...Пачынаецца ўсё з любві. З кахання. Думаю, ніхто не возьмецца аспрэчваць гэтае паэтычнае сцвярджэнне пісьменніцы Яўгеніі Янішчыц. Многія лічаць, каханне – найлепшае з усіх пачуццяў, бо яно напаўняе душу цяплом, дабрынёй, радасцю, жаданнем зрабіць чалавека шчаслівым. Каханне сагравае нас, дапамагае перажыць жыццёвыя цяжкасці, натхняе, «дае крылы». Гэта найвялікшы дар, які адзін чалавек можа падарыць другому.
Часам толькі на схіле гадоў мы пачынаем разумець, як нам не хапае тых, каго мы страцілі некалі на жыццёвых сцяжынках: з-за неасцярожна сказанага слова, недараванай крыўды ці проста па нейкіх незразумелых прычынах не змаглі адказаць на пачуцці. Цяпер, калі былога ўжо няма, вяртаемся да тых незабыўных момантаў ва ўспамінах. Не раз даводзілася чытаць вашы шчырыя споведзі. Вельмі ўдзячная за давер.
«Раскажу гісторыю амаль што казачную! Было гэта даўно, калі вучылася ў 9 класе», – радкі з ліста ад Веры Іосіфаўны Шыловіч з вёскі Свяціца Ляхавіцкага раёна. І далей пра тое, як на святочным вечары ў сяброўкі яна ўбачыла Эдзіка. Даўно падабаліся адно аднаму, але ж не паказвалі свае пачуцці, глыбока хавалі іх. У той вечар яна не знаходзіла сабе месца: паглядвала на яго і на гадзіннік. Час вяртацца дадому, строгі бацька не дазваляў затрымлівацца. Выбегла з хаты. На вуліцы снегу намяло, дадому далекавата, сабакі зайшліся брэхам... А далей, як у казцы! Эдзік даганяе яе, падхоплівае на рукі, нясе праз сумёты. Дадому паспела. «Колькі жыву на свеце, столькі памятаю той казачны вечар, напоўнены пяшчотай і каханнем. Пазней жыццёвыя дарогі разлучылі нас. У кожнага свая сям’я, дзеці, унукі. Але ж часам дый успомніцца тая далёкая зімовая казка».
Запала ў душу і гісторыя пра сустрэчу ў вясковым клубе і... паркалёвую сукенку! Слухачы, напэўна, таксама запомнілі. Пра яе нам расказала Вера Васільеўна Рудзянкова з аграгарадка Красная Буда Крычаўскага раёна. Яна, тады дзевятнаццацігадовая дзяўчына, тэхнік-лесавод, прыехала па размеркаванні ў аддаленую палескую вёсачку. Ніяк не магла прызвычаіцца да новай мясціны, да людзей. Аднойчы знаёмая выцягнула яе на танцы. Вера апранула прыгожую сукенку ў клетачку, туфлікі на абцасіках... Яе запрасіў на танец настаўнік мясцовай школы. З таго вечара яны амаль што ніколі больш не расставаліся. На працягу 54 гадоў! Саша (так звалі мужа) праз шмат гадоў набыў у падарунак для Веры тканіну, вельмі падобную на тую, з чаго была пашыта некалі яе дзявочая паркалёвая сукенка. Напэўна, яму захацелася вярнуцца разам з Верай у тыя далёкія гады маладосці, да тых шчаслівых хвілін першай сустрэчы і кахання.
За вашымі лістамі і радкамі – шчымлівыя гісторыі кахання! Ніна Іванаўна Рыбачонак з Іўеўскага раёна запэўнівае, што выходзіць замуж можна толькі тады, калі кахаеш свайго абранніка. «Можа і добра, што цяпер маладыя людзі пажывуць нейкі час разам, а тады вырашаюць – быць іх сям’і ці не?.. Хаця тут ёсць і свае мінусы». Памятаю цэлы стосік пісьмаў з сямейнага архіва ад мінчанкі Надзеі (прозвішча не называю). Гісторыя кахання даўжынёй амаль што ў 40 гадоў, падобнага на цікавы кінасюжэт. Яны лічаць, гэта падарунак нябёсаў. Ім няпроста было пабрацца шлюбам, праз многае давялося прайсці. Але ж, калі кахаеш, любыя перашкоды можна пераадолець.
Ці вось яшчэ гісторыя. Ён і яна сустрэліся ў першыя пасляваенныя гады. У кожнага з іх – вайна, эвакуацыя, вяртанне. Усё тое, што перажылі дзеці вайны, асабліва ён, сын палка. Лідзія Кірылаўна і Уладзімір Яфімавіч Лісоўскія – сямейная пара з Магілёва. Ён – ветэран Узброеных Сіл СССР, яна – былы педагог. Разам вось ужо 64 гады. Узнагароджаны медалём Фонду сацыяльна-культурных ініцыятыў Расіі «За любоў і вернасць».
Гэтыя гісторыі (іх можна працягваць і працягваць!..) мы ўзгадалі сёння, 14 лютага, у так званы Дзень усіх закаханых. Не ведаю як у вас, у мяне ўсе гэтыя гіперэмоцыі, шмат нейкага недарэчнага шуму наконт нібыта свята выклікаюць нават непаразуменне. Лічу, яно штучнае. Не буду доўга разважаць, скажу коратка – каханне любіць цішыню! І як заўважыла перад гэтым эфірам адна маладая асоба, каханне – гэта павага, давер і вялікая адказнасць паміж Ім і Ёю. А яшчэ гэта шчаслівы стан душы, калі, здаецца, увесь свет радуецца разам з табой. ЦІХА радуецца.
«Ты пакліч мяне. Пазаві.