На працягу тыдня з 3 па 9 красавіка ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра РАГАЎЦОВА да 80-годдзя з дня нараджэння.
Уладзімір Мітрафанавіч Рагаўцоў пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ўжо больш за паўстагоддзя працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. За гэты час сыграны дзясяткі цудоўных роляў, як драматычных так і характарных паводле класічных і сучасных твораў беларускіх і замежных аўтараў. Лепшыя яго ролі ў нацыянальным рэпертуары: Раман – “І змоўклі птушкі” Шамякіна, Сцяпан –“Людзі на балоце” Мележа, Скарына – “Напісанае застаецца” Петрашкевіча, Ваявода – “Князь Вітаўт” Дударава ды іншыя. Шчырасць і эмацыянальнасць, псіхалагічная заглыбленасць і яркая акрэсленасць знешняга малюнка ролі адрознівае творчасць Уладзіміра Рагаўцова.
А яшчэ Уладзімір Мітрафанавіч – з кагорты тых тэатральных акцёраў, хто мае багатую радыйную біяграфію. Ён сыграў дзясяткі самых рознапланавых роляў у радыёспектаклях, выканаў шмат мастацкіх празаічных твораў, яркіх паэтычных кампазіцый.
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць радыёспектаклі і пастаноўкі з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рагаўцова:
3 красавіка – радыёспектакль «Я буду чакаць» паводле аповесці пісьменніцы Алены Васілевіч «У прасторах жыцця»;
4 красавіка – радыёпастаноўка «Ці правы Дон Кіхот» паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі «Бульба»;
5 красавіка – інсцэніраваныя старонкі рамана рускага класіка Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта»;
6-7 красавіка – радыёспектакль «Паром на бурнай рацэ» паводле пралога рамана Уладзіміра Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі»;
8-9 красавіка – радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Напісанае застаецца» па аднайменнай п’есе драматурга Алеся Петрашкевіча.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).