Поделиться:
«Розгалас. Што за ChatGPT, пра які ўсе пішуць?» Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 06.04.2023
«Розгалас. Што за ChatGPT, пра які ўсе пішуць?» Радыёблог Максіма Угляніцы

Нас зноў пужаюць – чалавецтву пагражае імклівае развіццё штучнага інтэлекту! Раней хоць робатамі пужалі (што яны чалавека заменяць), а тут размова пра нейкія незразумелыя нейронныя сеткі, якія нават рукамі не памацаеш.

І вось ужо сусветна вядомы бізнесмен Ілан Маск разам з іншымі, не апошнімі ў тэхналагічнай сферы людзьмі, піша пісьмо. Асноўны пасыл: тэрмінова прыпыніце развіццё штучнага інтэлекту, інакш у насельніцтва Зямлі будуць вялікія праблемы.

Частку гэтых праблем яшчэ раней пазначылі эканамісты банка Goldman Sachs. На іх думку, да 300 мільёнаў працоўных месцаў па ўсім свеце могуць быць нейкім чынам аўтаматызаваны з дапамогай найноўшай хвалі штучнага інтэлекту. Карацей, 300 мільёнаў чалавек могуць пачынаць задумвацца пра новую работу. Што цікава, гэта больш датычыцца «белых каўнерыкаў», чым работнікаў фізічнай працы. Будаўнікоў ці рамонтнікаў так проста не заменіш, а вось з юрыстамі, адміністрацыйнымі работнікамі, журналістамі і іншымі дызайнерамі ёсць пытанні. Усё часцей штучны інтэлект у гэтых сферах спраўляецца не горш за інтэлект натуральны.

Увесь гэты сыр-бор з-за новай тэхналогіі ChatGPT – сенсацыйнага чат-бота, які ў апошнія месяцы ў рэжыме бліцкрыгу заваёўвае ўвесь свет. Не ўсе яшчэ нават ведаюць, як яго правільна вымаўляць, але ўсе дакладна штосьці пра яго чулі. Гэта ён адказвае на пытанні лепш, чым Гугл з Яндэксам, а яшчэ можа напісаць за вас сачыненне ці навуковую працу і лепш за ўрача падказаць, чым захварэў ваш сабака.

У лютым у Расіі нарабіла шуму гісторыя: студэнт адной з ВНУ напісаў дыплом за 23 гадзіны! Ён умела скарыстаўся сваім смартфонам: проста закінуў у сетку ChatGPT (а яна для ўсіх адкрытая) план дыплома і пазначыў, колькі яму патрэбна знакаў. Прыкладна праз 11 гадзін на яго камп’ютары з’явілася ўся тэарэтычная частка дыплома (самая складаная). Трэба было толькі крыху яе падрэдагаваць і дапоўніць практыкай. Ніхто з выкладчыкаў слядоў нейрасеткі не заўважыў. А калі даведаліся, як яно было насамрэч, на хлопца абрушылася хваля крытыкі: а ці варты ён дыплома? Можа, яго адразу адлічыць? У выніку гісторыя закончылася для студэнта ўдала, дыплом яму пакінулі. Але пытанні засталіся.

«Такія сістэмы з інтэлектам, якія канкурыруюць з чалавекам, могуць уяўляць сур'ёзную небяспеку для ўсяго чалавецтва», — папярэджваюць у калектыўным лісце Маск і таварышы. Пісьмо разышлося па сусветных СМІ і інтэрнэце, яго шмат абмяркоўвалі. А людзі абазнаныя тым часам задаліся пытаннем: Ілана Маска рэальна хвалюе лёс чалавецтва? Або яму проста крыўдна за сябе самога? Бо, як аказалася, за гэтым калектыўным пісьмом стаіць інстытут, які напрамую фінансуецца арганізацыяй Маска. А сам хайповы бізнесмен мае даўні канфлікт з арганізацыяй (OpenAI), якая і распрацавала ChatGPT і зараз атрымлівае ад гэтага бонусы. А Маск калісьці хацеў там руліць, але яму не далі. Больш за тое, ён у выніку застаўся без ключавой тэхналогіі для распрацоўкі чалавекападобнага робата – з гэтай ідэяй Ілан носіцца ўжо не першы год. Так што справа хутчэй ў бізнес-інтарэсах, а не ў клопаце пра чалавецтва. Маск проста зноў (ён гэта ўмее) маніпулюе ўвагай мільёнаў людзей, іграючы на нашых страхах.

Зрэшты, і яны не на пустым месцы з’явіліся. ChatGPT – не бяскрыўдная тэхналогія. Нездарма нядаўна італьянскае ўпраўленне па абароне персанальных даных забараніла да яе доступ. Праўда, часова. Пра такую меру задумаліся і ўлады Германіі. Прычына тая ж – парушэнні пры зборы даных карыстальнікаў.

Выданне Wired піша: ChatGPT ўжо ўразіў сваёй паэзіяй, прозай і вынікамі акадэмічных тэстаў. Цяпер падрыхтуйцеся да таго, што не па гадах развіты чат-бот знойдзе ваш наступны авіярэйс, парэкамендуе рэстаран з добрай пасадкай і прынясе вам бутэрброд.

Нядаўна кампанія, якая стаіць за ChatGPT, абвясціла: мноства кампаній дазволілі чат-боту атрымліваць доступ да сваіх сэрвісаў. Як толькі карыстальнік смартфона актывуе спецыяльную тэхналогію, ён зможа папрасіць ChatGPT выканаць задачы, што звычайна патрабуюць выкарыстання інтэрнэту або адкрыцця мабільнага дадатку. У выніку гэта можа стаць новай эрай для штучнага інтэлекту і персанальных камп’ютараў. А наступнае пакаленне ChatGPT у такім выпадку стане падобным на супермега-дадатак – такі, які выкарыстоўвае ўсе іншыя мабільныя дадаткі. Аднак, у такім разе на кампанію OpenAI ляжа велізарная адказнасць за тое, каб новая тэхналогія выкарыстоўвалася асцярожна і адказна.

У працэсе выкарыстання тэхналогіі GPT высветлілася, напрыклад, што мадэль можа растлумачыць, як ствараць біялагічную зброю, сінтэзаваць бомбы або купляць праграмы-вымагальнікі грошай. Экспертаў моцна непакоіць і тое, што цяпер тэхналогія можа перайсці ад простага напісання тэксту да выканання розных дзеянняў ад імя карыстальніка. «Гэта не значыць, што па ўласнай волі ChatGPT збіраецца ствараць бомбы, але гэта нашмат спрашчае выкананне такіх рэчаў», – прызнаецца адзін са спецыялістаў у інтэрв’ю выданню.

Зрэшты, іншыя эксперты кажуць: карыснасць праграм штучнага інтэлекту, падключаных да інтэрнэту, азначае, што тэхналогію немагчыма спыніць. І найбольш правільна было б не забараняць такія навінкі, а з карысцю іх выкарыстоўваць. Калі трэба – кропкава абмяжоўваць.

Цікавы ў гэтым сэнсе прыклад таго самага расійскага студэнта, за якога штучны інтэлект напісаў дыплом. Нядаўна стала вядома: яго ўзяла на працу буйная расійская кампанія. Ён будзе там нейрасетолагам, які піша артыкулы для карпаратыўнага выдання. Дакладней, сам пісаць ён зноў нічога не будзе – артыкулы напіша добра вядомы нам ChatGPT, а хлопец будзе іх толькі падпраўляць і правяраць факты. Прычым не выходзячы з дому. Чым не работа-мара!

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: