Як ні дзіўна, я люблю лістапад! За яго суцішаную і задуменную разважлівасць, за нечаканасць сонечных промняў, якія раптам сарамліва і нясмела вызірнуць з-пад аблокаў. За ні з чым непараўнаную і чароўную «музыку» абсыпаючай долу лістоты!.. За асалоду гэтак жа ціха і няспешна прайсціся па сцяжынках восені.
А яшчэ лістапад вызначаецца шэрагам адметных дат народнага календара. І, вядома ж, гістарычнай падзеяй, якая адбылася 7 лістапада 1917 года. У часы існавання СССР яе адзначалі масавымі ўрачыстымі мерапрыемствамі. Цяпер пра гэтую старонку нашай агульнай гісторыі нагадвае чырвоны лісток календара ды настальгічныя ўспаміны пра юнацтва і маладосць людзей больш сталага веку.
Узгадваю ліст ад Вольгі Іванаўны з Мінска. Прозвішча не пазначана.
«Да 1939-га года жылі мы ў Заходняй Беларусі. У майго дзядулі былі чатыры сыны, мой тата – старэйшы. Не ведаю, хто параіў і як так здарылася, але паехаў дзядуля ў Амерыку шукаць лепшай долі. Вярнуўся, пабудаваў дом, купіў невялікі кавалак зямлі і... зноў паехаў. Каля 10 гадоў правёў на чужыне...» І далей аўтар ліста распавядае пра гісторыю сям’і, любоў і адданасць яе родных і блізкіх зямлі, пра тое, як у 1948 годзе продкі ўступілі ў калгас. «Часам у думках вяртаюся ў мінулае. Лепшымі для мяне былі 70–80-я гады цяпер ужо мінулага стагоддзя: тады я скончыла палітэхнікум, працавала, вырасла да інжынера, – зазначае Вольга Іванаўна, – дзень 7 лістапада лічу сапраўдным святам, заўсёды адзначаю. Ці ж можна перапісваць гісторыю?..»
Перад гэтым эфірам я размаўляла з настаўніцай Ірынай Грышкевіч, аўтарам дасціпнага аповеду, які яна даслала на адрас нашай праграмы. Памятаеце, пра буслоў?!. Гадоў восем таму яна пераехала з Віцебскай вобласці на бабуліну сядзібу і цяпер разам з матуляй жывуць у пасёлку Кастрычніцкі (у самой назве адмеціна гісторыі), непадалёку ад Баранавічаў. Ірына Францаўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў адной са школ. Вельмі любіць вандраваць, таму і вучням прапануе цікавыя экскурсіі і паходы па родным краі. Яны наведалі аграгарадок Арабаўшчына, побач з якім 23 мая 1996 года здзейсніў свой подзвіг лётчык Уладзімір Карват. Ён стаў першым Героем Беларусі. У цэнтры мястэчка ўстаноўлены помнік. Пабывалі і на месцы Калдычэўскага лагера смерці, дзе падчас вайны загінулі больш за 22 тысячы чалавек. І ў сядзібе Адама Міцкевіча. «Вельмі важна вывучаць гісторыю, блізкую і далёкую, не толькі па падручніках. Адчуванне яе подыху праз куточкі і мясціны, якія побач, праз лёсы людзей – гэта захапляе і збліжае. Таксама прапаную вучням скласці сваё радавое дрэва, распытаць у бацькоў, як яны жылі раней, як ладкавалі сваё жыццё ў больш даўнія часы іх бабулі і дзядулі. Зямля нічога не забылася», – дадае Ірына Грышкевіч.
Як вы не раз заўважалі ў лістах, свая гісторыя ёсць у кожнага горада, пасёлка, вёскі. Нават у таго ці іншага будынка.
Калі ў беларускай сталіцы адкрыўся новы будынак ГУМа, то для наведвальнікаў, людзей, якія перажылі вайну, гэта быў не магазін, а сапраўдны музей, храм. Усюды чысціня, паліраванае дрэва, люстэркі, яркае святло. На першым паверсе закаханыя прызначалі спатканні. Наведвальнікам прапаноўвалася недарагая паслуга, успамін пра якую выклікае ў людзей больш сталага веку сентыментальнае пачуццё. На паверхах стаялі аўтаматы, кінуўшы колькі манетак, можна было надушыцца адэкалонам. Набыць цэлы флакон тады многім было не па кішэні, таму студэнты, маладыя рабочыя часцяком забягалі ў ГУМ па такую вось парфуму, і нават, каб прычасацца ля вялікага люстэрка! Пра гэта ды іншае можна прачытаць у кнізе «Мінскі ГУМ: гісторыя і сучаснасць». Хроніка гарадскога жыцця сведчыць і пра тое, што менавіта 5 лістапада 1951 года (роўна 70 гадоў таму) упершыню адчыніліся яго дзверы для пакупнікоў. Узгадваю сустрэчу ў студыі радыёпраграмы «Галерэя» з яго знаным дырэктарам Мікалаем Карачуном. Амаль чвэрць стагоддзя працаваў ён на гэтай пасадзе. І цяпер не развітваецца з ГУМам. «Мы з ім равеснікі, – кажа Мікалай Мікалаевіч, – так што яго гісторыя – гэта і гісторыя майго жыцця. Дарэчы, яшчэ школьнікам бачыў у ГУМе савецкага кіраўніка Мікіту Хрушчова. Штогод у такія лістападаўскія дні ўзгадваецца шмат цікавага з гісторыі горада і ГУМа».
Лістапады!.. У Валожынскім раёне ёсць вёска з такой назвай. Цяпер там каля 30 чалавек, 17 вясковых сядзіб ды яшчэ дачныя. І якое ж было маё здзіўленне, што там жыве самая старэйшая жанчына Беларусі – Марыя Вікенцьеўна Канановіч! Ёй, вы не паверыце, 117 гадоў, у яе пашпарце пазначана дата нараджэння – 27 мая 1904 года! Пра гэтую неверагодную гісторыю мне расказалі ў Гародзькаўскім сельсавеце, у склад якога і ўваходзяць Лістапады.
Так што апошняму месяцу восені варта зрабіць яшчэ не адно прызнанне. Нягледзячы на яго спрадвечны сум, ён па-свойму прыгожы, удумлівы і змястоўны. У ім перакрыжаваліся адметныя гістарычныя даты, святы нашых продкаў, ды дні, напоўненыя роздумамі.
Вы таксама можаце выказаць свае думкі, узгадаць свае гісторыі, звязаныя з лістападам. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.