таго рэферэндуму ў Мінску прайшла яшчэ адна знакавая падзея — першы Усебеларускі народны сход. Прэзідэнт вырашыў абмеркаваць з народам стратэгію і тактыку развіцця краіны. У Палацы спорту тады сабраліся каля пяці тысяч чалавек. Вынікам абмеркаванняў стала прыняцце першай у гісторыі суверэннай Беларусі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяць гадоў. Фактычна ў 1996-ым быў закладзены і фундамент новага палітычнага інстытута. Важнае развіццё гэты інстытут можа атрымаць у бліжэйшы час, ужо ў новай рэдакцыі Асноўнага закона.

Вось так, амаль незаўважна, з часу важных палітычных падзей мінула 25 гадоў. Чвэрць стагоддзя... Новае пакаленне беларусаў вырасла ў дзяржаве, асновы якой былі закладзены рэферэндумам 1996-га.

Але жыццё імкліва змяняецца, і натуральна, следам за ім змяняюцца законы. У тым ліку – Асноўны. У хуткім часе ў Беларусі зноў чакаецца рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі. Што застаецца нязменным – тое, што канчатковае слова зноў скажа сам народ.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: