Нядаўна ў інтэрнэце разышлося адно відэа. Не тое, каб вялікі розгалас, але многія заўважылі. На роліку два падлеткі дурэюць у мінскай падземцы – абліваюцца малаком і віснуць з нагамі на поручнях. Непасрэдна ў вагоне метро. І самі ўсё гэта здымаюць.
Міліцыя хутка знайшла хлапцоў, цяпер ім гарантавана пільная ўвага інспекцыі па справах непаўналетніх, да таго ж, іх прыцягнулі да адказнасці за дробнае хуліганства.
Чамусьці зусім не здзівіла тлумачэнне – навошта яны гэта рабілі. Аказваецца, дзеля хайпу. А чаго здзіўляцца – такая эпоха наступіла. Эпоха хайпу. Зорны час для тых, хто не можа прыцягнуць да сябе ўвагу іншымі спосабамі, акрамя такой таннай папулярнасці.
Хоць, па шчырасці, хайпуюць і людзі вядомыя, якія ўжо зрабілі сабе імя ў той ці іншай сферы. Часцей за ўсё ў сферы шоў-бізнесу. Дзеля хайпу зоркі сыходзяцца і разыходзяцца адно з адным, «трапляюць» у бальніцу, хоць рэальна нічым не хварэюць, быццам бы выпадкова публікуюць свае інтымныя фота – карацей, што толькі не прыдумляюць, каб атрымаць порцыю ўвагі.
Ды што там зоркі! Часам складваецца стойкае адчуванне, што хайпам займаюцца кіраўнікі цэлых дзяржаў, у тым ліку суседніх з Беларуссю. Праўда, дзяржавы гэтыя звычайна невялікія і самастойнасцю ў знешняй палітыцы не адрозніваюцца – таму і даводзіцца прыцягваць да сябе ўвагу хоць так, дзіўнымі заявамі.
Хайп як з'ява стала шырока распаўсюджанай гады чатыры таму, спачатку ў заходніх медыя. Амерыканскі медыяспецыяліст Дуглас Рашкофф мае сваю версію, адкуль пайшло гэтае слова. Першапачаткова яно выкарыстоўвалася ў Злучаных Штатах у 1920-х гг. для абазначэння дозы наркотыкаў. Гэта было скарачэнне ад hypodermic needle, «іголка для падскурнага ўпырсквання».
Які дакладны вобраз! Хайп – гэта рэзкі ўсплёск ўсеагульнай цікавасці да нейкай тэмы або персоны, а потым настолькі ж рэзкае яе згасанне. Той, хто падсеў на такі «інфармацыйны наркотык», пастаянна будзе ў пошуку новай дозы. Але сапраўдная залежнасць – у таго, хто хайпуе. Бо ён прагне нашай увагі. І з кожным разам атрымаць яе ўсё цяжэй – старыя спосабы хутка прыядаюцца. Таму і хайп становіцца ўсё больш небяспечным, на мяжы – каб ужо дакладна нас уразіць.
Крыўдна, што тут пад ударам найперш падлеткі. Бо яны не заўсёды могуць ацаніць наступствы сваіх дзеянняў. А ўвагі так хочацца! У выніку – часам ідуць на злачынствы. Так, гэтым летам у Кобрыне затрымалі двух 19-цігадовых хлопцаў, якія дзеля хайпу ў інтэрнэце збівалі людзей. Спецыяльна шукалі пажылых або фізічна слабых мужчын, якія не маглі супраціўляцца. Адзін збіваў – другі здымаў відэа (не хапіла мазгоў зразумець, што самі выкладваюць у сацсеткі доказы сваіх злачынстваў).
А ў пачатку года міліцыянеры скардзіліся, што шмат падлеткаў сярод тых, хто дасылае сігналы аб ілжэмініраванні. Непаўналетніх «мінёраў» аб'ядноўвае так званы сватынг – гэта калі ўдзельнікі інтэрнэт-гульняў паведамляюць пра фэйкавае мініраванне ад імя свайго саперніка па гульні і тым самым «падстаўляюць» яго. Таксама хайп, які можа скончыцца дрэнна, калі такога мінёра выявяць.
Насамрэч заўсёды былі падлеткі (асабліва ў пераходным узросце), якія прагнулі ўвагі і спрабавалі атрымаць яе экстрэмальнымі спосабамі. Фарбавалі валасы, сыходзілі з дому, выконвалі жудасныя акрабатычныя трукі на вачах у здзіўленай публікі. Але максімум, чыю ўвагу яны маглі прыцягнуць – гэта бацькі, аднакласнікі або дзяўчына, якая падабаецца.
Цяпер жа часы іншыя. Хайповае відэа ў TikTok можа прынесці ўвагу соцень, тысяч, мільёнаў карыстальнікаў. Як не паддацца такому спакушэнню! Асабліва калі бачыш, што розныя блогеры, стрымеры і іншыя ціктокеры становяцца багатымі, нават яшчэ не скончыўшы школу. І як тут растлумачыць дзецям, навошта тады ўвогуле вучыцца? Як сказала нядаўна адна вядомая расійская блогер і зорка Youtube, якую злавілі на няведанні школьных асноў літаратуры і гісторыі: «Магу не ведаць. Мне гэта не перашкаджае жыць і зарабляць грошы!» У яе выпадку грошы сапраўды – вялікія.
Некаторыя разумныя эксперты кажуць: эканоміка працы сышла ў мінулае, зараз туды ж ідзе і эканоміка ведаў. Наступае эканоміка відовішчаў. Гэта калі не трэба дзень за днём назапашваць веды і вопыт, прафесійныя навыкі (тое, што было важна многія дзесяцігоддзі). Можна проста хайпаваць і здымаць кароткія відэаролікі ў сацыяльнай сетцы – і аднойчы знайсці сябе ў спісе маладых мільянераў.
Зрэшты, можна і не знайсці. І абсалютная большасць аматараў спрошчанага падыходу да жыцця, хутчэй за ўсё, там сябе не знойдзе. Бо мы ж памятаем, што такое хайп – гэта ўсеагульная любоў, але толькі на дзень. Праз дзень ніхто ўжо не ўспомніць.
Таму часам трэба проста пачакаць, паназіраць за жыццём «інтэрнэт-зорак» не толькі сёння, але і заўтра. Паглядзець, як складваецца іх жыццё, калі ўжо няма былой папулярнасці і ўвагі.
І ў чарговы раз сказаць сабе: усё ж лепш вучыцца, чым хайпаваць!