«Яны рыхтавалі дзяржаўны пераварот».
Навіны з такім загалоўкам прыходзілі днямі з Германіі, што само па сабе нечакана. Гісторыя атрымала розгалас, прычым незвычайнымі паваротамі тэмы: магчымыя палітычныя чысткі сярод дзяржаўных служачых, піяр-акцыя спецслужб і несумленная гульня ў адносінах да палітычных апанентаў… Так-так, гэта ўсё пра дэмакратычную Германію!
Коратка нагадаем фабулу сюжэта. На мінулым тыдні сотні паліцэйскіх правялі серыю рэйдаў супраць – як заяўлена – правых экстрэмістаў. Улады сцвярджаюць: яны планавалі ўчыніць штурм бундэстага і дзяржаўны пераварот. Сярод затрыманых – грамадзянка Расіі, прынц са старадаўняга нямецкага дваранскага роду, былы член парламента і былы камандзір спецпадраздзялення бундэсвера.
Затрыманыя – прыхільнікі так званага руху рэйхсбюргераў, або «грамадзян Рэйха». Для нашага вуха слова «рэйх» адразу выклікае зразумелыя негатыўныя асацыяцыі, аднак знаўцы нямецкай палітыкі кажуць: неанацысцкіх поглядаў у гэтых «фанатаў рэйха» збольшага няма, там іншая гісторыя. Яны не прызнаюць легітымнасць цяперашняй ФРГ і лічаць сябе грамадзянамі нямецкага Рэйха, які існаваў ажно з 1871 года. Іх «блакітная мара» – аднавіць Германію ў межах да пачатку Першай сусветнай вайны (і на гэтых словах варта напружыцца сучаснай Польшчы, Літве і Расіі).
«Рэйхсбюргеры» упэўнены: у 1945-ым капітуляваў не Рэйх, а толькі яго армія, таму цяперашнія нямецкія ўлады кіруюць незаконна і самі, маўляў, знаходзяцца пад знешнім кіраваннем (камень у агарод амерыканцаў). «Рэйхсбюргеры» як толькі могуць дыстанцыруюцца ад дзяржавы, у тым ліку спрабуюць не плаціць падаткі (як сказалі б у нашых рэаліях, «не фінансаваць рэжым»). Самыя адмарожаныя робяць самі сабе пашпарты «германскага Рэйха». А яшчэ – пакідаюць ФРГ, таму што іх нібыта прыгнятаюць на радзіме. Нездарма некаторыя нямецкія крыніцы называюць іх нават не экстрэмістамі або канспіралогамі, а сектантамі.
Паслухаеш гэта ўсё і здаецца, што нейкі цырк. Або ўсё сур’ёзна? Эксперты сцвярджаюць: гэта не проста сотня-другая змоўшчыкаў, гэта больш шырокі рух, у аснове якога – антыамерыканізм. Але нейкага рэальнага ўплыву на нямецкую палітыку яны не аказваюць. Хоць выклікаюць сімпатыі і ў некаторых дзеючых палітыкаў (нездарма сярод арыштаваных зараз ёсць былы дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі»).
Мяркуючы па першых паведамленнях, журналісты робяць выснову: змоўшчыкі не рабілі канкрэтных дзеянняў, у іх нават не было нейкіх дакладных планаў, яны проста займаліся размовамі. Абмяркоўвалі свае планы перавароту. Дзялілі будучыя пасады – хто стане якім міністрам, калі ўдасца звергнуць уладу. І тым не менш (зробім на гэтым акцэнт!): нямецкія ўлады з дапамогай спецназа хуценька ўсіх упакавалі. Не за дзеянні – проста за размовы і планы. Не вельмі дэмакратычна, здаецца?
А далей – яшчэ больш цікава. У грамадскасці сталі з’яўляцца пытанні. Так, былы галоўны рэдактар нямецкага таблоіда Bild Юліян Райхельт пракаменціраваў у сваім твітары: «Калі амаль усе рэдакцыі ў краіне загадзя ведаюць пра сакрэтную аперацыю, то гэта не сакрэтная аперацыя, а піяр-аперацыя». І сапраўды, калі рэйды па затрыманні пачаліся а 6-й раніцы, то ўсяго праз некалькі гадзін артыкулы пра гэта былі на старонках Spiegel, Die Zeit і іншых выданняў. Вялікія, падрабязныя артыкулы, якія відавочна не пішуцца спехам адным чалавекам. Дык што, журналісты былі ў курсе?
Сталі з’яўляцца намёкі і на магчымыя палітычныя чысткі сярод дзяржаўных служачых. Так, Ірэн Міхаліч ад Партыі Зялёных заклікала адхіліць усіх «рэйхсбюргераў» ад дзяржаўнай службы. Бо яны – «асаблівая пагроза для нашай (у сэнсе – нямецкай) дэмакратыі». Так, пакуль размова найперш пра ўзброеных супрацоўнікаў органаў бяспекі, якія сімпатызуюць руху. Але дзе гарантыя, што пад шумок у ворагаў дэмакратыі не запішуць увогуле ўсіх палітычных апанентаў цяперашняй кааліцыйнай улады?
Тым больш, што ёсць і іншыя званочкі. Так, генеральны сакратар партыі ХДС Марыё Чаі лічыць: пасля няўдалага перавароту неабходная дбайная праверка дзейнасці апазіцыі нямецкімі спецслужбамі. У прыватнасці, размова пра партыю «Альтэрнатыва для Германіі». Менавіта да гэтай партыі раней – якое супадзенне! – перайшлі многія выбаршчыкі ХДС. Не дзіўна, што многія палітолагі, журналісты ўсё гучней выказваюць падазрэнні: а ці не было затрыманне змоўшчыкаў, безпаспяховых путчыстаў палітычнай акцыяй?
І вось яшчэ пытанне, якім задаецца адзін з каментатараў у беларускім сегменце інтэрнета. Замяніце ў многіх загалоўках апошніх навін слова «Германія» на слова «Беларусь» – і вы атрымаеце артыкулы беларускіх дзяржаўных СМІ апошніх гадоў. Але ж для некаторых адны паведамленні не выклікаюць ні кроплі сумнення і адразу прымаюцца на веру, а другія – тут жа аб’яўляюцца «выдумкай прапаганды». З чаго раптам?! Толькі таму, што на адну краіну павесілі ярлык «дыктатура», а на другую – «дэмакратыя»?
Насамрэч любая ўлада ў любой краіне мае права абараняць канстытуцыйны лад і захоўваць парадак так, як лічыць патрэбным. І «найбуйнейшая змова ў гісторыі Германіі» – гэта ўнутраная справа Германіі, няхай самі разбіраюцца. Пакуль выглядае, што выбіраючы паміж інтарэсамі бяспекі і правамі чалавека, у Берліне робяць адназначны выбар. Галоўнае, каб да выбару іншых краін там таксама адносіліся без двайных стандартаў.