
“...Памятаю з далёкага дзяцінства, якое ўражанне на мяне зрабіла навіна пра тое, што ў бліжэйшай ад нас вёсцы праводзяць радыё. Мы тады жылі на хутары. У нашага суседа, яшчэ да перасялення, таксама з’явілася радыё!.. Не ведаю, што за прылады ў яго былі, але ж праз навушнікі можна было слухаць. Мае бацькі зачасцілі да яго на вячоркі. Па чарзе слухалі навіны, музыку, радыёперадачы. Пасля доўга абмяркоўвалі пачутае. Часам спрачаліся. Нам, дзецям, рэдка ўдавалася завалодаць тымі “слухаўкамі”. А калі ўсё ж шанцавала, то гэта былі вельмі шчаслівыя імгненні!
Мой хросны працаваў на чыгунцы. Жыў ад нас за 3-4 кіламетры. Штогод мы з сястрой хадзілі да яго ў госці, каб павіншаваць з імянінамі. Ішлі з радасцю яшчэ і таму, што ў яго было радыё!.. Я не адрывалася ад маленькай скрыначкі ні на хвіліну! Усё слухала!... І потым, як разумела, расказвала сваім бацькам пра пачутае. Часта мяне палохалі страляніна, пагрозы, лаянка... Як цяпер разумею, гэта былі сцэны са спектакляў. Затое вельмі натхнялі вясёлыя песні і добрыя навіны!
У вёску мы пераехалі у 1961 годзе. І ў нас таксама з’явілася жаданая скрыначка. Вось калі я змагла ўдоваль наслухацца радыё!"