Поделиться:
«Звычайныя гісторыі. Сакавіцкія веснавыя матывы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 03.03.2022
«Звычайныя гісторыі. Сакавіцкія веснавыя матывы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Хутка 8-е Сакавіка! Як і ў кожнага свята, тут таксама ёсць свая гісторыя. Пра Клару Цэткін і яе сяброўку Розу Люксембург ведаюць, напэўна, усе. Асабліва людзі больш сталага веку. Як і пра тое, што яшчэ ў Старажытным Рыме ў першы дзень вясны ўшаноўвалі жанчын, акружалі іх увагай і клопатамі. Варта заўважыць, што гэты дзень у былым Савецкім Саюзе стаў непрацоўным толькі ў 1966 годзе, «пры Брэжневе». Кажуць, і тут не абышлося без жанчыны, якая своечасова «падказала» кіраўніку дзяржавы.

Але ж да вашых лістоў.

«Памятаю, як калісьці мы віншавалі з сакавіцкім святам нашых матуль, бабуль, настаўніц. Усё было проста і сціпла. Загадзя ставілі ў ваду галінкі вярбы, каб на іх з’явіліся пушыстыя камячкі і лісцейка. Атрымліваліся прыгожыя і мілыя букецікі, – дзеліцца з намі Галіна Сцяпанаўна Крупянкова з Мінска. – У мясцовым клубе ладзіліся святочныя канцэрты. Мы, школьнікі, таксама ўдзельнічалі. Шылі для выступлення нават аднолькавыя сукенкі».

«Прадвесне, абуджэнне прыроды – гэта ж такая нявыказная радасць! – заўважае Лілія Радзівонаўна Зарэцкая з Пастаўскага раёна. – Хутка зацвітуць «на вокнах» мае вазоны. Іх у мяне, напэўна, каля 30. І геранькі, канешне ж, ёсць». І далей пра тое, што яна здаўна любіць кветкі. Аздабляе імі свае вышыванкі. Палюбіла з тых пасляваенных часоў, калі людзі стараліся, як маглі, упрыгожыць сваё жытло. І жыццё.

Перад гэтым эфірам я размаўляла з жыхаркай горада Стоўбцы Верай Бярнардаўнай Кожыч. Ветэран працы, на працягу чатырох дзесяцігоддзяў яна працавала на пошце. Скончыла тэхнікум сувязі. Была, як яна кажа, і «радавым паштальёнам», і начальнікам аддзялення. Вера Бернардаўна прыгадала, як у 60–70-х гадах цяпер ужо мінулага стагоддзя напярэдадні сакавіцкага свята прыходзіла па 10 мяхоў (так і сказала!) пісьмаў і паштовак-віншаванняў. Гэта быў залаты век ліставання. Вера Бярнардаўна гаварлівая і добразычлівая жанчына. Пачула столькі цікавых гісторый! Пра Стаўбцоўшчыну і мілыя сэрцу куточкі, пра нашага славутага песняра Якуба Коласа. Якраз у сакавіку 1956 года ён дабіраўся на сваю радзіму, у Акіньчыцы. Ужо тады не надта добра сябе адчуваў. У жніўні таго ж года яго не стала. Супрацоўнікі пошты дапамаглі свайму знакамітаму земляку данесці рэчы. Як расказала Вера Бярнардаўна, ён нёс і дыванок, зроблены рукамі яго маці. «Напярэдадні сакавіцкага свята мы, жанчыны, марым пра падарункі. Што вам хацелася б атрымаць?..» – пытаюся ў 86-гадовай суразмоўцы. Вера Бярнардаўна, ні на хвіліну не задумваючыся, кажа: «Я хачу і мару, каб на нашай зямлі быў мір, і побач з намі, і на ўсёй планеце! Я люблю сваю Беларусь, ганаруся ёю, і жадаю ўсім людзям здароўя, цішыні і спакою!» Што тут скажаш, гэта і ёсць самыя дарагія, ні з чым не параўнальныя падарункі.

Мінула нямала гадоў, а я і дагэтуль памятаю гісторыю, прасякнутую сакавіцкімі матывамі, дзе, здаецца ўсё: вясна, каханне, шчырыя адносіны. Гэта пра такіх кажуць – «дзве палавінкі аднаго вялікага жыцця». Таму і сёння ўзгадваю гэты ліст – ад Веры Рудзянковай з аграгарадка Красная Буда Крычаўскага раёна. Вера Васільеўна, калі Вы нас чуеце, адгукніцеся, мы даўно з вамі не ліставаліся. А гісторыя такая. Прыехала яна на працу па размеркаванні ў лясніцтва, у вёску Засінцы Ельскага раёна. «Удзень занятая ў лесе, а вечарам, бывала, сумна, хоць плач. Аднойчы дачка маёй гаспадыні прапанавала пайсці ў вясковы клуб, на танцы». І далей пра тое, што там яны і ўбачыліся, пазнаёміліся. Саша працаваў настаўнікам у мясцовай школе. Пазней пабраліся шлюбам. Пражылі разам 56 гадоў, да таго часу, як яго не стала. Вера Васільеўна прыгадала і сваю дзявочую сукенку, у клетачку, з моднымі тады рукавамі-ліхтарыкамі ды прыгожымі тасёмкамі. Мабыць, яна таксама спадабалася яе будучаму мужу. Праз гады ён купіў і прывёз ёй ў падарунак якраз такую ж тканіну ў дробненькую клетачку, каб яна змагла пашыць сукенку. Як напамінак пра іх першую сустрэчу, каханне і маладосць.

А колькі такіх гісторый! Цёплых і шчырых успамінаў. Пра каханне. Шчаслівае, а часам і не вельмі. І тыя непаразуменні, якія часам перашкаджалі ёй і яму быць разам. Толькі праз гады пачынаеш разумець, што ўсё магло б быць інакш. Як і ў гісторыі ад нашай слухачкі з Пінска. Мы пра яе неяк узгадвалі. Ён і яна раслі ў адной вёсцы. Пакахалі адно аднаго. «Я праводзіла яго ў армію. Мы перапісваліся. Але ж усё абарвалася раптоўна і без усякіх тлумачэнняў. Аказалася, што яго родныя адгаварылі і не дазволілі яму падтрымліваць нашы адносіны», – радкі з гэтага ліста. І далей пра тое, што яшчэ доўга не сціхаў боль, але ж што зробіш, жыццё, як кажуць, працягвалася. Яна выйшла замуж. У яе цудоўныя дзеці, унукі. Але ж калі-нікалі яна перачытвае тыя салдацкія пісьмы ад свайго каханага, і ў думках вяртаецца ў тыя цяпер ужо далёкія гады. Чаму ж так здарылася?.. Чаму ж ён не заступіўся за сваё каханне?

Мяркую, і ў вас ёсць такія гісторыі. Пра незабыўныя сустрэчы ў далёкай маладосці і каханне, пра тое, як важна берагчы і захоўваць сапраўднае пачуццё, каб потым ніколі пра гэта не шкадаваць. Буду ўдзячная, калі вы падзеліцеся з намі сваімі гісторыямі. А таксама сакавіцкімі матывамі і сюжэтамі.

Дасылайце, калі ласка, на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: