Поделиться:
«Розгалас. Родныя людзі». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 09.03.2022
«Розгалас. Родныя людзі». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Нядаўна пачуў займальную гісторыю. Здарылася яна шмат гадоў таму. Да адной жанчыны прыехалі ў госці яе сваякі, у тым ліку родная сястра. Вячэралі, размаўлялі, а сярод іншага – вельмі зацікавіліся новым залатым пярсцёнкам жанчыны. Так ужо ён усім спадабаўся, асабліва той самай сястры. Круцілі яго ў руках, разглядалі, не шкадавалі кампліментаў, перадавалі адно аднаму.

Але хтосьці ў гэтым ланцужку аказаўся слабым звяном. Выпусціў пярсцёнак з рук, перш чым ён вярнуўся да гаспадыні. Упрыгажэнне кудысьці закацілася.

Сталі ўсёй талакой шукаць прапажу. Шукалі старанна: і па падлозе з ліхтарыкамі поўзалі, і мэблю аглядалі, і ў далёкія куткі зазіралі – як скрозь зямлю праваліўся!

Тут ужо гаспадыня пачала з падазрэннем на сваіх гасцей паглядаць, асабліва на родную сястру. Надта ўжо яна захоплена пра той пярсцёнак казала, а вочы, здаецца, ажно загарэліся, калі ўбачыла! Сястра заўважыла гэты касы погляд і абурылася: няўжо ты думаеш, што я, твой родны чалавек, магла гэты пярсцёнак у сябе схаваць? Як ты ўвогуле можаш такое ўявіць?!

Карацей, слова за словам прыйшлі да таго, што ледзь не ворагамі разыходзіліся ў той вечар. Здаецца, амаль на пустым месцы, але ж супраць фактаў не пойдзеш: быў пярсцёнак і знік. Значыць, хтосьці яго ўзяў! Ну а што яшчэ можна ў такой сітуацыі падумаць?

Пасля гэтага сёстры кантактаваць амаль што перасталі.

Ужо здагадаліся, які працяг атрымала гісторыя?

Ледзь не пяць гадоў мінула, калі аднойчы жанчына надумала зрабіць у кватэры глабальную ўборку і выкінуць старую мэблю. І выпадкова знайшла той пярсцёнак! Невядома, як так атрымалася, але ён заваліўся ў адтуліну аднаго з ролікаў, на якіх стаіць крэсла. Ніхто ніколі б і не падумаў там шукаць.

Зразумеўшы сваю памылку праз столькі гадоў, жанчына кінулася тэлефанаваць сваёй сястры. Тая спачатку проста кінула слухаўку. Потым, здаецца, кантакт наладзілі, магчыма, нават пасмяяліся разам з таго, што адбылося. Але ўсё гэта не адразу. І няма сумненняў: асадачак у сястры застаўся.

А самае галоўнае, што жанчына, калі пераказвала потым гэтую гісторыю, сама з сябе дзівілася: як жа я магла падумаць на свайго роднага чалавека? Была ж абсалютна ўпэўнена, што гэта яна скрала пярсцёнак. І нават не слухала, што гаворыць у адказ.

Колькі гадоў страчана на ўзаемныя крыўды, колькі не размаўлялі адна з адной – і на пустым месцы, як аказалася!

Гэта гісторыя скончылася добра. Але я расказаў яе, канечне, не проста так. Мне здаецца, гэта вельмі яскравы вобраз адносін паміж рознымі народамі або краінамі. Дакладней, тых непаразуменняў паміж імі, якія часам узнікаюць.

Наколькі лёгка часам павесціся на правакацыю, паверыць у фэйк, выпусціць як джына з бутэлькі старыя, здавалася б, даўно забытыя супярэчнасці – і вось ужо гучаць папрокі на адрас адно аднаго, льюцца патокі абвінавачванняў, разгараецца канфлікт. Асабліва калі дровы ў гэты агонь свядома падкідваюць тыя, хто назірае за канфліктам збоку. «Беларускія салдаты ва Украіне», «забітыя ўкраінцамі беларускія дальнабойшчыкі ў Італіі» і іншыя фэйкі – якраз з гэтай оперы.

А фокус у тым, што «пярсцёнак», магчыма, ніхто і не краў. А родныя людзі ўжо гатовы разарваць усе адносіны і перастаць размаўляць. Каб толькі не аказалася потым, што шмат гадоў страчана на варожасць і маўчанне абсалютна беспадстаўна...

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: