Усё часцей ад самых розных знаёмых чую апошнім часам: перасталі заходзіць у сацыяльныя сеткі. Прынамсі, з такой рэгулярнасцю, як раней. Прычына адна: каб паберагчы нервы. Дрэнных навін і розных фэйкаў там і раней хапала, а цяпер яшчэ і хвалі негатыўных эмоцый, узаемных абраз, высвятлення адносін, а часам нянавісці і прамых пагроз. У каго сэрца балець пачынае, у каго галава, а хтосьці дрэнна спіць пасля гэтых «фэйсбукаў».
Нават Генпракуратуры Беларусі давялося публікаваць адмысловы зварот. У ім гаворыцца: усё больш беларусаў звяртаюцца ў праваахоўныя органы са скаргамі на некарэктную крытыку, публічнае цкаванне, абразы і пагрозы, што паступаюць у іх адрас на розных інтэрнэт-рэсурсах. Пракуроры нагадваюць: калі факты пацвердзяцца, вінаватых прыцягнуць да ўстаноўленай законам адказнасці.
На жаль, усё шырэй у наша жыццё пранікаюць з'явы, вядомыя ў свеце пад назвамі булінг, тролінг, мобінг. А яшчэ хэйтынг, флеймінг і аўтынг. Пад моднымі назвамі, якія рэжуць вуха, хаваецца вельмі простая рэч: наўмыснае прычыненне шкоды пэўнаму чалавеку праз інтэрнэт. Прычым шкоды не толькі віртуальнай, але часам і цалкам рэальнай. Абразлівыя каментарыі, здзеклівыя жарты, агрэсіўныя спрэчкі з падключэннем многіх іншых удзельнікаў, асабістыя паведамленні з пагрозамі – гэта ўсё пра тое.
Здавалася б, ну не фізічныя ж дзеянні, усяго толькі словы і віртуальныя намеры… Але даўно вядома: словам можна ўдарыць не менш балюча, чым рукой. Гэтым і карыстаюцца такія вось «булеры». А выказаны намер часам – першы крок да рэальнага дзеяння. І за тое, і за другое трэба адказваць. Вось гэта, здаецца, яшчэ далёка не ўсе «інтэрнэт-героі» разумеюць. Хтосьці спадзяецца схавацца за ананімнасцю, за віртуальным нікам, хоць знайсці за ім рэальнага чалавека сёння амаль не праблема. Усведамленне прыходзіць марудна, але прыходзіць.
Крыху раней працэс пачаўся ў Еўропе і на Захадзе. Усё больш краін або сур'ёзна задумваюцца, як рэгуляваць свабоду выказванняў у інтэрнэце, або прымаюць ужо канкрэтныя захады. Часам размова не толькі пра адказнасць тых, хто напісаў, але і платформ, якія апублікавалі напісанае.
Так, у Германіі яшчэ два гады таму з'явіўся Акт аб законнасці ў сетцы. Яго распрацоўшчыкі ад пачатку не хавалі: асноўная задача дакумента – вырашыць праблему нізкай культуры дыскусій у сацыяльных сетках. Таму трэба забыць пра сітуацыю, калі інтэрнэт ніяк не рэгулюецца, і прыняць рашэнне, якое адпавядае лічбаваму веку. Што толькі не крычалі праціўнікі акта. Адзін з загалоўкаў таго часу – «Германія – рэспубліка цэнзуры». Крытыкам адказаў тагачасны кіраўнік Мінюста (а сёння – Міністр замежных спраў ФРГ) Хайка Маас.
«Свабода самавыяўлення заканчваецца там, дзе пачынаецца крымінальнае права». Ён паабяцаў пакласці канец «праву моцнага» у інтэрнэце.
Акт аб законнасці ў сетцы абавязвае буйныя інтэрнэт-кампаніі аператыўна выдаляць незаконны кантэнт, на які паскардзіліся карыстальнікі. Інакш – шматмільённыя штрафы. Паклёп і абраза, распальванне варожасці, заклікі да злачынстваў – усяго больш за 20 артыкулаў. У відавочных выпадках умоўны Фейсбук або Твітар павінен заблакіраваць такую інфармацыю за суткі. І нікога не хвалююць нюансы – а, магчыма, не так зразумелі, а ёсць жа розны кантэкст...
У Аўстрыі сёлета плануецца ўступленне ў сілу закона супраць праяў нянавісці ў сетцы. Там ёсць цікавая акалічнасць: буйныя інтэрнэт-платформы і рэсурсы (у тым ліку сайты газет) абавяжуць захоўваць імёны і адрасы сваіх карыстальнікаў. Іх рэгістрацыя будзе праходзіць з прывязкай да нумароў мабільных тэлефонаў. Умоўны карыстальнік зможа пакідаць свае каментарыі «ананімна», але як толькі ў адпаведных органаў з'явяцца пытанні, яго рэальнае імя павінны будуць выдаць па першым патрабаванні.
У ЗША прэзідэнт Дональд Трамп нядаўна даў зразумець, што жадае адмяніць ранейшыя палажэнні, якія вызваляюць інтэрнэт-кампаніі ад юрыдычнай адказнасці за кантэнт, створаны іх карыстальнікамі. У такім разе інтэрнэт-платформам давялося б адказваць і за каментарыі, і за тое, што кажуць розныя блогеры, і за распаўсюджванне забароненай інфармацыі.
Заўважце, нават там, дзе канкрэтныя рашэнні яшчэ не прыняты, размова не ідзе пра тое, трэба ці не трэба рэгуляваць узаемаадносіны паміж карыстальнікамі ў інтэрнэце. Размова пра тое, як гэта рабіць. І калі да адказнасці буйных платформ, сацсетак толькі падыходзяць, то адказнасць звычайных людзей за свае словы – нават віртуальныя – даўно існуе.
Ёсць яна і ў Беларусі, але, магчыма, раней адпаведныя гісторыі не так часта траплялі ў поле зроку грамадскасці. Тым лепш, што цяпер пра гэта гавораць больш. Упэўнены, далёка не ўсе ведаюць, напрыклад, што паклёпам або абразай могуць прызнаць гіфкі, мемы і карыкатуры, а не толькі перапіску.
Так што права на меркаванне, канечне, ёсць у кожнага, і кожны можа яго свабодна выказваць. Толькі рабіць гэта трэба ў прыстойнай форме. І памятаць, як кажуць амерыканцы, што «мая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца нос іншага чалавека». Таму перш чым заносіць пальцы над клавіятурай, лепш некалькі разоў падумаць. А яшчэ лепш, канечне, не спадзявацца толькі на юрыдычныя інструменты, а развіваць культуру камунікацыі ў віртуальнай прасторы.