Мастацкі твор ёсць люстрам і творчага досведу пісьменніка, і яго жыццёвых памкненняў. А яшчэ той боскай міласцю, якою лёс не абыйшоў творцу. Сам творчы працэс можна разглядаць як пражыванне падзей і з’яў, досыць займальнае, а часам інтрыгуючае. Хаця пісьменнікі не любяць такіх вызначэнняў і напісанне твора лічаць найперш працай, якую патлумачыць можна па-рознаму, але якая патрабуе высокай самааддачы.
«Святы і будні паэта» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара». Госць студыі – намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя», лаўрэат розных літаратурных прэмій паэт Віктар Шніп.
Пачнём са свята. Праз тыдзень – 100-гадовы юбілей Беларускага радыё, якое заўсёды ішло насустрач творчым людзям. Як складваліся стасункі нашага госця з радыё, як паўплывала яно на яго пісьменніцкі лёс?..
«Творчы вечар» у эфіры – 6 лістапада ў 21.05.