Поделиться:
«Вердыкт. Санкцыі? Стрэл сабе ў нагу ініцыятараў!» Радыёблог Леаніда Новікава
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 16.11.2022
«Вердыкт. Санкцыі? Стрэл сабе ў нагу ініцыятараў!» Радыёблог Леаніда Новікава

Санкцыйная палітыка з боку краін калектыўнага Захаду ў адносінах да Беларусі працягваецца шмат гадоў. Контрпартнёры ў Бруселі і Вашынгтоне знаходзілі розныя падставы для абмежаванняў. У 2015 годзе ўлады здолелі дабіцца разрадкі ў напружаных адносінах з Еўрапейскім саюзам і Злучанымі штатамі. У выніку дзеянне абмежавальных мер было прыпынена ці зусім спынена. Аднак, ненадоўга.

Новы віток санкцыйнага супрацьстаяння паміж Беларуссю і заходнімі дзяржавамі прыпаў на канец 2020 года. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ЕС і ЗША хацелі выкарыстаць незадаволенасць некаторых сіл іх вынікамі для правакавання «каляровай» рэвалюцыі. Задуманае правалілася. Санкцыі ўзмацніліся. Мінск, у сваю чаргу, прыняў рашэнне ўвесці контрсанкцыі.

Між тым, за час санкцыйнага ціску Беларусь навучылася максімальна гнутка адаптавацца да неспрыяльных умоў. Гэта нядаўна пацвердзіў і міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў на сустрэчы з калектывам прадпрыемства «Гродна Азот» і ідэалагічным актывам гродзенскіх арганізацый.

Так, пад санкцыі ў ліку іншых трапілі прадпрыемствы Белнафтахіма, якія навучыліся супрацьстаяць санкцыйнаму ціску і вырашаць пытанні імпартазамяшчэння. Адно з такіх прадпрыемстваў «Гродна Азот», ад якога залежыць функцыянаванне некалькіх сумежных галін, ды і Белнафтахіма ў цэлым.

Белнафтахім – адна з нямногіх галін беларускай эканомікі, якая на працягу многіх гадоў працуе ва ўмовах санкцый. І прадпрыемствы, і спецыялісты канцэрна загартаваны канкурэнтнымі «рыначнымі бітвамі». Цяпер жа выпрабаванні выйшлі на новы ўзровень. Знакавыя падзеі, якія кардынальна паўплывалі на становішча айчыннай нафтаперапрацоўчай галіны на знешніх рынках, адбыліся яшчэ ўзімку. З 24 лютага санкцыйная заходняя блакада катком прайшлася па ўсіх беларускіх прадпрыемствах нафтаперапрацоўкі. Але зламаць нашых нафтахімікаў не ўдалося. Яны навучыліся за гэты час працаваць максімальна гнутка, адаптавацца да неспрыяльных умоў.

Насуперак санкцыям у мінулым годзе беларуская эканоміка ў цэлым прадэманстравала рост больш як 2%. 2021-шы стаў самым паспяховым з пункту гледжання знешняга гандлю. Прафіцыт быў сфарміраваны на ўзроўні $4 млрд.

З чарговым выклікам Беларусь сутыкнулася сёлета. Супраць нашых прадпрыемстваў пачалася сапраўдная эканамічная вайна: дадатковыя абмежаванні ўведзены для металургіі, дрэваапрацоўкі, цэментнай прамысловасці, таксама ўведзены лагістычныя абмежаванні, абцяжараны доступ на звыклыя нам рынкі.

Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, санкцыйныя абмежаванні павінны былі прывесці да страт эканомікі больш як на 10%. Але планы разарваць нашу краіну і эканоміку праваліліся. Кіраўнік дзяржавы паставіў дакладныя задачы, як змікшыраваць уплыў санкцыйнага націску. Заўважым, пасля пяцімесячнага запаволення эканоміка стала прырастаць, пачынаючы са жніўня. Асноўны ўклад унесла сельская гаспадарка. З верасня пачала дэманстраваць станоўчую дынаміку і прамысловасць. Важна, што ў прамысловасці сталі прырастаць тыя сектары, якія выпускаюць высокатэхналагічную прадукцыю. На 20% больш выраблена інтэгральных схем, тэлевізараў, оптыкі, кар'ерных самазвалаў, аўтобусаў, кормаўборачных камбайнаў і гэтак далей. На тым жа «Гродна Азоце» за 8 месяцаў вырасла выручка – практычна на 20%. Са жніўня нарошчваюцца аб'ёмы вытворчасці.

У Беларусі акрамя іншых прадпрыемстваў Белнафтахіма працуюць два нафтаперапрацоўчыя заводы: Мазырскі НПЗ і «Нафтан» у Наваполацку. На іх завяршаецца маштабная мадэрнізацыя, накіраваная на павышэнне глыбіні перапрацоўкі нафты. Абодва прадпрыемствы поўнасцю закрываюць патрэбнасці ўнутранага рынку не толькі ў дызельным паліве, але і аўтабензіне ўсіх марак. Усе прадпрыемствы нафтахімічнай галіны працуюць без перабояў і ў цэлым са складанымі задачамі паспяхова спраўляюцца. Унутраны рынак стабільна забяспечаны ўсімі відамі паліва ў поўным аб'ёме. Калі пэўнае павышэнне цэн і назіралася, яно проста непараўнальна з тымі цэнавымі скачкамі, якія скалынаюць замежныя спажывецкія рынкі. Нездарма санкцыі супраць Беларусі і Расіі называюць стрэлам сабе ў нагу з боку іх ініцыятараў.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: