З героем сённяшняй праграмы як ні з кім іншым можна было дыскутаваць і гутарыць пра літаратуру, асабліва – яе гістарычны аспект. Пра яго дасведчанасць хадзілі легенды, а даследчыцкі аўтарытэт дзесяцігоддзямі быў непахісны. Бог шчодра надзяліў яго не толькі талентам, але і доўгай жыццёвай дарогай. У сёлетнім жніўні яму споўнілася б 90 гадоў! Але на пачатку студзеня Адама Іосіфавіча Мальдзіса не стала. Пра такіх людзей справядліва кажуць, што разам з імі сыходзіць эпоха. Знаны даследчык гісторыі беларускай культуры і літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратуразнаўца і пісьменнік, які, дзякуючы свайму падзвіжніцкаму характару і настойлівасці, зрабіў вельмі шмат.
Эфір «Творчага вечара» прысвечаны светлай памяці Адама Іосіфавіча Мальдзіса. Прагучаць фрагменты гутарак з ім, якія былі запісаны для праграм “Крылы” і “Нам засталася спадчына” ў 2001-м і 2009-м гадах. Цяпер яны захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё.
Пачнём 13 студзеня ў 21.05.