Поделиться:
«Розгалас. Сёстры Хатыні». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 22.03.2023
«Розгалас. Сёстры Хатыні». Радыёблог Максіма Угляніцы

Сёння мы прыгадваем страшную старонку ў гісторыі Беларусі – трагедыю Хатыні. 80 гадоў таму нацысты сцерлі з твару зямлі населены пункт з такой назвай. Спалілі разам з жыхарамі.

Сапраўдная трагедыя, аднак, у тым, што Хатынь – гэта не проста назва канкрэтнай вёскі, гэта яшчэ і сімвал усіх тых вёсак, якія падзялілі яе лёс падчас Вялікай Айчыннай вайны. На сёння ў так званым “Хатынскім спісе” 186 населеных пунктаў – спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых пасля акупацыі. Ёсць падставы меркаваць, што насамрэч іх больш – але пра гэта пазней.

Звычайна іх называюць “сёстрамі Хатыні”. Пра адну з такіх “сясцёр” я даведаўся днямі амаль што выпадкова, калі пабываў у аграгарадку Блонь, а там зазірнуў у Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей. Быў вечар суботы, але музей працаваў. Шкада толькі, што экскурсавод была на бальнічным, таму давялося вывучаць экспанаты самастойна. І вось у зале, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, убачыў слова “Беразянка”…

Гэта была прыгожая невялікая вёсачка са старымі дубамі ў даліне Свіслачы. Па ўспамінах, тут летам 1939-га і 1940-га гадоў адпачываў Якуб Колас. І нават марыў займець сабе летнюю дачу ў гэтых мясцінах – прыгледзеў месца і прывёз бярвенне для будучай пабудовы. Але праз год пачалася вайна…

Раніцай 6 верасня 1943-га ў Беразянцы з’явіліся карацелі. Сведкі пасля прыгадвалі, што напярэдадні немцы заўважылі ў адной з хат ватнік і патроны, якія забылі там партызаны. Гэтага было дастаткова, каб нарадзілася жаданне адпомсціць жыхарам вёскі.

Карацелі пачалі заганяць людзей у стайню, быццам бы на нейкі сход. А пасля падпалілі яе. У тых, хто спрабаваў вырвацца праз дзверы, стралялі з кулямётаў. Частку дзяцей дарослыя змаглі выштурхнуць у маленькае акенца з іншага боку стайні, і тыя збеглі ў лес. Вечарам таго ж дня беразянцы, якія выжылі, пайшлі за рэчку да партызанаў.

Сухія лічбы сведчаць: да вайны ў Беразянцы было 19 дамоў і жыло 80 чалавек. 43 з іх загінулі, а дома не засталося ніводнага. Усё, што сёння нагадвае пра былую вёску, – невялікі абеліск каля лясной дарогі непадалёк ад аграгарадка Пухавічы. А таксама назва, выбітая на мармуры Хатыні.

А яшчэ на сцяне краязнаўчага музея я заўважыў карту Пухавіцкага раёна з пазначанымі на ёй месцамі спаленых вёсак. Аднаго толькі раёна. А колькі іх у Беларусі! Колькі разоў паўтаралася хатынская трагедыя…

Дарэчы, адносна лічбаў. Сёлета група беларускіх вучоных-гісторыкаў выступіла з ініцыятывай – дапоўніць сумны “Хатынскі спіс”. Яны вывучылі матэрыялы крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, архіўныя дакументы, апублікаваныя зборнікі матэрыялаў, электронныя базы даных, пагаварылі з экспертамі і прыйшлі да высновы: у спіс трэба ўключаць яшчэ 30 населеных пунктаў. Яны таксама былі спалены разам з жыхарамі і ніколі больш не аднавіліся. Абсалютная большасць гэтых вёсак – у Віцебскай вобласці. Такім чынам, у трагічным спісе “сясцёр Хатыні” ужо 216 пунктаў…

Трагедыя гэтых беларускіх вёсак, які і тысячы іншых фактаў – сведчанне мэтанакіраванай палітыкі генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую ажыццяўляў Трэці рэйх і яго памагатыя на працягу ўсёй акупацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Каб тыя страшныя злачынствы ніколі не былі забыты і ніколі не паўтарыліся, ім трэба даць сістэмную прававую ацэнку. Менавіта гэтым зараз займаецца Генеральная пракуратура, якая раследуе крымінальную справу па факце генацыду.


Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: