«Усе мы жывём у свой час, і дрэнны ён ці добры – для нас іншага не будзе. І мы павінны выканаць наша, як бы сказалі даўней, «божае наканаванне» – пакінуць пасля сябе сведчанне пра гэты час. Нягледзячы на ўсё, мы павінны працаваць штодня і штоночы, летам і зімой – кожны год з адпушчаных нам у жыцці... Мы можам тое, што умеем: пісаць...» – так выказаўся адносна лёсавай наканаванасці мастака слова народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Гэта думка цалкам стасуецца і з творчым лёсам героя нашага сённяшнега эфіру.
«Мастак і час. Да 80-годдзя кінарэжысёра, лаўрэата шматлікіх прэмій, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара».
Госці студыі – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра Валерый Анісенка, заслужаны артыст Беларусі, пісьменнік Андрэй Душачкін, рэжысёр Беларускага радыё, дачка Міхаіла Мікалаевіча Ліка Пташук.
«Творчы вечар» у эфіры – 19 кастрычніка ў 21.05.