Поделиться:
Афіша «Тэатра Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» Івана Мележа з 2 па 8.02.2026
2 февраля 2026
Афіша «Тэатра Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» Івана Мележа з 2 па 8.02.2026

На працягу тыдня з 2 па 8 лютага ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа да 105-годдзя з дня нараджэння.

У гісторыю беларускай літаратуры Іван Мележ увайшоў найперш як аўтар знакамітай «Палескай хронікі», якую складаюць тры раманы «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Праблема «чалавек і зямля», а таксама гісторыя вялікага кахання – у цэнтры «Палескай хронікі». Уражвае маштаб пісьменніцкага погляду на свет, уменне перадаць шматгалоссе жыцця, сканцэнтраваць ўвагу на розных па сваёй сутнасці героях. Нездарма крытыка падкрэслівае, што галоўны герой хронікі – народ.

Да стварэння «Палескай хронікі», якая лічыцца вяршыняй творчасці пісьменніка, быў напісаны раман «Мінскі напрамак» – адзін з буйнейшых твораў пра Вялікую Айчынную вайну, а таксама апавяданні, аповесці, п’есы, артыкулы.

Дарэчы, першыя свае апавяданні Іван Мележ паказаў Кузьму Чорнаму, і выдатны майстар беларускай прозы адразу вызначыў талент маладога аўтара, падкрэсліўшы яго здольнасць да псіхалагічнага аналізу.

На гэтым, «Юбілейным тыдні» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце наступныя радыёпастаноўкі:

2-3 лютага – радыёспектакль «Людзі на балоце» паводле аднайменнага рамана;

4-5 лютага – радыёспектакль «Подых навальніцы» паводле аднайменнага рамана;

5 лютага – інсцэніраванае апавяданне «У завіруху»;

6 лютага – радыёспектакль «Адна» паводле аднайменнага апавядання;

7-8 лютага – радыёспектакль «Пакуль вы маладыя».

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: