
Адпаведны праект рэалізуецца ў рамках праграмы развіцця ААН. Першымі крокамі сталі правядзенне раённага фестывалю і пачатак вывучэння мясцовай культурнай спадчыны. Пра іншыя планы даведалася наш карэспандэнт.
Адраджэнне ткацтва пачалі з масавай акцыі. Больш як 10 вераснёўскіх дзён па дарогах Буда-Кашалёўскага раёна праходзіў Кросны шлях – унікальная магчымасць далучыцца да традыцый продкаў. На адзін дзень у мясцовыя вёскі прывозілі ткацкі станок, на якім кожны жадаючы мог унесці свой уклад у выраб вялікага агульнага ручніка. Цяпер ён будзе захоўвацца ў цэнтры ткацтва, адкрыць які плануецца ў гэтым годзе, расказаў старшыня Гусявіцкага сельскага Савета дэпутатаў
Арцём Грышай.
Цэнтр ткацтва размесціцца ў будынку дома культуры вёскі Гусявіца. Яшчэ ў чатырох вёсках раёна будуць яго філіялы. Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ў рамках праграмы развіцця ААН. У планах таксама адкрыццё майстэрні і метадычнага кабінета. Акрамя непасрэдна адраджэння некалі распаўсюджанага занятку, у цэнтры плануюць сур’ёзна вывучаць традыцыі мясцовага ткацтва з наступным апублікаваннем навуковай работы. Праз некалькі год ручнікі павінны стаць брэндам не толькі Гусявіц, але і ўсяго Буда-Кашалёўскага раёна, лічыць дырэктар Гусявіцкага сельскага Дома культуры
Віталь Карпінскі.
Навой, берда, батан, прытужальнік. Гэтыя дэталі ткацкага станка пакуль вядомыя ў асноўным толькі спецыялістам і рамеснікам. На другім фестывалі ручнікоў пра іх не толькі раскажуць усім гасцям, але і правядуць майстар-класы. Хоць толькі адным фестывальным днём асветніцкая дзейнасць не абмяжуецца. Калі ўсё атрымаецца, у цэнтры ткацтва створаць яшчэ і музейны пакой, а Гусявіцы ўключаць у турыстычныя маршруты.
Алеся Пярова, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць.