
Каторы год з набліжэннем лістапада я адчуваю ўсё больш настойлівае хваляванне і, нават, лёгкую трывогу. Гэта штосьці падобнае на пачуцці, якія ўзнікалі калісьці перад асабліва важнымі экзаменамі. Больш за тое, у апошнія дні я не магу пазбавіцца ад настойліва пульсуючых радкоў: «И кружил наши головы запах борьбы, со страниц пожелтевших слетая на нас…» Так Высоцкі пісаў пра вялікую сілу літаратуры, пра яе здольнасць выхоўваць высакародных рамантыкаў, пераносіць нас у іншы свет… Але ж гэтай магіяй валодае любы від мастацтва, а музыка – асабліва. Таму пагаджуся з думкай – чым раней чалавек з ёй знаёміцца і пачынае сябраваць, тым багацейшай становіцца яго душа. Зусім хутка Вялікая студыя Дома радыё напоўніцца музыкай дзіцячых сэрцаў, звонкімі галасамі, хваляваннем, трапятаннем, а яшчэ праславутым водарам барацьбы, які суправаджае ўсе, у тым ліку і творчыя спаборніцтвы.
У лістападзе пройдзе VI Рэспубліканскі творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі». Але ўжо зараз мяне казыча думка – што на гэты раз мы пачуем, ці будуць якія-небудзь адкрыцці, хто здолее здзівіць, ці з’явіцца ў нас шанс убачыць і адчуць сапраўдны талент?.. Лічыцца, што неталенавітых людзей няма. Напэўна, гэта сапраўды так, але, пагадзіцеся, не кожнаму дадзена знайсці сферу прымянення і раскрыцця свайго таленту. Назіраючы за тымі ж музычнымі конкурсамі, разумееш, што адораных людзей многа, але толькі некаторыя валодаюць той няўлоўнай энергіяй, якая здольна ўзарваць пачуцці. Таму кожны раз, калі я знаёмлюся з нашымі канкурсантамі альбо працую ў журы іншых конкурсаў, я з нецярпеннем чакаю – калі? Калі ж мне захочацца ўсклікнуць: «Талант – единственная новость, которая всегда нова?»
Дарэчы, у мінулыя выхадныя лёс мне падарыў такі шанс. Я атрымала магчымасць назіраць за нараджэннем новага творчага праекта – міжнароднага конкурсу мастацтваў «Хрустальны васілёк». Звычайна ад усяго новага мы чакаем чагосьці асаблівага, але, пагадзіцеся, у наш час шырокіх і разнастайных магчымасцей скаладана чымсьці здзівіць. Таму для мяне адметнасцю конкурсу стаў яго змест, дзе яркім праменьчыкам бліснула выступленне сямігадовай дзяўчынкі, якой, насамрэч, атрымалася здзівіць і журы, і слухачоў не толькі па-даросламу прафесійным выкананнем, яркай эмацыянальнасцю, але і неверагоднай унутранай сілай і байцоўскімі якасцямі. Усё гэта вянчала шчырасць, з якой юная спявачка выказвала тое, што нараджалася ў яе душы. Калі сустракаешся з такімі дзецьмі становіцца нават неяк няёмка. А што будзе далей?.. Што яшчэ можна чакаць? Што трэба рабіць бацькам і як працаваць педагогам, каб гэты праменьчык не згас, а развіўся ў полымя? На мой погляд, такія адкрыцці і ёсць галоўны поспех любога творчага праекта. А яшчэ я чарговы раз пераканалася ў тым, што конкурсаў многа не бывае. Практычна кожны тыдзень, асабліва восенню, у Мінску праходзяць нейкія творчыя спаборніцтвы і заўсёды ўражвае колькасць ахвотных у іх удзельнічаць. Гэта цудоўна! Мне здаецца, дзякуючы такім праектам людзі адкрываюць хараство не толькі ў сваіх дзецях, але і ў саміх сабе. А паколькі творчасць усё ж такі стваральны працэс, сваім імкненнем дзяліцца прыгажосцю яны насамрэч, робяць свет лепшым! Але, варта прызнаць, што розныя творчыя праекты дораць не толькі адчуванне свята, але і агаляюць праблемы. Напрыклад, адна юная асоба, якая прыйшла на конкурс «Хрустальны васілёк» падтрымаць сяброўку на пытанне, хто ж ёй з удзельнікаў спадабаўся больш ці проста асабліва запомніўся адказала: «Дык яны ж усе аднолькавыя!»
Што ж, дзяўчынка, не ўсведамляючы таго, закранула важнае пытанне. Па-першае, што талент – гэта, насамрэч, штучны тавар! Па-другое, за выступленнямі большасці ўдзельнікаў прычым на ўсіх конкурсах, дзе мне даводзіцца бываць, часта ўгадваецца імкненне пераймаць кагосьці з так званых зорак, часцей за ўсё замежных. Слухаючы, напрыклад, чарговую версію кампазіцыі «Je t'aime» у выкананні дзесяцігадовай, а здараецца і шасцігадовай дзяўчынкі, уяўляеш яе маці, якая спрабуе стварыць са сваёй дачушкі маленькую Лару Фабіян толькі таму, што гэта яе любімая спявачка альбо проста спрабуе даць выхад сваім нерэалізаваным амбіцыям. Усё гэта часцей за ўсё выклікае здзіўленне, усмешку. А самае галоўнае – шкадаванне, бо гэта далёка не адзіны прыклад. Мне думаецца, дзіця павінна заставацца дзіцём. Спяваць пра тое, што яму блізка, што разумее і канешне ж, ні ў якім разе не капіраваць дарослыя жэсты, якія выглядаюць абсалютна недарэчна.
А яшчэ на разнастайных конкурсах мяне здзіўляе колькасць замежнага рэпертуару, асабліва англамоўнага. Так, я разумею, што ў асноўным, гэта якасны рэпертуар. Яго неабходна слухаць, спрабаваць паўтараць, на ім трэба вучыцца, але публічнае выступленне – асаблівы выпадак. На мой погляд, немагчыма ўсур’ёз успрымаць сусветныя хіты з вуснаў дзіцяці, тым больш часцей за ўсё на англійскай мове, дзе вымаўленне далёка ад дасканаласці. Пагадзіцеся, як бы ні стараліся юныя артысты, звычайна атрымліваецца штосьці карыкатурнае. Дазволю сабе невялікае параўнанне. Напрыклад, я ўпэўнена, у многіх з нас выклікае лёгкую ўсмешку выкананне на рускай мове ўсё той жа Ларай Фабіян кампазіцыі «Любовь, похожая на сон», якую некалькі выдатна праспявала Ала Пугачова. Нягледзячы на тое, што ў дачыненні да вакалу прычапіцца няма да чаго, адчуваецца, што самой Лары Фабіян крыху дыскамфортна, бо яна нават калі і разумее сэнс песні, усё ж такі не можа да канца пранікнуць у глыбіню эмоцый, якія закладзены ў тэксце. І гэта пацвярджае важнасць яе вялікасці гармоніі і ў музыцы і, наогул, у мастацтве.
Так што, шаноўныя бацькі і паважаныя педагогі, дзеці якіх збіраюцца прыняць удзел у VI Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі» з разуменнем пастаўцеся да таго, што ў намінацыі «Эстрадны вакал» адзін з твораў павінен быць на любой са славянскіх моў, а другая песня – па-ранейшаму на беларускай. Хочацца звярнуць увагу на тое, што мы, беларусы – частка разнастайнай славянскай культуры, таму давайце разам раскрываць найперш яе багацце.