Сярод адметнасцей гэтага дня, 26 лютага, ёсць і такая: у некаторых краінах свету адзначаецца як Дзень няспешнасці. Можна, канешне ж, жартаваць на гэты конт, нават кпіць, што апошнім часам неяк зашмат усялякіх свят ды адметных дзён (у мэтах эканоміі часу пералічваць не буду), аднак Дзень няспешнасці мяне ўразіў і захапіў.
Ідэя заснавання належыць італьянцам. Менавіта яны, актыўныя і эмацыянальныя, упершыню адзначылі яго ў 2007 годзе. «Не спяшайцеся, атрымлівайце асалоду ад жыцця, ад кожнага імгнення», – такі дэвіз. Многія італьянцы ў гэты дзень аддаюць перавагу справам, на якія ім заўсёды не хапала часу: наведваюць літаратурныя ці музычныя гасцёўні, займаюцца любімым заняткам ці проста сустракаюцца са сваімі блізкімі і знаёмымі, нетаропка вядуць размовы за абедам ці вечэрай. Выдатная ідэя – дазваляць сабе хоць калі-небудзь не спяшацца!
У вашых лістах таксама пра тое, як важна своечасова прыпыніцца, азірнуцца. Заўважыць, скажам, тое, што робіцца за вокнамі напрадвесні, нават самыя, здавалася б, пакуль яшчэ зусім нябачныя зрухі ў прыродзе. Зрабіць маленькія і радасныя адкрыцці. І абавязкова падзяліцца сваімі назіраннямі.
Галіна Сцяпанаўна Крупянкова з Мінска расказала, як яны аднойчы з унукам назіралі за сінічкамі, што зляцеліся да кармушкі з салам. У птушыным свеце столькі ўсяго цікавага і незвычайнага! «Такія назіранні ўзбагачаюць нас новымі ведамі, прыемнымі эмоцыямі, дапамагаюць знайсці кантакт з маладзейшымі», – лічыць яна.
Святлана Сцяпанаўна Смаляк з Мінска таксама любіць той час, калі можна нетаропка правесці яго з унукамі. Часта распавядае ім пра сваё вясковае дзяцінства, пра тое, як за тры кіламетры, зімой, праз снягі і завеі, дабіралася ў школу, цягнулася да ведаў. Як любілі яны працаваць, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Стараецца, каб і яе ўнукі выраслі працавітымі людзьмі. Майстар па рамонце гадзіннікаў, Святлана Сцяпанаўна і на пенсіі не развітваецца з любімым заняткам. Цэніць дакладнасць часу, яго таропкую хаду, але ж таксама згодная з тым, як важна знаходзіць час для сваіх родных і блізкіх.
«Жыць няспешна ў наш імклівы час, вядома ж, няпроста. Заўважаць прыгажосць паўсядзённасці – гэта своеасаблівае мастацтва, якому можна і варта вучыцца», – лічыць Вольга Шатыка з Мінска. Па прафесіі яна ўрач, кандыдат медыцынскіх навук. Упэўнена, што і пасля 60-ці,70-ці гадоў існуе паўнавартаснае і шчаслівае жыццё, трэба толькі выбраць прыярытэты, правільна ўспрыняць пенсійны ўзрост. Сваімі парадамі, як жыць і не баяцца старасці, Вольга Шатыка збірае шмат прыхільнікаў, у яе тысячы падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Многім яна дапамагае запаліць у душы агеньчык і прагу да жыцця. Наконт няспешнасці, нетаропкасці часу ў яе таксама ёсць сваё меркаванне. «Пастарайцеся, – лічыць яна, – ідучы па вуліцы, звярнуць увагу на нешта адметнае, пазітыўнае, скажам, на дзіцятка, якое весела шчабеча, ці то на аблокі з незвычайнымі ўзорамі, на дрэвы, на кветкі і г.д. Гэтую звычку варта пастаянна замацоўваць і развіваць. Міне час, ваш мозг пачне ўспрымаць усё тое пазітыўнае, што нас акружае», – дзеліцца з намі Вольга Шатыка.
«Нетаропкасць даўно пакінула мяне. Падрастае дачка. Школа, заняткі, рэпетыцыі, спектаклі, клопаты пра сям’ю, мужа. Усюды толькі паспявай, – далучаецца да размовы актрыса тэатра і кіно Кацярына Шатрова. – З аднаго боку прыемна адчуваць сябе запатрабаванай, а з другога, як і ўсім, часам хочацца проста нікуды не спяшацца. Для мяне вялікая радасць, калі выпадае магчымасць пасядзець, пачытаць, павязаць».
Пра няспешнасць прачытала і ў радках нашых слухачоў – ад Алены Міхайлаўны Букштыновіч з вёскі Гальшаны, што на Гродзеншчыне (пра радоўку, возера, вывадак маленькіх качанятак, захапленне прыродай і яе краявідамі), ад Алеся (прозвішча прасілі не называць) – (пра сустрэчу з дзяўчынай і тое, як узважана і нетаропка варта падыходзіць да шлюбу), ад Валянціны Нікіфанавай (пра тое, што ў наш імклівы час можна проста пагартаць сямейныя альбомы, навесці ў іх парадак) і г. д.
Дзень няспешнасці, як было заўважана на самым пачатку, прыдумалі італьянцы. Створана нават асацыяцыя «Мастацтва павольна жыць», а лозунг гэтага дня – «Не спяшайцеся і атрымлівайце асалоду ад жыццёвых момантаў». У гэты дзень, напрыклад, у Рыме праводзіцца «Марудны марафон», удзельнікам якога можа стаць кожны жыхар ці госць краіны. Абавязковая ўмова: дыстанцыю ў 300 метраў трэба пераадолець не хутчэй, чым за 87 хвілін (чамусьці менавіта такая лічба), пры гэтым ні разу не прыпыніцца. У Мілане ў гэты дзень тым, хто вельмі спяшаецца, могуць нават выпісаць сімвалічны штраф.
Як бы хто з нас не ставіўся да Дня няспешнасці (менавіта сёння ён адзначаецца ў некаторых краінах), з доляй скептыцызму ці сур’ёзна, усё ж яшчэ з глыбокай старажытнасці мысліцелі-філосафы падкрэслівалі, што ў жыцці павінна быць месца маленькім немудрагелістым радасцям. А яны здараюцца, калі ісці па жыцці пазітыўна і няспешліва.