У Астапа Бэндара, як вядома, было 400 адносна сумленных спосабаў адабрання грошай. У сучасных махляроў іх не менш, але сумленнем там і не пахне. І самі спосабы неверагодна хітрыя і дзейсныя. Думаеце, вы чалавек асцярожны і вас так проста не падмануць? Я б не быў настолькі ўпэўненым.
Нядаўна мне давялося размаўляць з супрацоўнікам праваахоўных органаў, які падзяліўся трывогай: у тэлефонных махляроў з’явілася новая фішка, і на яе вядзецца ўсё больш людзей. Прывядзём некалькі канкрэтных гісторый са СМІ, каб было зразумела, пра што размова.
Гісторыя першая. Пенсіянерцы з Гродна тэлефануе невядомы і ўсхваляваным голасам паведамляе: яе дачка нібыта ўчыніла смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне, ёй пагражае крымінальная справа. Каб вырашыць праблему, патрэбныя грошы. Напалоханая жанчына пагаджаецца на «здзелку», і праз некалькі гадзін аддае невядомаму мужчыне больш за 15 тысяч долараў у эквіваленце. Толькі пасля гэтага яна тэлефануе дачцэ і… разумее, што страціла свае зберажэнні.
Гісторыя другая. Мінск, дзвюм пажылым жанчынам тэлефануюць невядомыя і прадстаўляюцца ў адным выпадку сынам, а ў другім дачкой. Але схема ва ўсіх выпадках аднолькавая – фэйкавае ДТЗ, патрэбны грошы, каб адкупіцца ад крымінальнай адказнасці, жанчыны пагаджаюцца, да іх прыходзіць кур’ер і забірае грошы. У гэтых выпадках размова ідзе таксама пра дзясяткі тысяч долараў у эквіваленце. Аднак, тут ўсё завяршылася справядліва – і махляроў, і іх памагатага знайшлі і затрымалі.
Гісторыя трэцяя. У Пінску некалькім пенсіянеркам тэлефануюць пад відам іх родных і… Далей не буду расказваць, бо гісторыя спісана як пад капірку з папярэдніх. Дарожнае здарэнне, патрэбны грошы, прыходзіць кур’ер – развітайцеся са сваімі зберажэннямі. У гэтым выпадку кур’ера-пінчаніна міліцыя таксама затрымала, а перададзеныя сумы былі значна меншыя.
Першае, што я спытаў у спецыяліста, калі паслухаў яго расказ пра новы метад работы махляроў, – а чаму ж людзі так лёгка «вядуцца» на падман? Няўжо ж не з’яўляюцца падазрэнні?
О, не ўсё так проста, злачынцы – добрыя псіхолагі! У іх арсенале розныя метады ўздзеяння і падману.
Напрыклад, адразу ў размове яны могуць назваць сапраўднае імя вашага сына, мужа, жонкі, сястры, іншага роднага. Натуральна, амаль у любога ў такой сітуацыі адразу адключаецца рацыянальнае мысленне, чалавек у стрэсе – і было б дзіўна чакаць ад яго абдуманых рашэнняў. Дзе ж махляры могуць даведацца сапраўднае імя блізкага чалавека? Знайшлі праблему ў нашу інфаэпоху! Многія самі ўсё расказваюць і паказваюць на старонках у сацыяльных сетках – і як завуць іх родных, і дзе яны жывуць, і на якіх машынах ездзяць. Было б жаданне, а інфармацыі хапае.
Нават калі вы і пачнеце штосьці падазраваць, злачынцы імкнуцца пастаянна быць на сувязі, не даць вам завяршыць размову і патэлефанаваць родным. У асобных выпадках такія размовы цягнуліся па некалькі гадзін! А калі пацярпелы пагаджаўся пералічыць грошы на рахунак, то ўсю дарогу да банка з ім падтрымлівалі сувязь па тэлефоне.
Добра, а тыя выпадкі ў Мінску і Пінску, калі званілі пад відам блізкіх людзей. Ну няўжо чалавек не можа пазнаць па голасе сваю дачку або сына?! І тут ёсць метады: махляры пад відам блізкага скажуць вам, што трапілі ў страшную аварыю, у іх траўмы, разбіты вусны або зубы – і вяртаемся да раней апісанага: вы ў стрэсе, рацыянальнае мысленне адключаецца, грошы рыхтуюцца перайсці да новага ўладальніка. Паўтару, злачынцы вельмі прафесійныя маніпулятары. Так, гэта брудная гульня, гульня на чалавечых пачуццях і эмоцыях, але ж для іх грошы не пахнуць.
Калі аднойчы вам раптам патэлефанавалі і вы чуеце ўжо знаёмую схему, то што рабіць?
Спецыялісты раяць найперш як мага хутчэй завяршыць дыялог. І адразу патэлефанаваць таму роднаму, пра якога вам сказалі або чыім імем вам прадставіліся. Бо ўсё ж такі званок можа аказацца праўдай, на жаль, часам дарожныя здарэнні адбываюцца і ў іх ёсць пацярпелыя. Але нават у гэтым выпадку смешна думаць, што вы можаце даць грошы і адкупіцца ад крымінальнай адказнасці.
Калі да родных дазваніцца не ўдалося, тэлефануйце ў міліцыю і раскажыце пра тое, што адбылося.
І як ні сумна даваць наступную параду, але ўсё ж такі: не трэба быць вельмі даверлівым да тых, хто вам тэлефануе, увогуле – да незнаёмых людзей. Так, нашы людзі, асабліва старэйшага ўзросту, вядомыя сваёй спагадлівасцю, даверам, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў цяжкай сітуацыі… Але ёсць тыя, хто гатовы ўсімі гэтымі добрымі якасцямі скарыстацца і падмануць. Забраць апошняе. Лепш не даваць ім такой магчымасці.
Дарэчы, вышэйзгаданы супрацоўнік расказаў мне: здараліся выпадкі, калі па тэлефоне размаўлялі непасрэдна праваахоўнікі і махляры. І абодва амаль адразу разумелі, хто ёсць хто, маскі ўжо былі не патрэбныя. Калі ў злачынцаў пыталіся, што называецца, не для пратакола: а вы разумееце, чым займаецеся – забіраеце апошнія грошы ў пажылых людзей? У адказ гучала: а мы кашалёк ні ў каго не адбіраем, мы гэтых людзей не ведаем і нават не бачым, мы толькі чуем іх голас, а грошы яны самі аддаюць…
Добрая, канечне, спроба зняць з сябе адказнасць, хаця б маральную, але наўрад ці атрымаецца. Зрэшты, адказнасць рэальная таксама часцей за ўсё наступае. Раней ці пазней.