Поделиться:
«Розгалас. Лакдаўны прызналі правальнай стратэгіяй (а Беларусь папярэджвала!)». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 08.02.2022
«Розгалас. Лакдаўны прызналі правальнай стратэгіяй (а Беларусь папярэджвала!)». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

«Большое видится на расстоянии». Слушнасць гэтага вядомага радка з твору Сяргея Ясеніна раз за разам даказвае само жыццё. І ўсё роўна – раз за разам – знаходзяцца тыя, хто хоча паспрачацца з паэтам. Ім кажаш: ну пачакайце крыху, не рабіце высновы адразу, не спяшайцеся – жыццё само ўсё раскладзе па палічках. Але ж не, не слухаюць! Як быццам падабаецца такім людзям сядаць у лужыну.

Чарговы раз падумаў пра гэта, калі прачытаў навіну: вучоныя з амерыканскага ўніверсітэта Джонса Хопкінса прызналі неэфектыўнасць лакдаунаў у пандэмію. Дарэмна, выходзіць, сядзелі на каранціне еўрапейцы і амерыканцы ў апошнія два гады. Няма ад іх карысці, кажуць навукоўцы. Амаль не выратавалі яны дадатковых жыццяў, а магчыма, нават і паспрыялі заўчасным смерцям у пэўных выпадках – толькі ўжо не ад каронавірусу, а ад іншых прычын.

Падрабязнасці зараз абмяркуем, але спачатку давайце вернемся ў вясну 2020-га. Якраз хутка будзе роўна два гады з тых падзей. Памятаеце, колькі выцця было ў інтэрнэце. «Улады ў Беларусі забіваюць людзей! Пакуль увесь цывілізаваны свет закрывае сваіх грамадзян па дамах, у нас людзі робяць што хочуць!»

Ну і дзе зараз той цывілізаваны свет? Атрымліваецца, што сеў у лужыну.

І вось што цікава: а ці гатовы зараз прызнаць сваю памылку тыя, хто тады збіваў у кроў пальцы аб клавіятуру на форумах і ў сацыяльных сетках? Хто дапамагаў накручваць панічны настрой у грамадстве?

Канечне, чакаць абсалютнага спакойства ад людзей было не варта, і гэта зразумела. Бо тэма адчувальная, гэта пра здароўе і жыццё кожнага з нас. А з «кавідам» мы ўсе ўпершыню сустрэліся.

Але ж можна было прыслухацца да цвярозых галасоў (а такія былі ў розных краінах), якія казалі: давайце не панікаваць і не спяшацца з высновамі. Давайце прымаць важныя рашэнні з халоднай галавой! Менавіта такі падыход абрала Беларусь.

Кіраўніцтва краіны тады адкрыта заявіла: калі не жадаем забіць сваю эканоміку, усіх без разбору закрываць па дамах не будзем. Толькі кропкавая ізаляцыя. Калі памятаеце, іншыя краіны (прынамсі, большасць з іх) тады зрабілі інакш, а менавіта – пасадзілі амаль усіх грамадзян пад замок.

І вось мінулі амаль два гады. Свет убачыла даследаванне Універсітэта Джонса Хопкінса (ЗША). Вучоныя, якія яго праводзілі, прызналіся: яны практычна не знаходзяць доказаў таго, што масавыя лакдауны ў Еўропе і Злучаных Штатах вясной 2020-га прыкметна паўплывалі на паказчыкі смяротнасці ад COVID-19. А непрыкметна? Навукоўцы называюць лічбу менш за 3% – на столькі ў тэорыі знізілася смяротнасць у выніку ізаляцый. Але тут жа дадаюць: у некаторых выпадках ізаляцыя магла нашкодзіць і наадварот – павысіць смяротнасць.

Што гэта за выпадкі? Прымусовая ізаляцыя магла пакінуць хворага чалавека ў асяроддзі яго сям'і — дзе ён рызыкаваў перадаць блізкім больш высокую вірусную нагрузку, выклікаючы ў іх больш цяжкае захворванне, – гаворыцца ў даследаванні. Яшчэ адзін прыклад, як абмежаванне сходаў магло фактычна павялічыць смяротнасць ад COVID-19. Абмежаванне доступу людзей да бяспечных адкрытых месцаў (такіх як пляжы і паркі) магло падштурхнуць іх сустракацца ў значна менш бяспечных закрытых месцах.

І гэта мы яшчэ не прыгадалі ўскосны, а не прамы ўрон. Закрытыя з-за лакдаўнаў невялікія крамы і бізнесы, рост беспрацоўя (і звязаных з ім самазабойстваў), зніжэнне якасці школьнай адукацыі (калі ўсе вучыліся анлайн), павелічэнне колькасці выпадкаў насілля ў сям'і і смяротнасці ад перадазіроўкі наркотыкаў, рост разводаў і псіхічных заховорванняў у атмасферы панікі… Усё гэта таксама зламаныя лёсы і жыцці. Проста падлічыць іх цяжка, нават праз два гады – гэта ж не лабараторны аналіз на кавід зрабіць! Але пройдзе час – будуць і падлікі.

Несумненна, адказнасць за гэтыя, пакуль не адлюстраваныя ў лічбах, жыцці – на палітыках, якія прымалі простыя рашэнні. І гэта ўжо не медыцынскія, а сацыяльныя наступствы пандэміі. Здаецца, зразумелі гэта і самі людзі. А як толькі зразумелі, стала ўсё больш акцый пратэсту ў розных краінах. Магчыма, на вуліцы людзей выводзіць і простая злосць: «Гэта значыць, дарэмна мы сядзелі па дамах, гублялі свае бізнесы, не бачылі родных і сяброў! Паверылі палітыкам – а яны аказаліся безадказнымі людзьмі!»

Нездарма быў вымушаны пакінуць сваю сталічную рэзідэнцыю канадскі прэм’ер Трудо. Менавіта Канада – адна з самых гарачых на сёння кропак. Напярэдадні ў Атаве ўвялі рэжым надзвычайнага становішча з-за «кавідных» пратэстаў дальнабойшчыкаў, якія працягваюцца ўжо амаль два тыдні. Дарэчы, сярод іншага ў Канадзе скандзіравалі, што з іх «пачынаецца сусветная рэвалюцыя».

Магчыма, гэта пакуль і перабольшванне, але некаторыя эксперты ўжо заўважаюць: змены, якія адбыліся ў эканоміцы і грамадскім жыцці большасці краін за мінулыя пандэмійныя гады, радыкальна мяняюць абстаноўку ў свеце і вядуць да перадрэвалюцыйнай напружанасці. Прычым сама пандэмія ў гэтым амаль не вінавата. Проста яна стала каталізатарам працэсаў, якія даўно набіралі сілу, асабліва на захадзе.

І гэта чарговая нагода для беларусаў задумацца. Пра адказных і безадказных палітыкаў. Пра тое, што простыя рашэнні – не заўсёды правільныя. І пра тое, што з высновамі лепш не спяшацца, а ўбачыць вялікае на адлегласці.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: