Паводле сцвярджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, «літаратура – гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры – гэта не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць. Працэс літаратурнае творчасці адбываецца і павінен адбывацца не толькі тады, калі пісьменнік садзіцца за стол з пяром у руках. Творчы працэс ідзе ў істоце пісьменніка несупынна і ў часе пісання набывае толькі больш выразныя і інтэнсіўныя формы…».
«Творчыя арбіты талентаў: Максім Танк і Ніл Гілевіч» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара».
Госця студыі -- літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Тамара Нуждзіна.
Гутарка пойдзе пра рэалізацыю талентаў двух народных паэтаў Беларусі, іх творчыя шляхі, светапогляды, што фарміравала эстэтычны густ творцаў і г.д. Прагучаць вершы Максіма Танка і Ніла Гілевіча ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рагаўцова. Запісы з фондаў Беларускага радыё 2012-га і 2016-га гадоў.
«Творчы вечар» у эфіры – 2 лістапада ў 21.05.