«Чым большую глыбіню адкрывае ў сабе чалавек, тым больш у ёй не агульнага, а свайго, якое становіцца сваім і для іншых. Гэта ўласцівасць – і ў гэтым асаблівасць – творчасці». Паводле працытаванай думкі паэта Алеся Разанава, можна гіпербалічна сказаць, што, ствараючы літаратуру, кожны аўтар здзяйсняе тым самым сваё наканаванне, пакідае сябе ў сваіх творах. Разважаючы так, мы найперш згадваем аўтараў мастацкіх твораў. І чым ярчэйшая постаць пісьменніка, тым з большай цікавасцю мы ставімся да яго спадчыны.
Свята, якое адбылося ў першыя выхадныя верасня ў старажытным Гарадку на Віцебшчыне, сабрала ў адзін час і ў адным месцы шмат цікавых творцаў, майстроў беларускага слова. А ўсім гасцям дало магчымасць атрымаць духоўную і эстэтычную асалоду. Ну і яшчэ раз пераканацца ў думцы, наколькі багатая наша зямля сваёй старажытнасцю і кніжнасцю.
«Традыцыі і плён правядзення Дзён беларускага пісьменства» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара». Госць студыі – старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь пісьменнік Міхась Пазнякоў.
Паразважаем не толькі пра свята, але і пра творчасць нашага госця, паслухаем яго вершы ў аўтарскім выкананні.
«Творчы вечар» у эфіры – 7 верасня ў 21.05.